Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Сіпакоў - Клетка

   У цеснай жалезнай вязніцы, у якой нават нельга павярнуцца, бо яна скляпана якраз на памер вязня, — пакутнік. Яму застаецца толькі адно — цярпець. Вінаватаму (парушыў законы свайго роду) балюча, кепска і адчайна. Клетка яго прыкручана гайкаю да скалы. І гэта яшчэ добра, што клетку паставілі на гары, а маглі б, як іншыя, скінуць у прадонне — колькі такіх, парожніх ужо, клетак валяецца зараз у прадонні ці ржавее на дне азёр. Косці тых, што былі ў клетках, павыядалі драпежныя рыбы, павымывалі хвалі, павыдзьмухвалі вятры.
   Дзіўна, такія пакуты трывае чалавек з-за кахання, а клетак у прадоннях не меншае. Ён і сам бы, мусіць, паўтарыў бы ўсё зноў, хоць ужо і ведаў, якія невыносныя пакуты чакаюць яго праз каханне.
   Інстынкт падказаў яму, што яго каханая недзе ў тым баку, дзе ўзыходзіць сонца. Праз дрымучыя лясы і багністыя балоты не прайсці — туды можна толькі даляцець. Але дзе ж узяць яму крылы?! Як выйсці з ненавіснай клеткі, каб увесь пазнаны цуд паўтарыўся зноў?
   ...Нага яго наматала нешта халоднае і круглае — пад падэшваю была гайка! Ні нагнуцца, ні дапамагчы сабе рукамі вязень не мог — пальцамі ног круціў гайку, круцячыся з ёю сам, не звяртаючы ўвагі на тое, як да крыві раздзіраюць яго цела жалезныя пруты.
   Ніхто не ведае, колькі ён высільваўся — некалькі дзён пі некалькі стагоддзяў, бо ён нават сам гэтага не ведаў і не помніў.
   Жалеза моцнае, але цярпенне і настойлівасць чалавечыя яшчэ мацнейшыя.
   Не вытрымала жалеза — гайка скранулася з месца. Калі ўжо амаль адкруціў гайку, адчуў, што пальцы ног чамусьці саслізгваюць з яе. Неверагоднымі высілкамі нагнуў галаву, зірнуў на свае ногі і жахнуўся: увачавідкі яго пальцы пакрыліся рагавіцаю, ператварыліся ў кіпцюры, а ногі спадабляліся птушыным. Кіпцюры слізгалі па гайцы, нават думаць было недарэчна, што імі нешта можна адкруціць.
   Але ж у яго ёсць рукі! Імі ён, нібы мядзведзь у звярынцы, пачаў расхістваць клетку ў бакі.
   Устойлівасць і наўпраўду моцная, але настойлівасць, канечне ж, малейшая за яе.
   Клетка рыпела, скрыгатала, вібрыравала і нарэшце грымнула вобзем. І ў ёй нязручна ляжаў ён сам — так яму было яшчэ горай, чым стаяць. Цяпер замест рук у яго ўжо матляліся ля плячэй маленькія, як кульцяпкі, крыілцы.
   Той, Хто Усё Бачыць, адабраў у яго і рукі. Крылы раслі і раслі. Неверагоднымі намаганнямі ён здолеў высунуць іх за клетку. Паспрабаваў узмахнуць імі і ўзрадаваўся: кожны ўзмах іх аж падымаў клетку. Спачатку яму ўдавалася паставіць яе на сваю аснову. Яшчэ праз некаторы час Пакараны сабраў усе свае сілы і замахаў крыламі — клетка адарвалася ад скалы.
   Ён ляцеў над непраходнымі лясамі, ён спяшаўся над непралазнымі балотамі, ён лунаў над змрочнымі цяснінамі. Яму здавалася, што сэрца разарвецца ад радасці, ад волі: неўзабаве ён убачыць Яе, пачуе Яе голас, дакранецца да Яе. Нічога, што яна таксама ў клетцы.
   Ляцець доўга, але калі ляціш з надзеяй, гэта заўсёды коратка.
   Ляцеў, можа, дзень, а можа, зноў жа, стагоддзе. Крылы нарэшце паставілі яго клетку побач з клеткай каханай.
   Але яна спалохалася, жахнулася, адхінулася ад пярэдніх прутоў, спрабуючы нешта засланіць нагамі. Прыглядзеўся і ўбачыў, што засланяе дзіця.
   Марнымі былі ўсе ўгаворы, каб не баялася Любча свайго Сінявока — яго ці то не пачулі, ці то не зразумелі. Яна не пазнала яго!
   Ён зірнуў на свае кіпці, зірнуў на крылы, убачыў сваю дзюбу і ўсё зразумеў: ён для яе проста вялізная, невядомая, страшная птушка. І мовы птушынай людзі не ведаюць, а чалавечая ў яго не атрымліваецца.
   Дзіцячыя ручкі пацягнуліся не да яго, а да травіны за клеткаю. Дзіця дастала травіну, сарвала і панесла ў рот.
   Сэрца сціснулася ад болю і жалю. Яго сын есць траву! О Божа! О Той, Хто Усё Бачыць! Злітуйся над бедным дзіцём! За што пакутуе яно, народжанае па каханні, ад кахання і для кахання?!
   Яго баіцца роднае дзіця! Ён не можа памагчы роднаму сыну! Ён не можа назбіраць яму ягад, натрэсці дзікіх яблык і пакласці малому ў клетку. Дзюбаю можна! Але навошта? Сыну нельга расці — удваіх у адной цеснай клетцы яны не памесцяцца...
   Ён спяшаўся ад вялікіх пакут, а прыляцеў на яшчэ большыя. Лепей было стаяць там, на сваёй скале, і нічога не ведаць пра сына — проста марыць удалечыні пра Каханую, успамінаць пра яе.
   Зусім побач нехта зарагатаў. Сінявок зразумеў, што гэта Той, Хто Усё Бачыць. Ці не ён гэта ўсё прыдумаў, каб павялічыць пакуты вінаватага?
   Закапаў дождж. Ён імкліва, туга, як парасон, раскрыў адно крыло і беражна накрыў ім клетку з жонкай і сынам — няхай прывыкаць і да крыла, і да яго самога. А сам задумаўся.
   Калі ёсць пакуты, трэба, каб было і выйсце з іх.
   Калі ёсць тупік, трэба, каб і сцежка ад яго нарадзілася.
   Птушка думала...

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Тыя, што ідуць

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай