Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Палеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

   Дзіўныя лёсы людскія! Жылі побач, бегалі з другімі на выган, пасвілі жывёлу, а да таго вечара, памяць пра які будзе грэць і трывожыць іх потым многія гады, і не здагадваліся, што свет перайначыцца адразу. Адзін толькі дотык Ганінай рукі зноў вяртае Васілю шчасце, вялікае, неабсяжнае, — здаецца, шчасцем гэтым напоўнены не толькі Васілёвы грудзі, а ўся ноч, уся цёмная, духмяная цішыня, што дрэмле над Куранямі. 
   Быццам падарунак лёсу за ўсе яго пакуты, за нялюдскае, поўнае толькі клопату пра кавалак хлеба жыццё, за працу да знямогі, было тое нечаканае Ганніна прызнанне: "Васіль, - сказала Ганна дзіўна, нясмела і вінавата. — Ты, мабуць, сердзішся... што я пасмяялася... Пра вочы і пра валасы — розныя... Ты не сердзіся. Як што за язык цягне мяне — каб цябе зачапіць! Але ты не сердзіся! Я — не ад зла на цябе... А што вочы такія ў цябе — дак мне ето, папраўдзе, даспадобы! Такіх ні ў кога няма болей. І сам ты — харошы, толькі што маўклівы, унурысты..." 
   З таго вечара Васіль, які з усіх мудрасцей жыцця як адну з першых уведаў: трывай, цярпі, усім цяжка бывае, усе церпяць, цярпі і ты, — зазнаў іншую мудрасць, мудрасць кахання. Яно здольна перайначыць усё: туман таямнічы над балотам, ціхі шэпт грушы — нават яны змяніліся, сталі інакшыя, дзівосныя, дзякуючы каханню. 
   Для другіх лета было як лета. І для сонца, для неба яно было такім, як і тысячы, сотні тысяч гадоў. І толькі для Васіля і Ганны гэта было першае лета, лета-песня, лета-свята, пра якое застаўся на ўсё жыццё ўспамін неабсяжнай, бязмежнай радасці, бо гэта было самае вялікае шчасце іх жыцця. 
   Што б ні рабіў Васіль, Ганна быццам была поруч — думаў пра яе, шукаў вачыма, чакаў. Людзі, што жылі на балоце, як на востраве, аб які не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі, навокал якога адна толькі гніль куп'істай дрыгвы ды панурыя мокрыя лясы, нават і не здагадваліся ў сваёй дзённай мітусні, якое шчасце зведалі гэтыя двое, што жылі, як і ўсе яны, таксама на балоце. Толькі для іх і яно, і бераг азярца, і трава, і асака — увесь свет поўніўся шчасцем. 
   Час быў не для кахання — гарачы жнівеньскі час. Людзі ўставалі раней за сонца, вярталіся ў сяло ўпоцемку і, павячэраўшы, адразу валіліся спаць. Кароткія яшчэ ў жніўні ночы, вечар ледзь не сустракаецца са світанкам. Для закаханых гэтыя кароткія ночы праляталі як адна хвіліна. Шчасцем было маўчанне, шчасцем было даверыць Ганне сваю самую запаветную мару пра той ражок зямлі, што за цагельняй, якая пакуль Карчова, але "парадкі цяпер такія, што могуць перадзяліць па справядлівасці". Толькі б той кавалачак зямлі за цагельняй — і "я б паказаў!". 
   І мы, паназіраўшы разам з аўтарам, як гэты, з выгляду яшчэ падлетак, "худы, даўгарукі, з тонкай шыяй, а па хадзе, па прыгорбленай постаці — мужчына", касіў, ніколькі не сумняваемся: так бы і было! І ён бы ўжо на тым кавалачку, тым ражку, шчыраваў, ён бы ўжо на той зямельцы разгарнуўся! Яна б не была ў яго недагледжанай і няўдаліцай... 
   З непрыхаванай сімпатыяй і захапленнем апісвае Іван Мележ свайго любімага героя ў час касьбы, прычым апісвае сапраўды "фарбамі паэта", а не празаіка. Менавіта старонкі, прысвечаныя Васілю-працаўніку і куранёўскай прыгажуні, ганарліўцы-Ганне ("Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна"), — старонкі, у якіх Мележ-празаік саступае месца Мележу-паэту. Як зямля — аснова ўсёй Айчыне, так праца на ёй — аснова жыцця, жыцця годнага, людскага, да якога так імкнецца Васіль. У працы выявілася ўся яго сіла і прыгажосць, праца рэалізуе яго лепшыя якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці: "Сесці, хоць на купіну, хоць у ваду. Пасядзець трохі, адпачыць, а там можна зноў устань, зноў ісці. Але Васіль не сеў. Ён трываў. Гэта было ўжо не ў навіну — цярпець, адольваць стому, адганяць прываблівую спакусу пагуляць, паленавацца. ...і ён цярпеў. 
   Аблізваў салёны пот з губ, выціраў вал асы, выцягнуў ніз сарочкі са штаноў, каб ветрык мог дайсці, астудзіць. І ўсё ж якая цяжкая была цяпер каса, як цяжка было адганяць млосць і слабасць у руках і ў нагах! І як хацелася сесці! Проста дзіва! 
   ...Толькі калі знямогся зусім, калі дрыготкія, бяссільныя рукі апусцілі страшэнна важкую касу і не маглі ўжо скрануць, уваткнуў кассё ў купіну, падаўся да калёс..." 
   Але, на жаль, марам ("Кеб з таго кавалка, што ля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення б купіў адборнага... Пабачылі б!") і планам ладзіць жыццё разам ("за мной не прападзеш!") не суджана было здзейсніцца. 
   Шчасце яшчэ поўніла іх грудзі, а гадзюка, што неяк прапаўзла "між іх", ужо падавала знак: за летам-песняй, святам-восенню дыхнула стынню зіма... 
   Неяк ноччу да "запаветнай іх мясцінкі" падышлі трое з абрэзамі і прымусілі Васіля паказаць хату куранёўскага актывіста Ахрэма Грыбка: "і вось яму, Васілю, выдалася "няшчасце весці з сабой згубу. І ён вядзе". Васіль паспрабаваў было не выканаць гэты жахлівы загад, але "ў той жа момант пачуў моцны ўдар па галаве нечым цвёрдым". 
   Зусім невыпадковым быў той выпадак і трагічная сустрэча з маслакоўцамі, якая азначыла пачатак канца іх шчасцю, іх лету-песні, лету-святу. Сын куранёўскага багацея Яўхім Глушак, яшчэ не будучы закаханым у Ганну ("Ён добра ведаў, што не закаханы"), ужо каршуном цікаваў за шчаслівымі, бо не прывык, каб нешта лепшае і прываблівае належала не яму. Спачатку ён "нават з пагардай думаў пра яе", гэтую задзірлівую ганарліўку-галадранку: "Толькі і красы, што язык, як брытва". Але зайздрасць да чужога шчасця зрабіла сваю справу: Васіля пасадзілі ў Юравіцкую турму і абвінавацілі ў хаўрусе з маслакоўцамі. 
   Самай вялікай пакутай для Васіля "было проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы. ...Рукі, душа яго прагнулі працы. 
   Але працы не давалі". І калі нарэшце яго выклікалі працаваць, "ён пілаваў з той заўзятасцю і ахвотай, з якімі робіць чалавек, што ўзяўся за жаданы занятак. У гэты час на яго радасна было глядзець, ён нібы пахарашэў: стаў жвавейшы, паружавеў і падабрэў". 
   Выратаванне прыйшло праз Косціка Хвашча, з якім сустрэўся выпадкова. Камсамолец-актывіст спраўдзіў абяцанне і замовіў перад Апейкам слова за свайго прыяцеля. Старшыня валвыканкома Апейка здолеў давесці начальніку міліцыі Харчаву, што Васіля прымусілі правесці да Ахрэма Грыбка. У Харчава свой довад: памог маслакам — значыць, таксама ўдзельнік: "Аднаго пасадзіш — другі баяцца будзе!" 
   Цярпліва даводзіць Апейка Харчаву: "Але што мы за такая савецкая ўлада, калі нас свае баяцца павінны?" Баешь, выслухаўшы папрокі Апейкі, пакланіўся яму за сваё вызваленне, але вярнуўся дахаты з перакананнем, што справядлівасці беднаму чалавеку не знайсці нідзе. 
   Радасць вызвалення, вяртання дамоў, да звыклых заняткаў азмрочылася тым, што ўбачыў Ганну і Яўхіма разам. 
   За той час, пакуль Васіль сядзеў у турме, Ганне давялося разам са сваёй сяброўкай "канапляначкай" Хадоськай працаваць на малатарні ў Глушакоў: адраблялі доўг. І гэты выпадак Яўхім вырашыў скарыстаць, каб завалодаць Ганнай, зняславіць яе, прымусіць скарыцца. Яго яшчэ больш раз'ятрылі словы Ганны: "Ты для мяне — як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма — адно". Ганна ўратавалася толькі хітрасцю: у самы крытычны момант яна закрычала: "Бацько!!!" 
   Затое для канапляначкі-Хадоські другі дзень малацьбы ў Карчоў стаў ракавым. Закаханая ў Яўхіма, яна не зважала на заляцанні ні Міканора, ні Хоні — сонцам свяціў ёй толькі Яўхім. Паабяцаўшы ажаніцца з ёю, дамогся свайго. Потым нават ад душы пашкадаваў яе, але тут жа разважліва падумаў: "А калі на тое, чым я вінаваты! На тое і лавец, кеб рыба не драмала. Хіба б лепей было, кеб упусціў такі кавалак! А трымалася ж як! Хто б падумаў!.. A ўсё-такі не абераглася, дабіўся'..." З думкамі пра другую — ганарліўку Ганну: "Нічога, усяму свая пара...", — каршун да часу прытаіўся, працягваючы цікаваць за сваёй ахвярай...  

Похожие статьи:

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка другая

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележІван Мележ - Здарэнне