Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анакруза

   Анакруза (ад грэч. anakrusis — адштурхоўванне, ход назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам.
   У сілаба-танічным вершы ў залежнасці ад характару метра бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (ямб, амфібрахій) і двухскладовай (анапест).
   Анакруза у вершы мае вялікае рытмічнае значэнне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых, з другога) аднолькавая, то яны адрозніваюцца па сутнасці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаванне радковых лагаэдаў — двухскладовых і трохскладовых памераў з раўнамерным чаргаваннем анакрузы. Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў з'яўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэнне анакрузаў у трохскладовых метрах — дактылічным, амфібрахічным і анапестычным; памер такіх вершаў вызначаем як трохскладовікі з пераменнай анакрузай. Рэдка, але сустракаюцца ў паэзіі і двухскладовікі з пераменнай анакрузай. Б. Тамашэўскі, праўда, сцвярджаў, што "ніводзін рускі паэт не пісаў вершаў, у якіх ямбы і харэі знаходзяцца ў вольным спалучэнні". Але М. Гаспараў знайшоў такія вершы ў Б. Пастэрнака, У. Лугаўскога, С. Міхалкова і А. Барто. Сустракаюцца яны і ў беларускай паэзіі (напрыклад, у Янкі Купалы, Яуба Коласа).
   Некаторыя даследчыкі тэрмін "анакруза" ўжываюць толькі ў дачыненні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў.