Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Сіпакоў - Жанчына

Ты – женщина, и этим ты права.

Валеры Брусаў


I
Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх
Пачаўся свет – ласкавы і пакорны.
А што было, скажыце мне, да іх
У заінелай з нелюбі прасторы?

Як грэліся б ад позіркаў цяжкіх
Мужчыны у сваім мужчынскім горы,
Калі б цябе не выснілі вякі –
Цябе, што гэтак шчодра ўсіх адорыць.

Прыйшла ты – кветкі выраслі ля хат,
I гнёзды нараджалі птушанят,
I цёпла стала ўсюды, нібы ў леце.

Мужчына усміхнуўся сам сабе,
Бо зразумеў, самотны, – за цябе
Няма нічога ласкавей на свеце!

II
Няма нічога ласкавей на свеце,
Як чуць тваё святочнае імя,
Цябе, яшчэ нядократкаю, стрэціць
I позірк сарамлівы пераняць.

I са спакусаю змаганне весці,
I зразумець, што свет твой – чысціня.
I лаяць вусны – іх жа не адвесці,
Іх, нібы хваляванне, не суняць.

Шаптаць у радасці «Кахаю» – як замову,
I цалаваць у лёце твае словы –
Мой дзень пагодзіцца ад іх, ад іх.

I, несучы святло тваё праз годы,
Да ісціны дайсці, што назаўсёды
З’яднала нас прырода удваіх.

III
З’яднала нас прырода удваіх,
Як два крылы – свайго палёту прыклад,
Як два вечназялёныя гаі,
Як хвалі дзве, што абняліся звыкла.

Я да цябе, сасмаглы ўвесь, прынік,
Ты да мяне, шчаслівая, прынікла,
I радасная тоеснасць, бы крык,
На ўсе вякі адна – адна! – узнікла.

I хто сказаў, што наш саюз – палон,
Што, нібы крыж, цяжкі і сумны ён?
Я ўсё жыццё яго гатовы несці!

З табою не цяжкі ніякі крыж:
На нас, сівых, ты строга паглядзіш –
I мы дабрэем пры табе, як дзеці.

IV
І мы дабрэем пры табе, як дзеці,
I галаву кладзём табе ў прыпол.
Мы, неслухі, даёмся нават песціць
I зла не заўважаем навакол.

I супакойваемся ў ціхай песні
Ад свету тлумнага, што меле нас на змол.
I нават чуем, як далёка дзесьці
Спадае ліст, бы мятлушка, на дол.

Калі ж ты і параніш нас, бывае,
Сама і лечыш – хутка зажывае,
Як ты душы кранешся, ран саміх.

I зноў ля нас засвецяць шчодра промні,
I мы тады з удзякаю успомнім:
Тваё жыццё – як бліскавіцы міг.

V
Тваё жыццё – як бліскавіцы міг.
Да войнаў – землятрусаў нечаканых –
Праводзіш ты мужоў, сыноў сваіх,
А сустракаеш – немасць пахаванак.

Свой чорны жаль на свята хоць здымі,
Ідзі на хрэсьбіны – у смех гулянак...
Хай крэматорыяў жахлівыя дымы
Мінаюць новых дзетак і каханых!

Ідзі, прымай жа новых немаўлят:
Паболей свят для новых трэба хат –
Застолле кожнае цябе прывеціць.

Твая прысутнасць нам спакой дае.
Як вочы добрыя і светлыя твае,
Твая усмешка век нам цёпла свеціць.

VI
Твая усмешка век нам цёпла свеціць,
I мы ідзём на гэтае святло.
Зімою ад яе, збудзіўшы вецце,
Давер’е – наша дрэва – скрозь цвіло.

I дзе б мы ні ўмярзалі на планеце –
Каханне ўсюды гнёзды ў нас віло.
Праз турмы, голад, холад, ліхалецце
Тваё святло дадому ўсіх вяло.

Вярталіся, адвыклыя, мы з войнаў
I слухалі, як у цішы спакойнай
Твой шэпт ля вуснаў радасна прыціх.

Усмешка плакала твая ад шчасця,
Што мы, мінаючы усе напасці,
Спяшаем да цябе з нягод усіх.

VII
Спяшаем да цябе з нягод усіх,
Каб бачыць, як твае світаюць вочы,
Каб груз нялёгкі радасна насіць –
З сабой насіць і дні твае і ночы.

Мы не баімся рук тваіх зусім,
Калі яны абвіць нас шчыра хочуць.
Мы ведаем, ты волю нам дасі
I ласку ў сарамлівасці дзявочай.

Каханне – клетка? Дык такой бяды –
Хутчэй туды, хутчэй хачу туды,
Абы з табой – хай і ў няволю, ўрэшце...

Любіць цябе – як усё роўна жыць,
Нібы да сонца ліст, мой век к табе спяшыць,
Як на кругі свая спяшае вецер.

VIII
Як на кругі свая спяшае вецер,
Так мы спяшаем на твае кругі.
Цябе шукаем, дзе сляды ў суквеццях,
Дзе ў сонцы і ў дажджынах спяць лугі.

Як хораша, пужлівую, прыкмеціць
Там, дзе няма ні сварак, ні тугі,
Дзе мы з табой дваіх. Ды яшчэ трэці –
Вялікі свет – нам шырыць берагі.

Табою, сарамлівай, любавацца
I разумець, што каб табе прызнацца,
Не хопіць ва ўсім свеце, мусіць, слоў.

I ўчырванець у гэты міг шчаслівы,
Што сам – усё ж нячысты, памаўзлівы,
А ты – святая, як сама любоў.

IX
А ты – святая, як сама любоў,
Цішэеш ад абуджанай надзеі.
Адчула: за дваіх віруе кроў
I за дваіх душа ўжо ласкавее.

Цяжарная, нялоўкая ты зноў.
Пакорнасць светліць з-пад дрыготкіх веек.
Надзею носіш, ціхая, без слоў,
I сама з надзеяй маладзееш.

Хвалюешся і плачаш, можа, ўпотай –
Твае не за сябе, а за яго турботы,
Хто прыйдзе ў свет наступнікам бацькоў.

Даруй нам, што ў балеснасці вялікай –
Заўсёды з плачам і заўсёды з крыкам –
Раджала фараонаў і рабоў.

X
Раджала фараонаў і рабоў,
Герояў і нікчэмных палахліўцаў,
Сама ж ішла ты чыстай між вякоў
I толькі чысціні магла маліцца.

Мы ўсе, мы ўсе з тваіх надзей і сноў...
А ты трывожышся, табе не спіцца:
Хто ж б’ецца каля сэрца зноў –
Сусветны геній ці які п’яніца?

Малодзяць маці ўдалыя сыны,
I стараць – як няўдалыя яны,
Хоць і раслі аднолькава як быццам.

I ўсё ж раджай, жанчына, нас раджай,
Гадуй, спялі, наш вырай памнажай,
Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.

XI
Каб жыццядайнасць не магла спыніцца,
Ты ў гэтым свеце хараства жывеш.
Пакуль ты ёсць – працяг наш будзе віцца
За далеч часу – без канца, без меж.

Ты неперасыхальная крыніца
I поўная заўжды – не перап’еш.
Табой ніколі нам не наталіцца.
А дзе ж шукаць ратунак смазе? Дзе ж?

Яно нярэдка гэтак вось бывае,
Што смага – смагу большую раджае,
Дабро – несупакоенасць дабра.

I мы, да слёз расчуленыя самі,
Вяселімся, што ты заўсёды з намі:
Ты – маці, жонка; ты – дачка, сястра.

XII
Ты – маці, жонка; ты – дачка, сястра.
Ты маеш столькі за жыццё абліччаў!
Хоць ты – такі ж, як мы, мужчыны, прах,
А ўсе цябе аздобай свету лічаць.

Дачку мы не стамляемся гушкаць,
З сястрой – супольнасць шчырая за звычай,
Мілуем жонку, носім на руках,
I маму, калі цяжка дужа, клічам.

Былі дзяўчаткамі усе бабулі,
I ўсіх дзяўчатак старасць папрытуліць:
Там вочы ўжо не так, не так гараць.

Але, жанчына, сумаваць не трэба:
На гэтым свеце і пад гэтым небам
Твая заўсёды гожая пара.

XIII
Твая заўсёды гожая пара –
Красуе і вясною і пад восень.
I павуцінкі – завязь серабра –
Цябе малодзяць, нібы маю просінь.

Ты не саромейся гадоў. Гадоў гара –
Нібы для нівы спелае калоссе.
Хто будзе за ўраджай сябе караць?
За тое, што жыццё, як сон, збылося?

I восенню суцішнай, і зімой
Нам хораша, журботная, з табой
З красы жыцця і ў старасці дзівіцца.

I маладую у табе спазнаць
Не перашкодзіць нават сівізна –
Дазволь, жанчына, ў ногі пакланіцца.

XIV

Дазволь, жанчына, ў ногі пакланіцца
За тое, што змагла мяне радзіць,
Што я трымаўся за тваю спадніцу,
Калі вучыўся, немаўля, хадзіць.

Што памагла каханню нарадзіцца,
Што навучыла ўсё вакол любіць,
Што свет адкрыла, ім дала здзівіцца,
Каб гэтым змог і ўнукаў я здзівіць;

Што, дзеўчанё, мяне пацалавала,
Што потым шчыра век мяне кахала –
I як нам хораша было ўдваіх!

Што засланяла ласкай ад няслаўя,
Што цеплыню заўсёды адчуваў я
Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх.

МАГІСТРАЛЬ
Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх
Няма нічога ласкавей на свеце.
З'яднала нас прырода удваіх,
І мы дабрэем пры табе, як дзеці.

Тваё жыццё – як бліскавіцы міг,
Твая усмешка век нам цёпла свеціць.
Спяшаем да цябе з нягод усіх,
Як на кругі свае спяшае вецер.

А ты – святая, як сама любоў –
Раджала фараонаў і рабоў,
Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.

Ты – маці, жонка; ты – дачка, сястра,
Твая заўсёды гожая пара.
Дазволь, жанчына, ў ногі пакланіцца.

 

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Санет (Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...)

ССанет

ВВянок санетаў

Янка КупалаЯнка Купала - Для зямлі прадзедаў маіх...

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Санет (Замёрзла ноччу шпаркая крыніца...)