Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхаіл Савіцкі

   Міхаіл Андрэевіч Савіцкі. Выдатны жывапісец, педагог, грамадскі дзеяч. Народны мастак Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, акадэмік, уладальнік шматлікіх медалёў, грамат і дыпломаў. Такі пералік званняў і ўзнагарод уражвае.
   Міхаіл Савіцкі яшчэ пры жыцці стаў прызнаным класікам нацыянальнага мастацтва. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляўся бясспрэчным лідарам на мастацкім алімпе. Яго жыццёвы і творчы шлях непаўторны і ўнікальны па-свойму. Большасць карцін – гэта старонкі нялёгкага асабістага жыцця і адначасова вобраз эпохі, гераічны і драматычны. Яго мастацкія палотны вызначаюць падмурак няпростага жыцця мінулага стагоддзя: ад гадоў Вялікай Айчыннай вайны да дзён сённяшніх.
   Малая радзіма Савіцкага – невялічкая вёсачка ў Талачынскім раёне Віцебшчыны. У роднай вёсцы – яблыневыя сады, заліўныя лугі, хлебныя і льняныя палі. Тут у вялікай сям’і чыгуначніка нарадзіўся будучы мастак. Менавіта ад бацькі Міхаіл атрымаў у спадчыну ўменне працаваць самааддана, творча. Яшчэ ў маленстве спела жаданне стаць мастаком.
   Перад вайной камсамолец Міхаіл Савіцкі быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. У 1942 годзе паранены ў няроўным баі Савіцкі апынуўся ў палоне. Далей – пекла: канцэнтрацыйныя лагеры смерці, штрафныя ізалятары. Вызваленне з палону прыйшло перад самай перамогай. Вязня Міхаіла Савіцкага знайшлі непрытомным, ледзь жывым.
   Насуперак усяму Савіцкі выжыў. Пасля вучобы ў Маскоўскім мастацкім інстытуце Міхаіл Андрэевіч вярнуўся на радзіму. Тут, у Мінску, пачаўся новы этап у яго жыцці – творчым і асабістым. Пасля заканчэння інстытута Міхаіл Андрэевіч працаваў апантана, без выхадных і свят, быццам наганяў гады юнацтва, якія так жорстка ўкрала вайна. Пісаў карціны – жанравыя, бытавыя, спрабаваў пісаць партрэты.
   Адной з першых работ, якая ўвайшла ў цыкл твораў пра барацьбу беларускага народа супраць фашызму, стала карціна "Партызаны". Потым з’явілася знакамітая "Партызанская Мадонна", якая і зараз застаецца візітнай карткай майстра і якая знайшла сваё пастаяннае месца ў Траццякоўскай галерэі. Стары, як само мастацтва, сюжэт тут атрымаў своеасаблівае сімвалічнае тлумачэнне.
   У Міхаіла Савіцкага – свая мадонна. На карціне – тыя, хто ідзе ў невядомасць. Яны могуць загінуць, але іх бессмяротнасць – у гэтым дзіцяці, якому беларуская мадонна дала і захавала жыццё. Савіцкі ў карціне таленавіта ўвасобіў сімвал шматпакутнай і мужнай Беларусі, чысціню духу, мацярынскую любоў і самаахвярнасць.
   60–90-я гады – гэта залаты перыяд у творчасці Міхаіла Савіцкага. Менавіта ў гэты час ён напісаў свае лепшыя жывапісныя творы, сярод якіх шматлікія партрэты філосафаў, літаратараў, вучоных, акцёраў, мастакоў. У творчай спадчыне мастака – вобразы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Францыска Скарыны, Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Высоцкага. Асаблівае месца займаюць жывапісныя работы, прысвечаныя сям’і: партрэты жонкі розных гадоў, бацькі, маці, сына.
   Для Савіцкага вельмі важна было, каб яго творы знайшлі шлях да сэрца гледача, прымусілі яго па-сапраўднаму суперажываць. Каб напісаць карціну, трэба, паводле яго слоў, "спаліць душу". Не шкадуючы сябе, ён яе спальваў. Асабліва тады, калі працаваў над цыклам вялікіх палотнаў "Лічбы на сэрцы". Гэты цыкл з шаснаццаці карцін апавядаў пра тое, што сам аўтар перажыў у гітлераўскім палоне.
   Сёння большая частка вялікай спадчыны творцы знаходзіцца ў старажытным будынку на плошчы Свабоды. Тут экспануецца каля сотні палотнаў мастака, дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі. Міхаіл Савіцкі ўвайшоў у гісторыю Беларусі як выдатны майстар сучаснага мастацтва, чыя творчасць складае таленавітую старонку нацыянальнай культуры.
(490 слоў)

Паводле Б. Крэпака.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНа заводзе

Пераказы, дыктантыМастацтва служэння дабру

Пераказы, дыктантыПераможныя крылы «Нармандыі – Нёман»