Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Канстанцін Вераніцын

   Гэтак жа, як і аўтара «Энеіды навыварат», у лона нашай літаратуры вярнуў імя Канстанціна Вераніцына (1834-1904) нястомны даследчык-літаратуразнавец Генадзь Кісялёў, пра што захапляльна і вельмі пераканаўча расказаў ён у сваёй таленавітай кнізе «Пошукі імя», а потым у дапоўненым выданні — «Расшукваецца класік». Там жа падаў ён і асноўныя звесткі з біяграфіі паэта.
   Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын 1 чэрвеня 1834 г. у вёсцы Астраўляны Віцебскага павета. Паходзіў з прыгонных сялян ліберальнага пана Бондырава. Сапраўднае яго прозвішча — Васільеў. Сыну прыгоннага селяніна ўдалося паступіць у Гарадокскае парафіяльнае вучылішча, якое ён скончыў у 1844 г. Праз год Кастусь Васільеў — ці не за свае здольнасці да навук? — атрымлівае вольную, што дае яму магчымасць запісацца на вучобу ў Віцебскую губернскую гімназію. У 1851 г. яго прылучаюць да мяшчан мястэчка Гарадок. У гэты час ён і выбірае сабе новае прозвішча — Вераніцын. У 1852 г., не паспеўшы скончыць гімназію, прагны да вучобы юнак паступае ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, дзе вучыліся, дарэчы, шмат разначынцаў. Праўда, праз два гады ўпартага беларуса выключаюць за нешта з акадэміі. Хлопец вяртаецца ў Беларусь і як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступае ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, адразу на трэці курс. У 1859 г. ён абараняе дысертацыю «Пра беларускую гаспадарку» і атрымлівае званне агранома (кандыдата агранаміі). Потым Канстанцін Вераніцын служыў аканомам у нейкім маёнтку. 3 1863 г. зноў жыве ў Пецярбургу, служыць у розных установах. Праз дзесяць з лішнім гадоў ён вяртаецца на радзіму, дзе ў 1874-1879 гг. працуе выкладчыкам геаграфіі, прыродазнаўства і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У 1880 г. Вераніцын зноў апынуўся ў Пецярбургу, дзе пасяляецца назаўсёды, не забываючы наведвацца ў родную Беларусь. У Пецярбургу служыў чыноўнікам Міністэрства шляхоў зносін. У 1890 г. у чыне стацкага саветніка выходзіць у адстаўку. Як мяркуе Г. Кісялёў, там жа Канстанцін Вераніцын і памёр недзе каля 1904 г.
   Яшчэ нядаўна «ананімная» паэма «Тарас на Парнасе», якая належыць, як вельмі пераканаўча даводзіць Г. Кісялёў, пяру Канстанціна Вераніцына, стала класічным творам беларускай літаратуры. Яна была шырока распаўсюджана ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, часта перапісвалася, хадзіла з рук у рукі па ўсёй Беларусі. У ёй выдатна праявіўся дэмакратызм аўтара, глыбокая павага да свайго беларускага народа. Напісана паэма пяром сапраўднага майстра, з добрым народным гумарам. Вельмі доказна паказаў той жа Г. Кісялёў, што К. Вераніцын з’яўляецца аўтарам і другой, надзвычай цікавай беларускай паэмы «Два д’яблы», знойдзенай зусім нядаўна В. Скалабанам у рукапіснай хрэстаматыі Аляксандра Рыпінскага.

К. Цвірка
 


Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Похожие статьи:

СачыненніВобраз палясоўшчыка Тараса ў паэме "Тарас на Парнасе"

ІншаеКанстанцін Вераніцын - Тарас на Парнасе

ІншаеКанстанцін Вераніцын - Два д’яблы