Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Павел Шпілеўскі

(1823-1861)

   Нарадзіўся Павел Шпілеўскі ў 1823 г. у вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета, дзе яго бацька служыў праваслаўным святаром. Дзяцінства Паўла прайшло ў павятовым горадзе Ігумене (цяперашнім Чэрвені), куды ў 1825 г. перавялі Міхаіла Шпілеўскага (бацьку), якога прызначылі кіраўніком царкоўнай акругі. Міхаіл Шпілеўскі і для сына вызначыў духоўную кар’еру, таму адправіў яго вучыцца ў Мінскую духоўную семінарыю, а потым — у Пецярбургскую духоўную акадэмію.
   Працоўную дзейнасць Павел Шпілеўскі пачаў выкладчыкам славеснасці Варшаўскага павятовага духоўнага вучылішча, дзе прабыў каля пяці гадоў. У 1853-1855 гг. служыў так званым пакаёвым наглядчыкам у Галоўным педагагічным інстытуце ў Пецярбургу. Па сутнасці ж Шпілеўскі быў там памочнікам прафесара польскай мовы, дзеля вывучэння якой яго там і ўладкавалі. У гэты ж час у інстытуце вучыўся будучы вялікі рускі крытык М. А. Дабралюбаў, з якім Шпілеўскі меў кантакты. Пасля інстытута ён зноў каля года настаўнічаў. Потым аддаўся журналісцкай працы. Памёр даволі рана — у 38 гадоў.
   У літаратуру Паўла Шпілеўскага паклікала любоў да роднай Беларусі з якой даводзілася надоўга разлучацца. Выступаў у рускай перыёдыцы з артыкуламі і нарысамі, дзе хацеў расказаць пра сваю радзіму, пра яе людзей, побыт і традыцыйную культуру беларускага народа, яго фальклор. Сярод іх «Беларускія народныя павер’і» (1846-1852), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскву ў 1600 годзе» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў» (1853), «Мазыршчына (з падарожжа па заходнерускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Захапіўшыся вывучэннем роднай мовы, Шпілеўскі яшчэ ў юнацтве пачаў складаць «Слоўнік і карняслоў беларускай гаворкі», які застаўся ў рукапісе. Але самым значным з напісанага Шпілеўскім трэба назваць яго краязнаўчы нарыс «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», які на працягу 1853-1855 гг. публікаваўся ў прагрэсіўным рускім часопісе «Современник», і шматпланавы твор «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках», што гэтак жа з працягам друкаваўся на старонках другога рускага часопіса «Пантеон» (1853-1854, 1856).
   У сваіх краязнаўчых нарысах і фальклорна-этнаграфічных артыкулах Павел Шпілеўскі праявіў сябе як сапраўдны патрыёт Беларусі, які шчыра любіў яе народ, шанаваў і цаніў культуру і мову беларусаў. Якраз тут найбольш красамоўнае і эмацыянальнае гучанне набывае яго пяро. Вось як, напрыклад, піша ён у сваім «Падарожжы па Палессі і Беларускім краі»: «Па дарозе мне сустракаліся знаёмыя твары і ўборы, чулася родная беларуская мова, якая... шчаслівыя часы!., некалі ў гады маленства і дзяцінства гучала ў вушах маіх...». Не могуць не крануць чытача шматлікія апісанні сустрэч аўтара з роднай зямлёй. Праўда, палітычныя погляды Паўла Шпілеўскага былі, як зазначаюць даследчыкі яго творчасці, у пэўнай ступені «абмежаваныя». Так, паверыўшы рускім шавіністам, ён лічыў услед за імі справядлівым захоп расійскім царызмам беларускіх зямель у канцы XVIII ст., апраўдваў яго палітыку ў Беларусі. I ўсё ж ён усім сэрцам спачуваў беларускаму народу, прызнаваў самабытнасць і прыгажосць яго мовы.
   Пісаў Павел Шпілеўскі і мастацкія творы. Ён аўтар аповесці «Цыганё», п’есы «Дажынкі» (напісанай на аснове «Ідыліі» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча), некалькіх апавяданняў. Але асаблівых мастацкіх адкрыццяў ён не здзейсніў. Часта Павел Шпілеўскі выступаў у друку пад псеўданімамі Драўлянскі, Барон Ікс і інш.
 


Кастусь Цвірка