Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кузьма Чорны

Фатаграфія Кузьмы Чорнага 1900-1944

    Кузьма Чорны (сапраўднае імя Раманоўскі Мікалай Карлавіч, нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Копыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і.
    Каб сын змог наведваць школу, сям'я Раманоўскіх кінула панскую службу і вярнулася на бацькаўшчыну, у мястэчка Цімкавічы (1908).
    Пасля заканчэння Цімкавіцкай народнай навучальні трынаццацігадовы падлетак вымушаны быў дапамагаць сям'і: працаваў на гаспадарцы, разам з бацькам Карлам наймаўся цеслем да землякоў. У хлопца было вялікае жаданне вучыцца далей, гэтае жаданне падтрымлівалі блізкія людзі, асабліва маці, Глікерыя. У 1916 г. Мікалай паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, скончыць якую яму не ўдалося: у 1919г. семінарыя была зачынена польскімі ўладамі. Праца настаўніка не захапіла маладога Раманоўскага – ён жыў іншым, хацеў пісаць, хацеў працягваць вучобу. Мікалай стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1923).
    У гэтым жа годзе газета "Савецкая Беларусь" надрукавала яго першыя апавяданні, падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны.
    Перабраўшыся ў Менск, пісьменнік прымаў самы дзейсны ўдзел у літаратурным жыцці: стаў сябрам аб'яднання "Маладняк" (1923-1926), адным з арганізатараў і кіраўнікоў "Узвышша" (1926-1931), шмат друкаваўся. Адразу два зборнікі прозы – "Апавяданні" і "Срэбра жыцця" – з'явіліся ў 1925 г., тры наступныя – "Па дарозе", "Пачуцці", "Хвоі гавораць" – у 1926 г. Хутка празаік звярнуўся да вялікай эпічнай формы.
    У 1927 г. быў апублікаваны яго першы раман "Сястра", у 1928 – "Зямля". Аповесці "Лявон Бушмар" (1929), "Вясна" (1930), незакончаныя творы "Вецер і пыл" (1927-1929), "ідзі, ідзі" (1930), зборнікі апавяданняў "Вераснёвыя ночы" (1929), "Нянавісць", "Буры" (абодва 1930) сведчылі не толькі пра выключную працавітасць маладога творцы, а і пра перапоўненасць яго ідэямі, тэмамі, вобразамі, што прасіліся на паперу.
    Да пачатку 1930 г. у Кузьмы Чорнага выспела маштабная творчая задума – "паказаць у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа... ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён". Аднак грамадска-палітычная атмасфера гэтага часу была маласпрыяльнай для творчасці. Таталітарная сістэма распачала мэтанакіраванае вынішчэнне ўсяго свядомага, духоўнага, таленавітага. Творчая актыўнасць пісьменніка прыкметна знізілася, былі апублікаваны раманы "Бацькаўшчына" (1931), "Трэцяе пакаленне" (1935), "Трыццаць год" (1934), аповесць "Люба Лук'янская" (1937), зборнік "Брыгадзіравы апавяданні" (1932).
 У кастрычніку 1938 г. Кузьму Чорнага арыштавалі. Аднак яму ў параўнанні з многімі яго сябрамі па "Маладняку" і "Узвышшы" пашчасціла: праз восем месяцаў ён апынуўся на волі. Перажытае і ўбачанае ў турме, хваробы, што абвастрыліся ў час знаходжання за кратамі, не зменшылі жадання працаваць. Тры новыя раманы, аб'ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" згарэлі ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п'еса "Ірынка" (1940).
    Да студзеня 1942 г. Кузьма Чорны быў супрацоўнікам сатырычнай газеты "Раздавім фашысцкую гадзіну" і вандраваў разам з рэдакцыяй па гарадах СССР. Жыццё ў Маскве не прынесла стабільнасці, яно было цяжкім як матэрыяльна, так і маральна. На кавалак хлеба пісьменнік зарабляў працай у рэдакцыі часопіса "Беларусь". "...Я, як чорнарабочы, пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый... А я хаджу спрацаваны, хворы і жыву ў катуху", – скардзіўся Кузьма Чорны П. Панамарэнку, страціўшы надзею што-небудзь змяніць. Супакаенне давала творцу праца над раманамі "Вялікі дзень" (1941-1944), "Пошукі будучыні" (1943), "Млечны Шлях" (1944). Гэтыя вяршынныя з'явы ў творчасці пісьменніка доўгія гады заставаліся ў рукапісах. У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі фельетонаў "Кат у белай манішцы" (1942) і апавяданняў "Вялікае сэрца" (1945).
    У канцы верасня 1944 г. Кузьма Чорны вярнуўся ў Менск. Аднак яго мара пра "ціхі кут і штодзённае спакойнае пісанне" не спраўдзілася і на радзіме. Апошні запіс у "Дзённіку", зроблены 22 лістапада 1944 г., у дзень, калі перастала біцца хворае і знясіленае сэрца пісьменніка: "Я жыву як апошняе пакідзішча... Я гіну і не магу выкарыстаць як трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці... Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што!"

Похожие статьи:

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства

Кузьма ЧорныСацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Насцечка