Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Лупсякоў

Фатаграфія Міколы Лупсякова   Нарадзіўся Мікола (Мікалай Радзівонавіч) Лупсякоў 4 сакавіка 1919 г. у Маскве. У 1921 г. сям’я вярнулася на радзіму – у вёску Папаратнае, што на Жлобіншчыне. З 1932 г. жыла ў вёсцы Вішанькі гэтага ж раёна. Бацька будучага пісьменніка, былы матрос лінкора «Петрапаўлаўск», а пазней ледакола «Таймыр», працаваў тут старшынёй калгаса.
   Пазней у аўтабіяграфіі Мікола Лупсякоў напіша, што ў тыя гады для яго і яго аднагодкаў «найбольшым шчасцем былі выгары, у якіх шмат карасёў, уюноў. Вясною ў выгарах, пад спакойныя водбліскі захаду, стаяў стогн, радасны плач, гул і тлум – гэтак заходзілася ў спевах усё, што жыло там. Мы, падлеткі, да позняй ночы праседжвалі дзе-небудзь ля двара, слухалі канцэрты з выгароў, марылі, расказвалі казкі пра ведзьмаў і мерцвякоў, што ходзяць па начах. Усё гэта захапляла, страшыла. Пасвілі коней, цялят, працавалі ў полі, часта разам чыталі кнігі». Пісьменнік згадвае, што ў 1934 г. яму ў школе за добрую вучобу падаравалі раман М. Шолахава «Узнятая цаліна» на беларускай мове. «Чытаў яе (кнігу), на ўсё забыўшыся. А за вокнамі ляжала зямля, свяціла сакавіцкае сонца, таяў снег, прыемна пахлі ў агародах бульбяныя капцы». Згадвае таксама, як яго яшчэ да гэтага «да слёз, да нямога захаплення зачаравала… кніга Янкі Маўра «У краіне райскай птушкі», якую «чытаў… сярод начы, прыкруціўшы кнот у лямпе».
   Прырода, прыгожая, таямнічая і чароўная, з якою жыў падлетак, якую ўспрымаў усёй сваёй істотай, і літаратура, кніга, мастацкае слова – вось тыя дзве стыхіі, якія ў найбольшай ступені паўплывалі на фарміраванне духоўнага свету яго, абудзілі ў ім моцнае «жаданне самому стаць пісьменнікам».
   Лупсякоў-школьнік пачаў пісаць. Напісанае паслаў у выдавецтва. З выдавецтва адказ быў адмоўны. Адначасова атрымаў ліст з Саюза пісьменнікаў ад Кузьмы Чорнага, у якім выдатны мастак слова пісаў, што ў маладога аўтара «ёсць здольнасці», хоць друкаваць напісанае пакуль што нельга. Даў шэраг канкрэтных заўваг. Пад уражаннем ліста і з улікам канкрэтных заўваг і парад было напісана апавяданне «Нечаканае». Яно спадабалася Кузьму Чорнаму і па яго прапанове было змешчана ў альманаху «Аднагодкі». Адбылося гэта ў 1935 г. Пазней з’явіліся новыя апавяданні, нарысы, літаратурна-крытычныя нататкі. Але па-сапраўднаму творчасць Міколы Лупсякова разгарнулася значна пазней, у пасляваенныя гады. Ужо тады, калі быў набыты значны жыццёвы вопыт, калі ў найсуровейшых выпрабаваннях вайны адбылося сапраўднае духоўнае пасталенне пісьменніка і чалавека.
   У 1935 г. юнак паступіў на рабфак пры Белдзяржуніверсітэце, а праз год на літаратурны факультэт Мінскага педінстытута, які закончыў у 1941 г. З 1941 г. служыў у Чырвонай Арміі. Скончыўшы Смаленскае артылерыйскае вучылішча (1942 г.), удзельнічаў у баях пад Масквой, на Цэнтральным, Варонежскім франтах, на Курскай дузе, пад Харкавам. Тут, у баях пад Харкавам, у сакавіку 1943 г. быў цяжка паранены. Пасля лячэння дэмабілізаваны. Працаваў у газеце «Казахстанская праўда» (1943-1944), у рэдакцыях беларускіх часопісаў «Беларусь» (1944-1945), «Бярозка» (1945–1949).
   З 1941 па 1944 Лупсякоў не піша. Працуючы ў беларускіх выданнях пасля вяртання на вызваленую радзіму, пачынае пісаць. «Цяжкія гады выпрабаванняў не прайшлі дарэмна, – скажа пазней пісьменнік у памянёнай ужо аўтабіяграфіі. – Захацелася выказацца па-сапраўднаму, стала, усур’ёз. У 1944 годзе напісаў і выпусціў у свет першы свой невялікі зборнік «Першая атака», у якім было змешчана некалькі апавяданняў пра вайну. Гэты год быў пачаткам маёй сталай літаратурнай дзейнасці».
   Пачатак быў паспяховы. Зборнік прыхільна сустрэлі чытачы, станоўча ацанілі крытыкі, калегі-пісьменнікі. Малады тады Іван Мележ у рэцэнзіі «Апавяданні пра вайну» («Полымя», 1946, № 5) пісаў: «Яго (Лупсякова) героі прыйшлі ў апавяданні не з літаратуры, а з жыцця. Пісьменнік бачыў, любіў іх у жыцці і шчыра расказаў пра іх у сваіх творах.
   Зборнік «Першая атака» сведчыць пра тое, што ў беларускую літаратуру ўвайшоў здольны празаік». Зазначалася таксама, што ў маладога пісьменніка відаць «добрыя здольнасці да псіхалагічнага аналізу».
   Потым з’явіліся новыя кнігі прозы. Адна, другая, трэцяя… Іх на творчым рахунку Міколы Лупсякова крыху больш за паўтара дзесятка. Створана пісьменнікам не так ужо і мала. Тым больш улічваючы, што пражыў ён няпоўныя пяцьдзесят тры гады.
   Памёр Мікола Лупсякоў 12 лютага 1972 года.

Серафім Андраюк


Крыніца: Андраюк С. «Мікола Лупсякоў». – Мінск: Полымя, 2007. – № 3 (929). – С. 172-173.

Похожие статьи:

Мікола ЛупсякоўМікола Лупсякоў - Мэры Кэт

Мікола ЛупсякоўМікола Лупсякоў - Я чую...

Пераказы, дыктантыНа зыходзе дня

Мікола ЛупсякоўМікола Лупсякоў - Дняпроўская чайка

Пераказы, дыктантыДняпроўская чайка