Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Івана Пташнікава

   Іван Пташнікаў зрабіў важкі ўнёсак у беларускую літаратуру і асабліва ў вясковую і ваенную прозу. Раманы Пташнікава малююць вясковае жыццё ў родным аўтару Мсціжскім раёне ў час і пасля Вялікай Айчыннай вайны з новай непрыкрашанай праўдзівасцю і адкрытасцю, неўласцівай да таго беларускай вясковай прозе. Пташнікаў ужывае жывую дыялектную мову, аднак спалучае бязлітасны рэалізм з напеўным стылем, багатым на вобразы, якія надаюць прозе высокую вартасць.
   Іван Пташнікаў нарадзіўся ў вёсцы Задроздзе Лагойскага раёна Мінскай вобласці 7 кастрычніка 1932 г. Пасля заканчэння школы працаваў у плешчаніцкай раённай газеце «Ленінец» і настаўнікам пачатковай школы ў Лонве. У 1957 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ і два гады працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, а пазней, у перыяд з 1958 па 1962 г., – рэдактарам адзела прозы часопіса «Маладосць», пасля чаго перайшоў на тую ж самую пасаду ў «Полымя». Пташнікаў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў у 1959 г. Пісьменнік быў узнагароджаны шэрагам не вельмі значных прэмій і медалём, аднак так і не атрымаў поўнага прызнання, якое заслужыў сваім няўмольным процістаяннем кантралюемай асцярожнасці, уласцівай беларускай савецкай літаратуры.
   Першая аповесць Івана Пташнікава, «Чачык», была напісана ў студэнцкія гады і апублікавана ў 1957-м у «Полымі». Яна не прыцягнула асаблівай увагі ў гэты час, але мела, па меншай меры, адну рысу, уласцівую ўсім іншым ягоным раннім кароткім апавяданням: яно асвятляла праблемы вясковага жыцця, звязаныя з грубым, эгаістычным чалавекам. Праз два гады зборнік аповесцей і апавяданняў, «Зерне падае не на камень» (1959), выявіў цэлы шэраг іншых характэрных рысаў творчасці Пташнікава, якія потым прынеслі яму як ўхвалу, так і крытыку. Многія з гэтых ранніх твораў былі прысвечаны свету дзяцей і юнакоў у цяжкія пасляваенныя гады і іх асабліваму ўспрыняццю жыцця вёскі і яе ваколіц. Добрым прыкладам служыць чароўнае апавяданне «Алені» (1962), у якім дзяўчынка Ірка дапамагае статку аленяў, месца якіх у прыродным свеце падаецца ёй арганічным і неабходным. Пташнікаў дэманструе высокае майстэрства ў перадачы яе бачання свету, яе напаўрэалістычных-напаўфантастычных адносін да прыроды і адначасова малюе больш шырокую карціну. Ірка вельмі хвалюецца і захворвае, калі старога аленя, якому яна часта прыносіла спецыяльны пачастунак, забіваюць на мяса яе бацька ды непрыемны руды селянін Язэп. Апавяданне досыць простае, аднак яно расквечана двухгалоссем, уласцівым Пташнікаву, ягоным выдатным майстэрствам апісанняў і характарыстык і, асабліва ў дадзеным выпадку, спалучэннем несентыментальнага лірызму з рэалізмам, калі, напрыклад, на пачатку твора ўзнікае намёк на будучую «трагедыю»: «Бацька за парася прывёз з базару жыта, казаў – цяпер хопіць на вясну, а там крапіва. [...] На вячэру будуць варыць толькі зацірку». Іншыя даўжэйшыя апавяданні пра дзяцей, такія, як «Алёшка» (1962) і «Бежанка» (1962), дэманструюць такую ж здольнасць аўтара ўзнаўляць падсвядомы, напаўмагічны свет юнакоў не сродкамі пэўных лексічных і сінтаксічных канструкцый, але тэмпам і рытмам апавядання. Пазней некаторыя найбольш спелыя апавяданні Пташнікава былі аб’яднаны ў добра сустрэты чытачамі і крытыкамі зборнік «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), названы паводле аднаго з прыгажэйшых кароткіх апавяданняў.
   Менш удалым атрымаўся досыць змрочны ранні раман «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), які, пасля таго як быў моцна раскрытыкаваны, Пташнікаў паспрабаваў перапісаць. Дзеянне рамана адбываецца ў беларускім калгасе ў сярэдзіне 50-х, у час, калі сельская гаспадарка і праблемы, звязаныя з ёй, нарэшце сталі, у большай ці меншай ступені, прадметам адкрытага абмеркавання. Слабасць твора абумоўлена занадта нягнуткімі статычнымі характарыстыкамі і звышспрошчаным канфліктам паміж станоўчымі персанажамі і іх антыподамі, якія намаляваны часам у трохі іранічнай манеры, абсалютна не ўласцівай гэтаму пісьменніку, да якой, у прынцыпе, ён больш так і не вярнуўся. У «Чакай у далёкіх Грынях», тым не менш, Пташнікаў ужо выказаў сябе як надзвычай тонкі лірык, асабліва ў пейзажных замалёўках і карцінах сельскага жыцця, але ягоным амаль схематычным канфліктам не стае пераканаўчасці. Выпраўленая версія гэтага рамана, бадай, яшчэ менш удалая за першую, паколькі выдае яўныя прыкметы кампрамісу. Такім чынам, можна сказаць, што нягледзячы на тое, што Пташнікаў пазней зарэкамендаваў сябе здольным стваральнікам як апавяданняў і аповесцяў, так і раманаў, усё ж яго найбольш паспяховымі раннімі творамі былі кароткія апавяданні.
   Твор, дзякуючы якому Пташнікаў, без сумнення, увайшоў у шэраг найбуйнейшых беларускіх пісьменнікаў свайго часу, – аповесць «Лонва» (1964). Назовы населеных пунктаў фігуруюць у назвах большасці твораў аўтара, і ніхто іншы так поўна і дакладна не апісаў тапаграфію мясцовага наваколля, як Пташнікаў, і «Лонва» тут не была выключэннем. Дзеянне кнігі адбываецца летам 1946 г. у паўночных беларускіх лясах Мсціжскага раёна і ў лясной вёсцы Лонва і яе ваколіцах. Пяць галоўных персанажаў твора працуюць у лясным запаведніку: Анатоль Завішнюк, які вярнуўся з Алтая ў зруйнаваную вайной Беларусь, каб дапамагчы адрадзіць рэспубліку, дзве студэнткі політэхнічнага, Жэня і Света, грубы і эгаістычны стары калгаснік Андрэй Акцызнік і дванаццацігадовы Юрка Даліна. Іх праца заключаецца ў тым, каб размежаваць зямлю і паставіць межавыя слупы, гаворка аб справе вядзецца ў няспешным тэмпе і суправаджаецца дэтальным апісаннем лесу і ўспамінамі пра нядаўнюю вайну і, у першую чаргу, пра акупацыю і партызанскі рух. Паступова мы пазнаем характары працаўнікоў: некаторыя, як Завішнюк, студэнткі і асабліва дванаццацігадовы хлопчык Юрка, з’яўляюцца станоўчымі персанажамі, тады як безнадзейна эгаістычны і ўпарты Акцызнік і старшыня калгасу Кастэцкі крытыкуюцца за іх недалёкасць і прыстасавальніцтва. Трэба адзначыць, тым не менш, што Пташнікаў пазбег схематызму, надзвычай уласцівага беларускай савецкай літаратуры пачатку 60-х: далей Кастэцкі малюецца не толькі ў чорных фарбах, як на самым пачатку твора. Пісьменнік і крытык Аркадзь Марціновіч адзначаў, што малы Юрка найбольш удалы і самы цэнтральны персанаж гэтай аповесці, яго развіццё адлюстроўвае ідэйны і мастацкі накірунак твора. Пташнікаў прыўнёс у вобраз Юркі такую ж самую пранікнёнасць, якая адрознівала некаторыя ягоныя раннія апавяданні, і стварыў цэласны вобраз хлопчыка, чые раннія гады былі скалечаны вайной, але які, нягледзячы ні на што, глядзіць у будучыню. Ягонае ранняе, абсалютна цнатлівае каханне да Жэні апісваецца вельмі кранаюча, калі хлопчык сарамліва распавядае ёй пра свой ваенны досвед, напрыклад, пра тое, як ён цудоўным чынам пазбег смерці ад нямецкага расстрэльнага аддзялення. Па трагічнай іроніі лёсу ён падарваўся на міне, што засталася з ваенных часоў, міне, якая таксама сур’ёзна параніла Жэню. У яе пазней закахаецца Завішнюк, і ягоная гарачае каханне, здаецца, зародзіцца пасля гэтага жахлівага выпадку.
   Аповесць, якая мае шырокія храналагічныя і псіхалагічныя межы, уласцівыя хутчэй раману, служыць ілюстрацыяй многіх лепшых рысаў прозы Пташнікава. Як заўважаюць многія крытыкі, да гэтых рысаў адносяцца не толькі пераканаўчая натуральнасць, але таксама разнастайнасць падыходаў у стварэнні соцыяпсіхалагічных партрэтаў вяскоўцаў. Цэнтральную ролю ў творы аўтара адыгрывае сам лес, апісаны ў глыбока праўдападобных і красамоўных дэталях. Як і ўсе іншыя значныя працы Пташнікава, «Лонва» мае спецыфічнае ва ўсіх адносінах абрамленне: жывая мясцовая гаворка (часта называемая крытыкамі мовай Плешчаніц) гучыць як з вуснаў аўтара, так і з вуснаў іншых персанажаў аповесці (якія часам пераплятаюцца). Дыялектная мова, аднак, не шкодзіць надзвычай музычнаму стылю апавядання, які часам мяжуе з паэтычнай прозай. I, урэшце, трэба зазначыць, што пры ўсім сваім рэалізме гэтая суровая, але жыццесцвярджальная аповесць адрозніваецца адсутнасцю тыпова савецкіх рысаў: надзвычай рэальныя дачыненні і канфлікты персанажаў маюць адначасова індывідуальны і універсальны характар, але ў цэлым ніяк не звязаны з палітыкай.
   У надзвычай змрочнай аповесці «Тартак» (1968) Пташнікаў адыходзіць ад пасляваеннага перыяду, апісанага ў «Лонве», і звяртаецца да падзей вайны. Пазней, у 1973 г., паводле гэтай аповесці быў зняты тэлевізійны фільм. Спалучыўшы элементы вясковай і ваеннай прозы, гэтая жорсткая аповесць мела штосьці агульнае з суровай непазбежнасцю быкаўскіх твораў. У цэнтры «Тартака», як і многіх творах Пташнікава, заснаванага на рэальных падзеях, знаходзіцца вёска Дальва, схаваная глыбока ў беларускіх лясах, якую партызаны палічылі выдатным сховішчам і зрабілі сваім лагерам. Калі фашысты арганізавалі карную экспедыцыю, партызаны зніклі ў лясах, пакінуўшы вяскоўцаў расплочвацца за «дапамогу партызанам». Сямёра жыхароў вёскі, натуральна, заклапочаныя сваім лёсам і лёсам сваім сем’яў, грузяць тры тоны збожжа на шэсць вазоў і вязуць у суседняе мястэчка Краснае, дзе стаяць мясцовыя нямецкія ўлады, у спадзяванні, што гэты акт можа выратаваць вёску ад знішчэння. Аповесць складаецца пераважна з гісторыі гэтага злашчаснага абозу. Усе яго ўдзельнікі апісваюцца з вялікай тонкасцю: эгаістычны і маладушны Боганчык, адважны Мірон Махорка-Карашкі, стары Янук Тваюмаць і іншыя, у тым ліку і дзевяцігадовы Алёша. Роспач авалодвае імі, калі яны бачаць дым, які ўздымаецца над роднай вёскай і з’яўляецца безумоўным сведчаннем таго, што немцы не стрымалі сваё слова і спалілі вёску разам з яе жыхарамі. Іх уласную смерць прадвяшчае рык, які спачатку яны прымаюць за чалавечы, на самой справе гэта, як аказваецца, крычыць, паміраючы, лось, – эпізод, які ясна выкрывае рознае стаўленне вяскоўцаў да жыцця і адказнасці. Іх спробы дабрацца да Краснага ў рэшце рэшт прыводзіць іх, абсалютна змучаных, да лесапільні. Але тут яны таксама не знаходзяць спакою, бо трапляюць у эпіцэнтр бою паміж немцамі і партызанамі, у ходзе якога яны ўсе, акрамя аднаго, гінуць, і большасць – калі самаахвярна спрабуюць абараніць іншых: Мірон Махорка, які адыгрывае надзвычай вялікую гераічную ролю, памірае з бесклапотнымі словамі на вуснах: «А нам, татарам, усіраўно: ці водка, ці пулямёт... Ліжба з ног ш-шыбала»; эгаістычны Боганчык, з іншага боку, дбае толькі пра ўласную скуру, але падрабязнасці ягонай смерці апісаны ў яркіх натуралістычных дэталях (ён пабачыў свае кішкі побач з сабой на пяску). Адзіны выжыўшы ў гэтай няшчаснай экспедыцыі Алёша пазней вяртаецца ў сваю вёску, дзе знаходзіць адно толькі тлеючы попел і сляды бязлітаснага знішчэння:
   «За соснікам, дзе стаяла вёска, усё было заслана дымам, як і ў кутку на пасецы пад Пагуркам, дзе расло жыта.
   З зямлі ўсюды ішоў клубамі дым, буры і цяжкі, як дзёгаць; яго, здавалася, не браў і вецер. Дым ішоў высака ўгару – уровень з соснікам, бялеў, тады яго гнуў да зямлі вецер і гнаў дарогай ад ям на жыта...
   Алёша ўбачыў, як вецер з дымам гоніць іскры, маленькія, дробныя, што пясок, – падымае ўгару і сыпле тады на зямлю, як сее. Па зямлі ў тым месцы бегаў агонь. Агонь быў белы, як сонца, і ад яго калола ў вочы; здавалася яшчэ, што іскры лятуць усё роўна як з-пад зямлі...
   Запахла гарэлай бульбай і сырой глінай. Зарваў быў вецер, і тады ўсё заслаў дым – нічога не пазнаць...».
   Напрыканцы гэтага незвычайнага твора няма падкрэсленай маралі, прытым што падзеі і героі выглядаюць абсалютна пераканаўча ад пачатку і да самага канца. Падрабязныя апісанні навакольнай прыроды, якія спалучаюцца з глыбокімі характарыстыкамі вяскоўцаў, служаць для запавольвання і ў той жа самы час абагачаюць непазбежны ход падзей, як і шматлікія рэмінісцэнцыі, успаміны і разважанні персанажаў перад тварам новай небяспекі. Вельмі жывая дыялектная мова і арыгінальная вобразнасць (трэск аўтаматнай чаргі параўноўваецца з квохтаннем старой курыцы, альбо са стукам у дзверы далёкага дома, альбо з трэскам спелых сухіх гарохавых струкоў) ствараюць шчыльную, аднак усё ж вельмі прыцягальную тэкстуру аповесці. Сваім «Тартаком» Пташнікаў зрабіў важны і арыгінальны ўнёсак у беларускую ваенную прозу, уклаўшы ў межы невялікай формы сапраўдны драматычны эпас чалавечай мужнасці і трагізму.
   Для большасці чытачоў асноўным дасягненнем пісьменніка з’яўляецца ўсё ж раман «Мсціжы» (1972), які, сапраўды, дэманструе вяршыню творчага майстэрства аўтара. Раман, назвай якога служыць назоў вёскі родных Пташнікаву мясцін, на першы погляд падаецца досыць лёгкім творам, і ўсё ж – як і нацыянальны эпас «Новая зямля» Якуба Коласа – прысвечаны рэчам, блізкім сэрцу большасці беларусаў, а менавіта адносінам да сваёй зямлі. Галоўны герой Андрэй Вялічка – не так даўно аўдавелы селянін, які кідае працу ў калгасе для таго, каб стаць конюхам у лясніцтве. Аднойчы ён ідзе ў лес, жадаючы адпомсціць суседу, які без дазволу забіў лася, а Андрэй быў вымушаны ўзяць на сябе адказнасць. Аднак у лесе ён сустракаецца з мядзведзем, які прабудзіўся пасля зімовай спячкі і пачаў нападаць на коней, у тым ліку зарэзаў і Андрэевага каня. Цудам выжыўшы ў сутычцы са зверам, ён апынаецца ў бальніцы, а калі яго выпісваюць адтуль, даведваецца, што кантора лясніцтва пераводзіцца далей на поўнач, пад Полацк, і што абяцаная яму праца цяпер звязана з пераездам, прыняўшы яе, будзе вымушаны пакінуць родную хату і маленькую дачку. Са свайго боку кіраўніцтва калгаса спрабуе націснуць на Вялічку, каб вярнуць яго назад у гаспадарку, пагражаючы яму стратай надзелу зямлі каля дома ў выпадку, калі ён адмовіцца. Гэта суровы, аднак вельмі чалавечны раман адметны тым, што ён паказаў не толькі станоўчыя, аднак і эгаістычныя, негатыўныя бакі савецкага сельскага жыцця. Прадстаўнікі бюракратычнай сістэмы ў рамане прадстаюць адрэзанымі ад жыццядайнай праўды роднай зямлі і шукаюць толькі магчымасць выкарыстаць яе. У адрозненні ад іх повязь Вялічкі з зямлёй паказваецца на кожнай старонцы твора і асвятляе ўсё, што ён робіць: ён назаўсёды звязаны з роднымі палямі, лясамі, зямлёй, яе гукамі і пахамі, з вёскай і яе жыхарамі, са слодыччу фізічнай працы. Калі Вялічка адказвае на пытанне, дзе ён быў апошні час, ён проста кажа:
   «– Тут. Дома. Мы далёка нідзе не былі. Тут на свет паявіліся, тут раслі, тут і ваявалі. Усё тут, дома, усю жызню...».
   Мова гэтага рамана, бадай, нават у яшчэ большай ступені насычаная дыялектызмамі, чым мова «Лонвы» ці «Тартака», хоць і не менш меладычная, і апавяданне вядзецца ў няспешным тэмпе сельскага жыцця такім чынам, што ў нечым нагадвае манеру Коласа:
   «За дарогай пад Аношкі роўнае шырокае чыстае поле; здаецца, калі глядзіш з акопа, яму няма краю. Здаецца, што за Каменам няма нідзе ні Аношак, ні Даўгінава – толькі чыстае поле, як хапіць вокам. Ад сонца яно робіцца сіняе, як ад туману, цёплае і ціхае, як спавітае сном. I такое будзе ўсягды – вечна. Вечная і дарога на ім, што цягнецца немаведама куды, і Камена, і Аношкі з людзьмі...[...] Блакада мінецца, не стане немцаў у Аношках і ў Камене, а поле за ракой будзе такое ж далёкае і сіняе ўвосень і вясной – год за годам.
   I гэтак па ім будзе цягнуцца немаведама куды ўбітая ад веку дарога і блішчаць на сонцы павыворванае з зямлі каменне і шкло...».
   Першыя старонкі «Мсціжоў» таксама адлюстроўваюць рысу, ярка выражаную ў некаторых больш позніх творах Пташнікава, а менавіта настойлівую ўвагу да якой-небудзь адной асаблівай прыроднай з’явы. У творы «Алімпіяда (Воблакі 60-х)» (1985), як гэта будзе бачна далей, такі дамінуючы элемент – аблокі, а на пачатку «Мсціжоў» пастаянна прысутнічае вецер, апісаны пры дапамозе вялікай колькасці метафар, калі Вялічка, аплакваючы страту сваёй жонкі Веркі, спрабуе захаваць свой дом і ў літаральным, і ў пераносным сэнсе. I сапраўды, вецер – першае слова рамана, і яно паўтараецца амаль у кожным раздзеле першай часткі, паколькі Пташнікаў падрабязна апісвае яго ўздзеянне на прыроду і людзей Мсціжоў, у той самы час знаёмячы чытача з месцам, якое з’яўляецца і фізічным, і духоўным цэнтрам рамана. Наступная кароткая цытата толькі ў нейкім сэнсе служыць ілюстрацыяй такой насычанай і шчыльнай манеры пісьма:
   «Здалёку было чуваць, як за фермай на ўчастку стагнаў лес, трывожна, глуха, што летам, мокры ад дажджу; калыхаўся, згінаючыся, аж трашчала верхаллё. Вецер, рвучыся з балота на лагі пад вёску, шалеў, ныючы ценка і калюча ў ніцай лазе і разгатым пад’ялеўцы на Падбалоцці ў імшарах і захліпаючыся ў сплеценым, як ператканым, ельніку ля самай вёскі. Вырываючыся ў прагал над засыпанай снегам уровень з беражніцамі замёрзлай Жоглаўкай, ён гудзеў у камлях старасвецкай сухой альхі, што ў коміне, выючы і скуголячы на ўвесь свет; сціхаў і пачынаў нанава з самага нізу, з хрыпаты, як хто вабіў ваўкоў».
   У цэнтры, канечне ж, знаходзіцца Андрэй Вялічка і ягоныя адносіны да зямлі, аднак побач у рамане існуе яшчэ некалькі важных персанажаў і мноства рэмінісцэнцый з ваенных часоў і падзей, якія дапамагаюць стварыць ягоны суровы, у нечым бескампрамісны характар, таксама як і раны на ягоных плячах, якія ён са змрочнай іроніяй параўноўвае з следам ад бомбы, які зарос куды хутчэй. Сярод іншых персанажаў рамана ёсць і дзве жанчыны, якія кахаюць Андрэя і чакаюць, калі ён абярэ якую з іх на месца сваёй каханай Веркі. Пташнікаў з вялікім майстэрствам апісвае жанчын, напрыклад, у наступнай замалёўцы, прысвечанай адной з іх, Балюце:
   «...яна справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам, у якой хадзіла ўсягды на ўчастак у магазін. Змяніўшы сукенку, змянілася і сама. Запасала назад гладзей валасы – мусіць, ад гэтага патаўсцела на патыліцы каса; зрабілася зграбная ў стане, як дзеўчынёха. Здаецца, у яе пабольшалі вочы і пачарнелі».
   Іншыя персанажы, такія, як каваль, зваршчык і бухгалтар, дапамагаюць стварыць карціну далёка не простага, часам трагічнага гістарычнага шляху жыцця гэтых сялян. Напрыклад, Вулю, габрэя-бухгалтара, які ніколі не расстаецца са сваім партфелем, засмучае той факт, што ён не загінуў разам са сваёй жонкай і дзецьмі ў гады вайны; тым не менш, ён другі раз бярэ шлюб і знаходзіць сваё шчасце, лепшым чынам ужыўшыся ў беларускае грамадства, што, магчыма, сімвалізуе лес, які ён цяпер вучыцца любіць. Хоць доўгая размова Вулі з Вялічкам, выкліканая дабрынёй Веркі, якую тая аднойчы праявіла ў дачыненні да ягонай сям’і, па сутнасці, з’яўляецца маналогам, яна служыць непасрэдна для раскрыцця вобраза Андрэя Вялічкі і ягонага менталітэту, як і ўсе персанажы кнігі, а таксама рэмінісцэнцыі і часам фантастычна-дасканалыя пейзажныя замалёўкі. Прырода набывае сімвалічныя асаблівасці ў складанай карціне Пташнікава, удакладняючы і падкрэсліваючы аўтарскую ацэнку думак і намераў героя. Усё ў рамане служыць для стварэння архетыпічнага персанажа, які некаторыя крытыкі лічаць увасабленнем беларускага духу.
   Наступны буйны твор Пташнікава, «Найдорф» (1975), як і большасць ягоных твораў, атрымаў назву паводле мястэчка ў Мінскім раёне. Дзеянне адбываецца ў траўні 1944 г., калі немцы паспешліва адступалі, таму сама аповесць, па сутнасці, з’яўляецца гісторыяй пераходу ад вайны да міру. Першая частка аповесці пачынаецца з таго, што толькі два партызаны, сярэдніх гадоў Яхрэм Жаваранка ды малады Алёша, выжылі ў лютым баі. Як толькі яны вярнуліся дахаты ў надзеі распачаць жыццё нанова, яны выпадкова натрапілі на некалькіх заблукаўшых немцаў. Другая частка аповесці (іранічна названая «Дома») складаецца з іх спробаў адвесці сваіх палонных у Найдорф, дзе яны спадзяюцца знайсці савецкія ўлады, аднак патрапіўшы ў сутычку, гінуць, так і не дасягнуўшы мэты свайго падарожжа. Рэмінісцэнцыі, як і заўсёды ў творах Пташнікава, служаць важнейшым элементам, і ў дадзеным выпадку ўспаміны партызан пра сваё мірнае жыццё няспешныя, празмерна падрабязныя, міфічныя і ідэалізаваныя. Хоць і не менш драматычны ды трагічны, «Найдорф» не мае клаустрафобнага пачуцця пасткі, характэрнага для «Тартака», часткова з-за часу, у які адбываецца дзеянне, калі вайна і мір былі неаддзельнымі адно ад аднаго. Старэйшы партызан Жаваранка з вялікай надзеяй узіраецца ў неба і ўзгадвае пра тое, што існуе свет, пазбаўлены страху і нянавісці, непазбежнасць якой, тым не менш, падкрэсліваецца, калі, вярнуўшыся да абвугленых руінаў свайго дома і разважаючы над тым, што трэба рабіць цэглу, каб распачынаць будаваць новае жыццё, ён вешае на сцяну сарая сваю вінтоўку (дзе раней віселі граблі ды іншыя гаспадарчыя прылады); яе дула, якое раняе чорныя кроплі расы, нагадвае дасведчанаму чытачу пра вядомы афарызм Чэхава і сведчыць пра тое, што вайна недалёка і, на самой справе, паўсюль.
   Хоць «Найдорф» – твор з больш ярка выражанымі гераічнымі матывамі, чым «Тартак», ён уяўляе сабой такі ж самы сплаў трагедыі і празмерна дэталізаваным паэтычным апісаннем, якое адрозніваецца багатай вобразнасцю. У карціне сустрэчы партызана Жаваранкі з жонкай і дзецьмі, адной з самых запамінальных сцэн ва ўсёй творчасці Пташнікава, гучыць вялікая надзея. Вельмі характэрны для «Найдорфа» і шматлікія элементы сімвалізму: напрыклад, назва мястэчка, якое нагадвае старэйшаму палоннаму ягоную вёску ў Германн (гэты палонны таксама ў самым канцы паварочвае сваю вінтоўку супраць эсэсаўцаў, што, у нейкім сэнсе, сімвалізуе аб’яднаны сялянскі супраціў фашызму). Безумоўна, апошні сказ аповесці гучыць іранічным рэхам спробам Жаваранкі ўзнавіць нармальнае жыццё, робячы цэглу: «Пад нагамі на дарозе пылілася сухая, патрэсканая і цвёрдая, як цэгла, зямля...». Заснаваны на рэальных падзеях, хоць і далёкі ад дакументальнай гісторыі, «Найдорф» – магутнае, багата аздобленае даследаванне ўздзеяння вайны на жыццё сельскіх жыхароў, якія прымалі ў ёй не аднолькавы ўдзел. Сваімі дэталізаванымі і паэтызаванымі назіраннямі і багатымі вобразамі Пташнікаў нагадвае Б. Пастарнака, аўтара «Доктора Живаго» (1959), пісьменніка, абсалютна адрознага ва ўсіх іншых адносінах. «Найдорф» заваяваў усеагульнае прызнанне сучасных крытыкаў.
   Апошні з твораў Пташнікава, які мы разгледзім, «Алімпіяда (Воблакі 60-х)», быў напісаны дзесяцігоддзем пазней «Найдорфа» і раскрываў творчасць аўтара з крыху іншага боку. Апублікаваны ў 1985 г. і экранізаваны на чатыры гады пазней, ён складаецца з чатырох амаль незалежных частак, падобна музычнай кампазіцыі (у галаву таксама прыходзіць асацыяцыя з кінамантажом). У цэнтры «Алімпіяды» аднайменная гераіня, што адыгрывае натхняючую ролю, якую можна параўнаць з роляй Андрэя Вялічкі ў «Мсціжах». З Алімпіядай, у 60-я ўжо немаладой і слабой кабетай, мы сустракаемся ў тры пераломныя моманты яе жыцця: у першыя месяцы вайны, у галодныя пасляваенныя гады і ў 60-я. Як і ва ўсіх іншых творах Пташнікава, персанажы праводзіць досыць значны час, узіраючыся ў неба, знаходзячы такім чынам пачуццё трываласці і стабільнасці; аднак у гэтым рамане неспакойныя хмары адлюстроўваюць у значнай меры маральную няўстойлівасць і сацыяльныя заганы, такія, як п’янства, бойкі, разбурэнні і злачыннасць, якія, несумненна, прагрэсіравалі з асаблівай сілай у савецкай Беларусі ў 60-я і наступныя гады (раман пісаўся ў канцы 60-х – пачатку 80-х). Ізноў вецер сімвалізуе змены і ненадзейнасць становішча, і тут дэградацыя грамадства паказваецца як усюдыісны пыл, што і ў прамым, і ў пераносным сэнсе асядае паўсюль. Прырода зноў адыгрывае велізарную ролю ў перадачы ідэі твора як сімвал зменаў (напр., знішчэнне лесу, якое так збянтэжыла сына Алімпіяды, калі ён вярнуўся з арміі, каб праведаць сваю хворую маці) і як увасабленне адвечных неразменных каштоўнасцяў.
   Алімпіяда Падаляк да пачатку вайны працавала ў калгасе, шчасліва жыла са сваім мужам Мікалаем і двума дзецьмі, Міфодзем і Таняй. На пачатку вайны яна стала сведкам сцэн неверагоднай лютасці, калі яе сусед Бохан Харбін гераічна зносіў здзекі фашыстаў і іх нават яшчэ больш жорсткіх паслугачоў: адзін з іх потым вяртаецца, каб не даваць спакою Алімпіядзе. Яе адносіны да першых пасляваенных гадоў не зусім адназначныя: з аднаго боку, гэта быў час няспыннай барацьбы за тое, каб пракарміць дзяцей і зберагчы ўвесь час галодную свойскую жывёлу; з іншага боку, маральныя каштоўнасці падаюцца ў гэты час непахіснымі ў параўнанні з блытанінай і заганамі 60-х. На працягу апошняга дзесяцігоддзя Алімпіяда становіцца як маці не толькі для сваіх дзяцей. Усе персанажы (і нават жывёла) адносяцца з прыхільнасцю да яе мяккай маральнай улады. Добрым прыкладам гэтаму можа паслужыць выпадак са Сцяпанаўнай, чыёй рэакцыяй на ўласны ваенны досвед стала п’янства, брудная лаянка, злоснае пляткарства ды падман, але для якой ціхая прысутнасць Алімпіяды з'яўляецца свайго роду мірам. Сцяпанаўна, дасюль невядомы беларускай літаратуры тып, увасабляе многае з таго, што лічыцца заганным у савецкім жыцці 60-х, і яе «ўтаймаванне» Алімпіядай выглядае досыць сімвалічна.
   Творчасць Пташнікава дэманструе вострае ўспрыманне болю ўсіх кшталтаў, будзь то фізічны боль ад здзекаў ці душэўны боль расчаравання і страты веры ў свае сілы. Боль адчуваюць усе жывыя істоты (перададзенае праз успрыманне Алімпіяды запамінальнае і ў нечым сімвалічнае апісанне змаганняў быка Семянтала за ўласнае жыццё) альбо, урэшце, боль знявечанага, зруйнаванага прыроднага свету, сімвалам якога, як і ў іншых творах аўтара, выступае лес. Аднак усё гэта пісьменнік малюе без аніякай сентыментальнасці: боль прымушае дзейнічаць, як у выпадку з Семянталам. Асаблівая сіла Алімпіяды заключаецца менавіта ў тым, што яна можа перадаваць сваю сілу іншым, і дзеянні, думкі ды пачуцці жанчыны адлюстроўваюць яе простую дабрыню і непахіснасць. У сувязі з гэтым свайго роду ключ для разумення рамана можна знайсці ў эпізодзе, калі вельмі хворы сябра Міфодзі, Міша Хрол, гераічна змагаецца са смерцю, называючы сваю барацьбу «алімпіядай». Пры ўсёй сваёй моцы і дабрадзейнасці, Алімпіяда надзелена сапраўднай чалавечнасцю, і яе вобраз, намаляваны пісьменнікам, сведчыць пра ягонае вялікае майстэрства ў стварэнні як дыялога, так і ўнутранага маналога. Фрагментарнае апісанне жыцця адной старой кабеты робіць «Алімпіяду» адным з найбольш стылёва багатых і натхнёных раманаў пасляваеннай беларускай літаратуры.
   Зразумела, што Пташнікаў далёка не просты пісьменнік. Больш таго, часам мяркуецца, што ягоныя творы, асабліва «Алімпіяда», маглі б быць трохі спрошчаны на карысць справы. Натуральна, тыя шматлікія дэталі, якімі аўтар насычае свае творы, не модныя ў сучаснай мастацкай літаратуры. Іншыя ж чытачы лічаць Пташнікава адным з найбуйнейшых пісьменнікаў свайго часу, дастойным пераемнікам глыбока псіхалагічнага раманіста даваеннага часу Кузьмы Чорнага і, у пэўным плане, супаставімым з іншымі вядучымі раманістамі познесавецкага часу, такімі, як Ч. Айтматаў, В. Бялоў і В. Распуцін, а таксама з Л. Ляонавым і Якубам Коласам, якія пісалі раней. Аднак несумненным застаецца той факт, што Пташнікаў патрабуе ад свайго чытача цярплівасці і настойлівасці: магутная дыялектная стыхія служыць для многіх перашкодай, а празмерна дэталізаваныя апісанні прыроды і чалавечых пачуццяў задаюць творам пісьменніка размераны, няспешны тэмп; з іншага боку, ягоны апавядальны стыль адрозніваецца надзвычайнай музычнасцю. Празаічны дар Пташнікава выключны, як і ягоныя характарыстыкі, у той час як вастрыня разумення сутнасці свету прыводзіць да багацця захапляюча арыгінальных і натуральных вобразаў. Проза Пташнікава, несумненна, адрозніваецца вялікай паэтычнасцю, нягледзячы на тое, што яна далёка не такая спакойная і гладкая – хутчэй наадварот: «бязлітасная» і «навязліва-дэталізаваная» – такімі словамі часта характарызуюць многія ягоныя мастацкія творы. Ягонае ўсхваленне працы на зямлі, напрыклад, у «Мсціжах» і «Алімпіядзе», не мае на ўвазе «светлую будучыню», як у рускіх «деревенщиков», а вялікі шэраг самабытных сельскіх персанажаў, пры ўсёй сваёй бачнай прастаце, больш глыбока і поўна ахарактарызаваны ў сваіх пачуццях і памкненнях. Іван Пташнікаў зрабіў вялізны ўнёсак у беларускую вясковую прозу і ў ваенную літаратуру. З часам ён стане не менш, а нават больш прызнанай асобай на беларускім літаратурным небасхіле.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Алені - ГДЗ

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Найдорф

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Пагоня