Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гласарый

   Гласарый (лац. glossarium – слоўнік, зборнік слоў, якія патрабуюць тлумачэння) –  у мінулым – слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем. Такія даведнікі ўзніклі яшчэ ў V ст. да н.э. (каментарыі да паэм Гамера і інш.). На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння малазразумелых слоў і дапамогай глос натхнілі да з'яўлення ў канцы XVI ст. гласарыя «Лексисъ съ толкованем словенских мовъ просто», «Лексеконъ в кротце албо речникъ выборных речей к словенщизне закрытыхъ» і інш.
   Адметнасць беларускіх гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, мелі назву «прыточнікі». Так, першы з іх «прыточаны» да «Бібліі» (1581) і змяшчае больш за 700 слоў, другі – да «Біблей малой забранной зъ розныхъ кънигъ» (спіс 1660 г.) – 126 слоў. Гласарыі сталі падмуркам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў;
   У сучаснасці гласарый – слоўнік вузкаспецыялізаваных тэрмінаў у якой-небудзь галіне ведаў з тлумачэннямі, часам перакладам на іншую мову, каментарамі і прыкладамі.