Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Арцём Вярыга-Дарэўскі

(1816-1884)

   На прыкладзе Арцёма Ігнатавіча Вярыгі-Дарэўскага можна добра ўявіць шлях беларускага мастацкага слова ў XIX ст. Да нас дайшлі выдатныя водгукі на яго беларускія творы, але самі творы, не замацаваныя друкам, не захаваліся, іх, відаць, назаўсёды паглынула бязлітасная Рака Бяспамяці, як і творы іншых беларускіх літаратараў. Зберагліся толькі нязначныя рэшткі.
   Нашчадак старадаўняга беларускага шляхецкага роду Арцём Вярыга-Дарэўскі ўбачыў свет у невялікім мястэчку Кубічы Лепельскага павета Віцебскай губерні. Дзяцінства яго было не з лёгкіх. Ён нават не зведаў матчынай ласкі, бо маці памерла адразу пасля родаў. Бацька, Ігнат Вярыга-Дарэўскі, збяднелы шляхціц, зарабляў хлеб, працуючы службоўцам у Кублічах. Выхоўваўся малы Арцём у сваякоў у фальварку Людвінава паблізу Дзісны. Скончыў Забельскую гімназію (у мястэчку Валынцы цяперашняга Верхнядзвінскага раёна). Служыў чыноўнікам у Віцебску. У 1840 г. займаў пад Віцебскам фальварак Стайкі, дзе, як відаць, працаваў нейкі час на гаспадарцы. Потым зноў пайшоў на чыноўніцкую службу ў той жа Віцебск.
   На хвалі грамадска-палітычнага руху ў пачатку 60-х гадоў XIX ст. праявіў сваю грамадзянскую актыўнасць, выступаючы супраць антынароднай палітыкі царызму. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. быў арыштаваны і зняволены ў Віцебскую турму, а потым сасланы ў Сібір, на катаргу. Адбыўшы яе, ён быў пакінуты на пасяленні ў Іркуцку. У апошнія гады служыў на сібірскіх капальнях золата. Недзе там і памёр.
   Пра накіраванасць творчасці Арцёма Вярыгі-Дарэўскага кажа і яго псеўданім — Беларуская Дуда. Служыць сваім пяром роднай Беларусі, выгаворваць сваёй творчасцю, сваёй «дудой» усе бядоты і памкненні беларускага народа — такую ставіў паэт перад сабой мэту. Прытым, нягледзячы на адсутнасць беларускага друку, усё ж настойліва пісаў на мове свайго народа. «З Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал, — пісаў ён брату Адаму. — Можа, дарэмна на яе трачуся. Што ж рабіць — «Па Хомку шапка».
   На жаль, з пераважнай большасцю твораў папулярнага ў свой час сярод шырокіх грамадскіх колаў беларускага паэта Арцёма Вярыгі-Дарэўскага мы сёння не можам пазнаёміцца. Невядома, на якіх скрыжалях развеялі іх вятры часу. Мы ведаем толькі загалоўкі асобных твораў без сумнення выдатнага беларускага песняра. Гэта паэма «Ахульго» пра змаганне горцаў на чале з легендарным Шамілём за волю сваёй радзімы, драма «Гордасць», камедыі «Хцівасць» і «Грэх 4-ты — гнеў», дарожныя нататкі «Гутаркі з пляндроўкі па зямлі латышскай», верш «Думка хлопца з ваколіц Віцебска на адглос вольнасці» і іншыя творы. Вядома таксама, што Арцём Вярыга-Дарэўскі рабіў пераклады на беларускую мову твораў Адама Міцкевіча. Да нас дайшлі толькі лічаныя паэтычныя творы Беларускай Дуды ды часткова яго публіцыстыка. А яшчэ захаваўся славуты «Альбом Вярыгі-Дарэўскага» — унікальны помнік літаратуры XIX ст. У ім пакінулі свае паэтычныя і празаічныя пажаданні гаспадару альбома такія літаратурныя славутасці, як Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, Эдвард Антоні Адынец, Ігнат Ходзька, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, гісторыкі Адам Кіркор, Мікалай Маліноўскі, Міхал Балінскі і інш. Усе яны шчыра віталі Арцёма Вярыгу-Дарэўскага, падзяляючы яго беларускую ідэю.
   I ў далёкай сібірскай ссылцы Вярыга-Дарэўскі быў верны роднай Беларусі і там не забываў сваё беларускае слова. Нездарма ж таварышы па ссылцы называлі яго Вайдэлотам Беларусі.
 


Кастусь Цвірка