Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каляды

   Новы цыкл беларускіх народных свят і абрадаў распачынаюць Каляды. Свята пачынаецца 6 студзеня ўрачыстай вячэрай. Надыходу Каляд людзі чакалі з нецярплівасцю. Імі заканчваўся шасцітыднёвы Піліпаўскі пост, у час якога строга прытрымліваліся шматлікіх абмежаванняў, забараняліся гульні моладзі.
   Да свята актыўна рыхтавалася цэлая сям’я. Старанна прыбіралі ў хаце, каб усё было чыстае і свежае. Хлопцы-падлеткі развучвалі калядкі, майстравалі зорку. Дзяўчаты рабілі з саломы і каляровай паперы павукоў, ланцужкі, гірлянды і іншыя цацкі, каб імі ўпрыгожыць хату і ялінку. Гатавалі вячэру, якая ў залежнасці ад заможнасці сям’і магла быць з некалькіх страў. Вячэра пачыналася са з’яўленнем на небе першай зоркі. Гаспадар прыносіў дахаты жытні снапок з зярністымі каласамі і ахапак пахучага сена. Уваходзячы ў хату, ён вітаў прысутных: «Здаровы будзьце з Калядою!» Гаспадыня кланялася жытняму снапку, запрашаючы: «Каляда, заходзь за наш стол!» Пасля гэтага ставілі снапок у куце пад абразамі, а пры ім сена.
   На сене гаспадыня ставіла гаршчок з куццёю. Сенам таксама ўсцілалі святочны стол, а потым накрывалі спецыяльным абрусам. Гэта павінна было засцерагчы кароў ад ваўкоў, дапамагала іх вяртанню дадому і на доўгі час рабіла жывёлу малочнай, а таксама спрыяла шчасцю і радасці ў хаце.
   Гаспадар запальваў свечку, садзіўся за стол на куце. Побач з ім садзіліся па старшынстве сыны. На другі бок стала ўсаджваліся гаспадыня з дочкамі. Вячэра пачыналася малітвай, у час якой не забываліся пра продкаў. Гаспадар прасіў, каб паспяшалі яны прыйсці на супольную бяседу-куццю.
   Галоўная святочная страва – куцця – дала назву і ўсёй вячэры, якую таксама ў беларусаў называюць куццёй. Зярнятка ў светапоглядзе беларускіх продкаў валодала дзівоснай уласцівасцю – бясконцасцю жыцця. Куцця – сімвал несмяротнасці. Важна было куццю зварыць удала, бо ад гэтага залежаў добры ўраджай і згода ў сям’і. Куцця варылася з такім разлікам, каб яе ўсю з’елі, бо інакш гэта магло стаць прычынай сямейных ці родавых сварак і боек. Куццю елі ў поўнай цішыні. З-за ўрачыстасці і разнастайнасці страў куццю называлі вялікай, беднай і поснай, бо ўсе стравы гатавалі без выкарыстання жывёльнага тлушчу.
   Шырока бытавалі розныя варыянты варажбы. Гаспадары «сеялі боб» па хаце і па двары, каб хлеб урадзіўся, як боб. Гаспадыні кармілі курэй у абручы, каб яны трымаліся свайго дому, не неслі яек абы-дзе. Дзяўчаты выцягвалі з-пад абруса некалькі сцяблінак сена і па іх даўжыні меркавалі аб будучым ільне: калі сцяблінкі доўгія, то лён будзе высокі, калі ж кароткія – лён не ўродзіць. Хлопцы выцягвалі колас з пастаўленага ў куце снапа і прыглядаліся, які ён: поўны – быць з хлебам, пусты – не будзе шанцаваць у працы. Багаты ўраджай ячменю чакалі ў тых сем’ях, у якіх куцця атрымалася разварыстай.
   На другі дзень Каляд, пад вечар, па сяле пачыналі хадзіць калядоўшчыкі – невялікія групкі моладзі, пераапранутыя ў казу, жорава, кабылу і цыганоў. Добра падрыхтаваўшыся, уся гэта пачэсная кампанія хадзіла ад хаты да хаты, вітала гаспадароў добрым словам, віншавала са святам, жадала шчасця ў новым годзе.
   Каляды – свята даўняе, свой пачатак бярэ ў глыбіні сівых стагоддзяў і прысвечана Сонцу – сіле, якая дае жыццё прыродзе і людзям.
(473 словы)

Паводле I. Крука.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБатлейка – калядны лялечны тэатр

Пераказы, дыктантыНаш касцюм

ККалядка

Артур ВольскіАртур Вольскі - Калядкі

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Калядная вячэра