Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Мрый

Фатаграфія Андрэя Мрыя   1893-1943

   Неардынарная, выбітная творчая асоба Андрэя Мрыя шмат у чым застаецца загадкай для беларускага літаратуразнаўства. Публіцыст, празаік, сатырык, ён пакінуў разнастайную літаратурную спадчыну, якая набыла вызначэнне "вернутая", бо вярнулася з незаслужанага забыцця, з літаратурных спецховаў, выбавілася са стану "напаўзабароны", трывала ўвайшла ў школьныя і вузаўскія праграмы па беларускай літаратуры.
   Пачынаў Андрэй Мрый як сябра літаратурнага згуртавання "Узвышша", што абумовіла ягоную эстэтыку, спецыфіку пабудовы сатырычнага вобраза. "Узвышэнская" эстэтыка шмат у чым абумовіла творчую самарэалізацыю самабытнага мастака, яе накірунак. Разам з тым Андрэй Мрый падзяліў і трагічны лёс большасці "ўзвышэнцаў", прайшоў праз жорсткія душэўныя і фізічныя выпрабаванні, зведаў рэпрэсіі, высылку. Лёс Андрэя Мрыя, нават у супастаўленні з драматычнымі жыццяпісамі іншых "узвышэнцаў", пазначаны надзвычай адметнай трагічнай рысай: ён памёр у 1943 г., у цягніку, пасля дзевяці год зняволення і высылкі, падчас вяртання дахаты са сталінскага лагеру.
   Жыццёвы шлях Мрыя сапраўды не вылучаўся той простасцю, якой часам ганарыліся літаратары з "бездакорным" пралетарскім мінулым. Андрэй Мрый (сапраўднае імя — Андрэй Антонавіч Шашалевіч) нарадзіўся ў вёсцы Палуж Краснапольскага раёна ў 1893 г. у сям'і дробнага службоўца, вучыўся ў духоўнай семінарыі, рыхтаваўся стаць святаром. Але першая сусветная вайна крута памяняла лёс нядаўняга семінарыста. Андрэй Шашалевіч служыць у расійскім войску, спярша простым шарагоўцам, затым прапаршчыкам, а ў 1918 г. запісваецца ў Чырвоную Армію. У 1921 г. вайсковая кар'ера скончылася — будучы пісьменнік дэмабілізаваўся, вярнуўся на радзіму, у Краснаполле.
   Такі пачатак біяграфіі, у якім крытыкі Мрыя бачылі сацыяльныя заганы, а сам пісьменнік — "мінусы", прынёс, аднак, свой плён. Вайсковы досвед не толькі даў штуршок да напісання твора на адпаведную тэму ("Камандзір"), але і абвастрыў сацыяльны зрок мастака, узмацніў у ім відушчасць, праніклівасць у поглядзе на складаныя перапады дабра і ліха ў жыцці. Веды, атрыманыя ў семінарыі, абярнуліся шматлікімі літаратурнымі, гістарычнымі і нават тэалагічнымі алюзіямі ў сталай прозе Мрыя, памножылі багацце яе вобразаў. Адукацыя абумовіла выбар прафесіі — А. Шашалевіч займае пасаду настаўніка Краснапольскай школы другой ступені, дзе з 1921 па 1926 г. вядзе заняткі па французскай мове ды гісторыі.
   У гэтай самай школе настаўнічалі брат Андрэя Васіль Шашалевіч, сёстры Аксіння і Настасся. "Уся сям'я Шашалевічаў была вельмі таленавітая, — згадвае Сяргей Грахоўскі. — ...Шашалевічы стварылі першы ў раёне драматычны тэатр, у школе арганізавалі драматычны і літаратурны гурткі, выдавалі рукапісны часопіс "Пралеска". Сатырычны раздзел у ім вёў Андрэй Шашалевіч... Яны ставілі спектаклі па п'есах Астроўскага, Горкага, Чэхава для школьнай самадзейнасці, пісалі аднаактоўкі, там жа Васіль Антонавіч пачаў пісаць сваю славутую "Апраметную". Васіль Шашалевіч, вядомы беларускі драматург, аўтар шэрагу арыгінальных, смелых па задуме п'ес "Апраметная", "Рой", "Змрок", "Сімфонія гневу", "Воўчыя ночы", падзеліць трагічны лёс брата — будзе асуджаны ў 1936 г. і загіне ў сталінскім ГУЛАГу на два гады раней за Андрэя Мрыя. Андрэй, не менш за брата надзелены артыстычнай, жывой натурай, няўрымслівы, дасціпны, здольны на выдумкі і розыгрышы, абраў, паміж тым, літаратурную кар'еру.
   Літаратурную працу Андрэй Шашалевіч пачаў з напісання замалёвак, абразкоў, невялічкіх апавяданняў і нарысаў ("Тварам да вёскі", "Разбудзілі", "Пятрок", "На кірмашы"), якія пачынаючы з 1924 г. друкуюцца ў газеце "Савецкая Беларусь", часопісе "Наш край" і літаратурным дадатку "Чырвоны сейбіт". Першыя літаратурныя спробы Андрэя Мрыя — своеасаблівы збор жыццёвых здарэнняў, уражанняў, неардынарных сітуацый, незвычайных, часам экстравагантных людскіх характараў. Мрый пакуль што назірае, прыкмячае, занатоўвае, дасціпна і лёгка пераказвае ўбачанае. Якасна мяняецца творчасць Мрыя падчас творчай сувязі з аб'яднаннем "Узвышша" і супрацоўніцтва з аднайменным часопісам.
   Адбылося гэта пасля таго, як у 1926 г. пісьменнік пераехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць інструктарам у Цэнтральным бюро краязнаўства. Якраз у гэты час адбываецца раскол у адной з самых шматлікіх літаратурных арганізацый на Беларусі — у "Маладняку". 3 пісьменніцкага масіву, які налічваў каля пяцісот сябраў, вылучылася невялікая суполка майстроў — Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Адам  Бабарэка, 3мітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, да якіх далучыліся крыху маладзейшыя П. Трус, П. Глебка, В. Шашалевіч, Максім Лужанін, С. Дарожны, Андрэй Мрый, Лукаш Калюга.
Феномен "узвышэнства" значны ўжо адным тым, што аб'яднанне адбылося не паводле арганізацыйна-функцыянальных або палітычных, а паводле творчых прынцыпаў, што мэтай аб'яднання стаўся не "вал", не "масавасць" руху, але якасць творчасці. Пра гэта, хай сабе і ў крыху дэкларацыйнай форме, адназначна было абвешчана ў творчай платформе "Узвышша" (абяцанне стварыць літаратуру, "якую ўбачаць вякі і народы").
   Я. Лецка ў прадмове да сучаснай публікацыі апавяданняў А. Мрыя спрабуе адказаць на пытанне: на якой падставе "ўзвышэнцы", суполка таленавітых і ўжо прызнаных майстроў, прымаюць да сябе зусім яшчэ маладых, фактычна дэбютантаў у літаратуры — Л. Калюгу і Андрэя Мрыя? "...Мабыць, сапраўднага пісьменніка можна адчуць і распазнаць па першых праявах уласнага самабытнага голасу", — рэзюміруе крытык. Выснову патрэбна канкрэтызаваць. Рэч у тым, што ў апавяданнях Андрэя Мрыя, друкаваных на старонках "Узвышша", адчуваецца не адно свежасць і самабытнасць аўтарскай манеры, але і тыя прыкметы "ўзвышэнскай" эстэтыкі, да якіх Мрый прыйшоў уласным шляхам, самастойна. Падчас свайго літаратурнага вучнёўства пісьменнік "перахварэў" на тыя хваробы, якімі суправаджаўся колькасны рост літаратурных сіл на Беларусі. Адна з найбольш распаўсюджаных хвароб — "чыстая", непрыхаваная дыдактыка, асабліва пашыраная ў так званым агітацыйным жанры — "агітвершах", "агітплакатах" , "агітп'есах".
   Андрэй Мрый не імкнуўся да вульгарнага, моднага на той час абсмяяння рэлігіі і святароў, не падзяляў імпэту калегаў-сатырыкаў, якія з запалам заклікалі ўдарыць "качаргой па абразох". У апавяданні Андрэя Мрыя "Рабін" (1929) аб'ектам выкрыцця з'яўляецца не вера, не духоўнае званне галоўнага персанажа, а якраз ягонае бязвер'е, двудушша, бажавольства і распуслівасць. У гэтым творы праглядаецца тая сацыяльная "трухлявіна", якая знаходзіцца ў супярэчнасці не адно да этычнага, але і эстэтычнага ідэалу "ўзвышэнцаў", таго, што хаваўся пад тэзаю "віталізму", жыццёвасці, "аквітызму".
   Шлях ад голага адзінкавага безжыццёвага факту да абагульнення, да разгорнутай сацыяльнай сатыры складваўся для Андрэя Мрыя як узбагачэнне творчага досведу скепсісам і сумненнем, крытычным поглядам на рэчаіснасць, часам і нязгодай з афіцыйнай дактрынай. Яго не вабіла перспектыва тварэння маналітных вобразаў, адназначна станоўчых або адмоўных персанажаў. Як мастака Мрыя цягнула паказваць характары супярэчлівыя, складаныя. У той час як майстроў пяра заклікалі адлюстроўваць адкрытасць і класавыя цноты "простых людзей", Мрый і назву для аднаго са сваіх апавяданняў выбірае палемічную: "Няпросты чалавек". Перад чытачом — неардынарны, амбівалентны персанаж. Селянін Піліп, надзелены надзвычай жвавай, няўрымслівай натурай, у маладосці кінуў вёску, на нядоўгі час яго прываблівае горад з таннымі спакусамі, але і тут Піліп не прыжываецца. 3 аднаго боку — чысты "аквітызм", энергія, якой персанаж перапоўнены "да краёў", з іншага — энергія гэтая выдаткоўваецца бяздумна і бязмэтна, спусташаючы душу. Чалавек "без карэнняў", "прамежкавы" персанаж Піліп — як накід да будучага партрэту Самасуя ў рамане "Запіскі Самсона Самасуя" (1929).
   Ва "ўзвышэнскіх" навелах Андрэя Мрыя функцыі мастацкага смеху перастаюць абмяжоўвацца адно аздабленнем сюжэту. Смех змагаецца з дыдактыкай, пранікае ў табуіраваныя зоны жыцця, надае апавяданню шматмернасць. Адпаведна смех набывае новыя адценні, трансфармуецца ў сарказм, іронію і самаіронію, што асабліва характэрна для апавяданняў, напісаных ад першай асобы. Апавяданне "Камандзір" (1927) пачынаецца з анекдатычнай сітуацыі: у чырвоныя камандзіры выбіваюцца два неадукаваныя местачкоўцы. "А мы, ведаеце, ні бэ, ні мэ! Ні ойча наш, ні багародзіцу. Толькі, праўда, лаянкаю добра крылі". Аднак неўзабаве показка пачынае напаўняцца непадробным драматызмам. 3 тою ж прастадушнай самаіроніяй герой распавядае пра крывавыя рэвалюцыйныя падзеі, і ў ягоным гумары пачынаюць гучаць злавесныя ноткі.
   Новаспечаныя "чырвоныя камандзіры" чыняць забойствы і гвалт у панскім маёнтку, люта здзекуюцца з генерала Уварава і ягонай дачкі. Праўда, вастрыня рэалістычнага апісання крыху здымаецца дыдактычным фіналам, дзе гора-камандзіраў чакае пакаранне: "Скінулі мяне з камандзірства, засадзілі ў турму, судзілі мяне. Суд, пабачыўшы мае маладыя леці, дараваў мне, вярнуў у часць. А там накіравалі мяне на курсы, дзе я зразумеў, які я гад быў і што няправільна разумеў усё. Цяпер мяне ўжо не паддзенеш".
   Аднак самазадаволенасць, смакаванне падрабязнасцей, з якімі герой распавядае пра свае авантуры, прымушаюць засумнявацца ў шчырасці такога прызнання. Мова "камандзіра", у якой абыгрываецца палітычны жаргон, прымітыўная і самапарадыйная, выглядае прадвесцем будучых маналогаў Самасуя, які з гэткім жа самалюбаваннем будзе згадваць уласнае "рэвалюцыйнае мінулае".
   3 кожным новым апавяданнем Андрэю Мрыю ўсё цяжэй даецца тое, што патрабавала ад пісьменства афіцыйная крытыка: палітычная тэндэнцыйнасць, дыдактыка. Адчуваецца, як штораз, прымерваючыся да пазіцыі "я-героя", Мрый прыходзіць да пераканання, што яму як аўтару больш пасуе амплуа скептыка, насмешніка, а не панылага рэзанёра. Але напрыканцы 20-х гадоў, у пярэдадзень "вялікага пералому", такі творчы імпульс не абяцаў пісьменніку нічога добрага. Таму сатырыку давялося шукаць такога героя-апавядальніка, ад імя якога можна было б з насмешкаю сузіраць навакольны свет, але ў выпадку чаго — і самому схавацца за гэтага героя, адкасавацца ад яго, бо "герой" гэты — тып амаральны, цынічны і бессаромны. Гэтак логіка творчага працэсу дый сама рэчаіснасць падводзілі Мрыя да стварэння Самсона Самасуя — "героя" і адначасна "аўтара" слынных "Запісак Самсона Самасуя".
   У сваім шляху — ад абразкоў, замалёвак і навелаў, пазначаных назіральнасцю ды імкненнем зазірнуць у глыб з'яў, у чалавечую душу, да вялікай, маштабнай рэчы — Мрый паўтараў досвед многіх празаікаў і сатырыкаў таго часу. Падобным чынам запачаткоўвалася творчая біяграфія Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, I. Бабеля, М. Булгакава, I. Ільфа і Е. Пятрова, А. Платонава, М. Зошчанкі. 3 Платонавым Мрыя збліжае падабенства некаторых прыёмаў, з дапамогай якіх здабываецца мастацкі смех. Прыём гэты — парадзіраванне або смехавая падсветка мёртвых, казённых бюракратычных сказаў, газетных штампаў, палітычных лозунгаў. У Мрыя гэта яшчэ — рэалізацыя "ўзвышэнскай" тэзы пра "ажыўленне", якое адбываецца на моўным узроўні.
   Аўтар стыкоўвае два несумяшчальныя, здавалася б, моўныя пласты: жывая, гутарковая мова — і палітычны жаргон, мова лозунгаў, палітычных брашур і дырэктываў. Сумяшчаюцца адпаведна і два быційныя пласты: жывое і казённае. Камічны эфект, што дасягнуты пры гэтым, — камізм неадпаведнасці, кантрасту. "Калі гляджу я ў твае вочы, забываюся на прафсаюз", — прызнаецца ў каханні адзін з персанажаў, таварыш Лін. А галоўны персанаж, Самсон Самасуй, распрацоўвае "перспектыўны план" заваявання сэрца дзяўчыны і збіраецца яго выканаць.
   Гэтаксама, як і аўтары "12 крэслаў", "Залатога цяляці". Мрый робіць цэнтральным персанажам прайдзісвета, авантурніка. Але пры гэтым ягоны герой з'яўляецца не толькі аб'ектам, але і суб'ектам, яшчэ — каментатарам сатырычнага дзейства.
   Стваральнік "Запісак..." праявіў яшчэ адну якасць, якую знаходзім у буйных, сусветна прызнаных майстроў сатыры (Арыстафан, Лукіан, Свіфт, Брант, Салтыкоў). Гэтая якасць — пашырэнне аб'екту сатыры, які размыкаецца, утварае свет, адпаведна — універсальнасць мастацкага смеху. Смехам асветлена ўсё: людзі, пачуцці, рэчы, з'явы прыроды. У "Запісках..." аднаасобніцкая кабылка "здзіўлена пазірала на слаба каардынаваныя рухі свайго гаспадара і яго палітычна нявытрыманую тактыку", а калі ідзе дождж, дык дрэвы ў лесе не дапамагаюць "у нашым змаганні з нябесным самагонным апаратам".
   Польскі культуролаг Б. Дзямідак налічваў тры спосабы, якімі таталітарная ўлада абараняецца ад сатыры: цэнзура, дыскрэдытацыя сатыры як жанру, тэндэнцыйнае тлумачэнне творчасці сатырыка. Мрый, апроч гэтых трох спосабаў, зведаў на сабе яшчэ адзін — палітычнае пераследаванне аўтара-сатырыка. Менавіта універсальнасць смеху ў Мрыевым творы ў першую чаргу вызначыла трагедыю сатырыка.
   Ужо тады, калі лёс аўтара "Запісак..." быў перадвызначаны, калі раман спынілі друкаваць, Кандрат Крапіва абвінаваціў Мрыя ў тым, што "аўтар, замест таго, каб накіроўваць гастрыё сатыры на тыя ненармальныя з'явы ў нашай сапраўднасці, якія перашкаджаюць нашаму сацыялістычнаму будаўніцтву, высмейвае працу савецкіх устаноў і арганізацый цалкам і ў гэтым у пэўнай меры салідарызуецца з тымі паклёпамі, якія ўзводзяць на савецкую ўладу ворагі дыктатуры пралетарыяту".
   Можна спрабаваць зразумець пазіцыю Кандрата Крапівы, які пісаў прыведзеныя радкі пасля ўжо першага ўдару па "нацдэмах", сябрах міфічнага "Саюза вызвалення Беларусі", прыдуманага работнікамі НКУС. Ужо былі заарыштаваныя "ўзвышэнцы" Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, А. Бабарэка, Антон Адамовіч, В. Шашалевіч, Уладзімір Жылка. На волі засталіся тыя сябры "Узвышша", якіх Крапіва паспяшаўся назваць "левым крылом", каб хоць гэтак зберагчы іх ад арышту; магчыма, таму ацэнка Крапівой ягонага твору негатыўная, але не катэгарычная.
   Уяўленне пра тое, што сатыра абавязкова павінна мець "гастрыё" і што гэтае гастрыё павінна быць строга накіраванае на ахвяру, абавязвае сатырыка абіраць лакальныя аб'екты смеху; сфера ўздзеяння смеху ў гэтым варыянце — рэзка абмежаваная. Ліха, супраць якога змагаецца смех, выглядае паводле гэтае схемы ў выглядзе ізаляваных выспаў. Аднак жа ўвесь маральны досвед чалавецтва паказвае на тое, што ліха — з'ява не лакальная, што яно шырока распаўсюджанае, разлітае ў сусвеце, прытым існуе ў самых размаітых праявах, часам і ў шчыльным суседстве, нават у сімбіятычных стасунках з дабром. Мастак-сатырык, які спасціг шырыню гэтае праявы, ужо не імкнецца лакалізаваць уздзеянне смеху, але спрабуе ахапіць і высветліць ліхое ва ўсёй шырыні. Найвыбітнейшыя майстры літаратуры тварылі мадэлі універсуму менавіта з дапамогаю смеху, і ў гэтых мадэлях сусветнае ліха паўставала ў грандыёзных, гратэскавых або фантастычных вобразах — апраметнай ("Пекла" Дантэ), звыродлівых пачвараў ("Гарганцюа і Пантагруэль" Рабле), зачараваных ветракоў ("Дон Кіхот" Сервантэса), грымасах чалавечае дурноты ("Карабель дурняў" Бранта). Прадстаўнікі сацыяльнай сатыры (Арыстафан, Свіфт, Салтыкоў) тварылі з дапамогай смеху мадэлі грамадства — ізноў-такі з замахам на шырыню паказу, на панарамнасць. У кожным выпадку смех спараджаў свет часта дэфармаваны, гратэскавы, перакулены.
   Андрэй Мрый абраў менавіта такі шлях смехатворчасці. Гэты шлях пэўным чынам адрозніваецца ад творчых лёсаў іншых беларускіх сатырыкаў 1920-1930-х гадоў, прычым адрозненне не палягае ў роўніцы большай або меншай сацыяльна-крытычнай вастрыні. Прыкладам той жа Кандрат Крапіва ў 1920-я гады — надзвычай востры, смелы і актуальны сатырык, аўтар твораў, надзеленых "дальнябойнасцю" і жывучасцю выкрывальнага смеху. У яго байках "Дэкрэт", "Чорт", "Казёл", "Мандат", у многіх сатырычных вершах выкрываецца нацыянальны нігілізм, самаўладства, засілле савецкай бюракратыі — яны таксама па-свойму папярэджваюць пра небяспеку перараджэння сацыялістычнай ідэі, пра будучую дыктатуру з яе злавеснымі наступствамі.
   Па-свойму выяўлялі апазіцыянізм, нязгоду з непрадуманымі сацыяльнымі эксперыментамі, пратэст супраць навязанага афіцыёзу такія мастакі, як Язэп Пушча ("Лісты да сабакі", "Цень Консула", "Песні Акупацыі"), Уладзімір Дубоўка ("Штурмуйце будучыні аванпосты...", "I пурпуровых ветразей узвівы..."), Т. Клышторны ("Калі асядае муць"). Праўда, сацыяльны крытыцызм у гэтых творах праглядаецца ў зашыфраваным, часам іншасказальным, алегарычным выглядзе, часам у форме "гістарычных пераапрананняў".
   У "крамольных" творах названых майстроў дамінуе двухсэнсоўнасць, недаказанасць. У Крапівы, наадварот, крытыцызм і баявыя якасці сатыры навідавоку, дабро і зло палярызаваныя, відавочна кантрастуюць. Гэтаксама як кантрастуюць станоўчыя і адмоўныя персанажы большасці ягоных камедый.
   У Мрыя няма рэзкай палярызацыі смехавых кантрастаў. У яго няма персанажаў, на якіх смех мог бы спачыць, бо падзел на станоўчых і адмоўных персанажаў у ягоных творах губляе сэнс. Ягоны смех — гратэскавы, абсурдны і універсальны — адпавядае інакшай вобразнай сістэме, мастацкаму свету, які трымаецца на гратэскавасці, дэфармацыях, лагічных змяшчэннях, наўмыснай аберацыі адлюстравання. Такім чынам, сатырык ствараў свой мастацкі свет — Шапялёўку.
   Хацеў таго Мрый ці не, але першыя прыкметы сталінізму, першыя праявы "вялікага пералому" і "абвастрэння класавай барацьбы" знайшлі адлюстраванне ў ягоным рамане "Запіскі Самсона Самасуя" і надалі твору рысы антыўтопіі, з тыповымі для апошняй функцыямі прароцтва і папярэджання.
   Энергія універсальнага смеху тут настолькі моцная, што ёй не ў стане супрацьстаяць ні "аўтацэнзар", ні боязь "вонкавых" цэнзараў. У смехавым рэчышчы падаюцца сталінскія пяцігодкі, кампанія барацьбы з кулацтвам, XV з'езд партыі і сама партыя, куды Самасуй напісаў заяву. Скарыстоўваецца (можа, і ненаўмысна) прыём, ужываны яшчэ аўтарамі "Энеіды навыварат" і "Тараса на Парнасе", — травястацыя, зніжэнне.
   Раман зафіксаваў наступ сталінізму, лагічны і паслядоўны ў сваім алагізме, перадаў тую гатоўнасць, з якой самасуі падтрымлівалі гэты разбуральны працэс. "Запіскі..." змяшчаюць і досыць песімістычную выснову пра неўміручасць, невынішчальнасць такіх сацыяльных тыпаў, як Самасуй.
   Рэальная ж самасуеўшчына ўсім сваім цяжарам абрынулася на лёс ейнага першаадкрывальніка. У 1934 г. Андрэй Мрый быў асуджаны на пяць гадоў лагераў "па справе настаўнікаў Краснапольскага раёна БССР", а ў 1940 г., па новым абвінавачванні ("за ўдзел у антысавецкай арганізацыі"), атрымаў яшчэ пяць гадоў лагераў. У судовай справе Мрыя, у абвінавачваннях, узведзеных супраць яго, цераз край тае бязглуздзіцы, абсурдызму, якія імкнуўся паказаваць аўтар "Запісак..."
   У заключным акце жыццёвай драмы пісьменніка праглядаецца споўненая змрочнай іроніяй акалічнасць: літаратурны герой, па сутнасці, забівае свайго стваральніка. I гэта не ў творы жахаў, не ў сучасным фантастычным трылеры, а ў варунках складанага перапляцення жыццёвых і кніжных рэалій. Неабавязкова адшукаецца канкрэтны чалавек, чыя пыха, амбітнасць, гіпертрафіраванае сябелюбства і імкненне дагадзіць уладам зрабілі ахвярай пісьменніка (гісторыкі, дарэчы, спрабуюць назваць імя рэальных людзей, вінаватых у трагедыі сатырыка). Самасуеўшчына перайшла з літаратуры ў рэальнае жыццё (або была геніяльна прадказаная літаратурай). I яна персаніфікавалася ў ім.
   У зняволенні Андрэй Мрый не губляў ні надзеі, ні іранічнага погляду на жыццё. Ён піша ліст "Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну", які ўяўляе сабой разгорнутую апалогію жыццёвага шляху пісьменніка і ягонага галоўнага твора. Разам з тым у гэтай спробе самаапраўдання раз-пораз пракідаюцца "ерэтычныя", паводле вызначэння самога Мрыя, выпады, якія сведчаць пра ранейшы насмешліва-іранічны погляд пісьменніка на рэчаіснасць. Блюзнерствам, па сутнасці, была сама прапанова Сталіну прачытаць твор, у якім аб'ектыўна выкрываюцца пачварныя праявы сталінізму. Прыхаваная іронія змяшчаецца ў назве напісанага ў зняволенні рамана "Жывы дом" (па аналогіі з "Мёртвым домам" Дастаеўскага), дзе пісьменнік дзяліўся ўражаннямі аб "гулагаўскім" побыце. Рукапіс "Жывога дома" таксама дагэтуль не знойдзены.
   Не перавыдаваліся ажно да 1980-х гадоў і "Запіскі Самсона Самасуя". Але ў 1988 г. твор нарэшце быў апублікаваны ў часопісе "Полымя", пазней выйшаў асобнай кнігай у выдавецтве "Мастацкая літаратура" і ў перакладзе на рускую мову ў Маскве.
   Багацце універсальнага смеху, створанае Андрэем Мрыем, выклікае захапленне. У ім — іронія, самаіронія, парадзіраванне, гратэск, карыкатура, травестацыя, парадокс, камічны алагізм.
   У сучасным літаратурным кантэксце, вядома, не ўсе знаходкі Мрыя-сатырыка ўспрымаюцца як арыгінальныя, асобныя мясціны тэксту выглядаюць архаічнымі, заўважаецца і некаторая аднастайнасць у выкарыстанні аднаго і таго ж прыёму (перадусім, парадзіравання казённых выразаў, бюракратычных формул). Але дыяпазон смехавых сродкаў у Мрыя досыць шырокі, каб кампенсаваць гэтыя страты. Да таго ж ягоны стыль, накірунак творчасці настолькі адметныя, што забяспечваюць яму годнае месца не адно ў кагорце беларускіх сатырыкаў, пачынаючы ад аўтара "Ліста да Абуховіча" і "Прамовы Мялешкі", але і паміж майстрамі нацыянальнай прозы, схільнымі да сацыяльнага крытыцызму, здаровага скепсісу, прагназавання будучыні.


   Васючэнка П.В. Андрэй Мрый // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 657-672.

Похожие статьи:

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Няпросты чалавек

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - 3aпіскі Самсона Самасуя

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Камандзір

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Калектыў Яўмена

Андрэй МрыйАндрэй Мрый - Рабін