Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

   Ніхто лепш за Янку Купалу не сказаў пра яго запаветную мару, жыццёвае і пісьменніцкае крэда:  

З цэлым народам гутарку весці,

Сэрца мільёнаў падслухаць біцця...

   Народ і Бацькаўшчына — найвялікшыя для яго каштоўнасці, а любоў да Беларусі — пачуццё, што вызначыла і жыццё Янкі Купалы, і яго паэзію.

   «У народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе», — так па-максімалісцку катэгарычна акрэсліў для сябе паэт тыя абсягі, на якіх ён быў уладаром.  

   Першы купалаўскі верш «Мужык», надрукаваны ў 1905 г. у газеце «Северо-Западный край», стаў адначасова і праграмным творам паэ-та, бо вызначыў усю яго творчасць.  

   Заслуга Янкі Купалы перад нашай нацыяй і народам у тым, што ён, здолеўшы ўвабраць лепшыя дасягненні і традыцыі сваіх таленавітых папярэднікаў Багушэвіча і Цёткі, пайшоў далей за іх. Ён першы, хто з незвычайнай сілай, «на свет цэлы», сказаў і аб нашай мары, і аб нашым праве «людзьмі звацца».  

   Верш «Мужык» напісаны ў форме маналога, чым дасягаецца рэалізм і выключная пераканальнасць, а значыць, і ўздзеянне на чытача.  

   Сапраўды, ніхто лепш пра пакуты чалавека не раскажа, чым ён сам. І ўсё ж наватарства і мастацкая вартасць верша заключаецца найперш у сіле, з якой паэт здолеў сказаць пра да гэтага нікім нязнанае — годнасць і гонар беларуса. Менавіта другая кампазіцыйная частка верша з'яўляецца сімвалічнай і вызначальнай для ўсёй творчасці Янкі Купалы:  

Але хоць калькі жыць тут буду,

Як будзе век тут мой вялік,

Ніколі, браткі, не забуду,

Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! — бо я мужык!

   Сцверджанне думкі пра годнасць, жывучасць і непераможнасць свайго народа будзе лейтматывам гучаць у многіх творах паэта:  

Жыў беларус — і будзе жыць!

   Верш «А хто там ідзе?», які М. Горкі справядліва назваў «гімнам беларусаў», напісаны ўжо дыялогам, каб узмацніць эфект уздзеяння «на свет цэлы». Пытаецца нехта, быццам ідзе голас з неба. І гэты «нехта» вядзе размову з «цэлым народам», імя якому — беларусы: 

А хто там ідзе, а хто там ідзе

Ў агромністай такой грамадзе?

— Беларусы.

   Ідэя верша афарыстычна сфармулявана ў апошняй страфе:  

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

   Марачы «з цэлым народам гутарку весці», паэт здолеў «на свет цэлы» ад імя свайго народа заявіць пра яго годнасць і гонар, яго мары і памкненні. Якуб Колас назваў гэты верш праграмай і лозунгам беларускай паэзіі. Будзе справядліва назваць яго і праграмай нацыянальнага адраджэння.  

   Захапленне прыгажосцю і веліччу працоўнага чалавека вызначае рамантычную ўзнёсласць, урачыстасць і вобразнасць верша «Жняя».  

   Прыгажуня-працаўніца параўноўваецца з сонцам («уся сама — як сонца»), з царыцай («як сама царыца ў залатой кароне»), Метафарычнасцю пейзажнай замалёўкі ўслаўляецца гармонія чалавека і прыроды, выяўляецца пачуццё захаплення сапраўднай прыгажосцю, якой і з'яўляецца зямля і на ёй — чалавек.  

Вецер абнімае

Стан яе дзявочы,

Сонца ёй цалуе

Шыю, твар і вочы.

Каласкі хінуцца

Перад ёй наклонна,

Дзівіцца ігруша

На мяжы зялёнай.

   У эпічным вершы «Сын і маці», напісаным у форме дыялога, паэт быццам вызначыў для сябе і для нас тры святыні, якія павінны быць у душы кожнага з нас, калі хочам «людзьмі звацца». Гэтыя святыні — Радзіма, народ і мова. Усімі сваімі творамі Янка Купала заклікае і вучыць нас «любіць свабоду, родны край і мову». Некаторыя яго вершы напісаны ў форме звароту непасрэдна да нас, радкі такіх вершаў гучаць і як мудрая парада, і як наказ, і як запавет:  

Не шукай ты шчасця, долі

На чужым далёкім полі,

Гэт, за шумным лесам-борам,

За шырокім сінім морам

Не шукай ты шчасця, долі!


 

Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,

Там, дзе маці над калыскай

Табе песні напявала,

Як малога калыхала,

Толькі ўмей шукаці блізка!

Не шукай...»)

   Настойлівы і непахісны Янка  Купала і ў сваім перакананні, што пакуль жыве мова — жыве і народ. Любоў да мовы, ва ўсведамленні Купалы, ёсць адно з праяўленняў любові да Радзімы і народа, залог неўміручасці народа і ўмова яго нацыянальнага адраджэння. Гэтая думка з'яўляецца лейтматывам патрыятычнага верша «Роднае слова», напісанага ў форме звароту да святыні, якой для ўладара «беларускай песні» з'яўляецца родная мова:  

Бяссмертнае слова ты, роднае слова!

Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

Дый дарма: жывеш, як жыло!

   Радзіма — гэта святыня, дадзеная нам Богам, бо яе не выбіраюць, яна нам засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», яе любяць як маці, яе не выбіраюць, не мяняюць. У вершы «Спадчына», якім адкрываецца аднайменны зборнік, выдадзены ў 1922 г., няма характэрных для Купалы-рамантыка высокіх эпітэтаў. І гэта тлумачыцца не толькі трагічным для Радзімы часам, калі быў напісаны верш: Беларусь была акупавана, яе зрабілі арэнай ваенных дзеянняў. Адступаючы, нямецкія войскі перадавалі яе белапалякам, над ёю — «крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы». Лёс нашай Бацькаўшчыны рэд-ка калі быў шчаслівым, аднак паэт знаходзіў у сабе сілы складаць «гімн пабедны сярод крыжоў, магіл», знаходзіў для выяўлення сваёй любові і захаплення красой роднага краю і прыгожа-квяцістыя эпітэты. У гэтым жа вершы — «стары амшалы тын», «дуб апалены».  

   Эфект уздзеяння на нашы душы дасягаецца менавіта гэтай адсутнасцю «прыгожа квяцістага», рамантычнага, яркага, узвышанага.  

   Быццам бы ўсё дзеля таго, каб не зацьміць галоўны вобраз — вобраз спадчыны як найвялікшага скарбу для чалавека: тое мілае, дарагое і прыгожае, што роднае.  

Жыве з ім дум маіх сям 'я

І сніць з ім сны нязводныя.

Завецца ж спадчына мая

Усяго Старонкай Роднаю.

   Філасофія верша, сцверджанне таго, што любоў да спадчыны павінна быць дзейснаю, заключана ў страфе  

І ў белы дзень, і ў чорну ноч

Я ўсцяж раблю агледзіны,

Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,

Ці трутнем ён не з 'едзены.

   Радзіма і свобода, незалежнасць — для паэта паняцці непадзельныя. Ніхто з беларускіх паэтаў пачатку стагоддзя з такім запалам,  

мужнасцю, таленавітасцю і так паслядоўна не адстойваў, не бараніў ідэю нацыянальнага адраджэння і незалежнасці, як Янка Купала.

Усведамленне волі і незалежнасці як найвялікшай каштоўнасці нацыі было вызначальным у яго светапоглядзе, а значыць, і ў творчасці:

Хай Беларусь, мая старонка,

Уваскрэсне к вольнаму жыццю.

   Заклікаючы свой народ «на вялікую нараду, на вялікі сход», паэт давярае яму вырашыць самае галоўнае пытанне:  

Як жыць мае, пажываці

Ўродным краю, ў роднай хаце, —

Як заводзіць лад:

Ці жыць далей у няволі,

Ці разжыцца новай доляй,

Новы ўзнесць пасад

Похожие статьи:

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...

Пераказы, дыктантыЛюбоў да радзімы

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы

Пераказы, дыктантыГанарымся Бацькаўшчынай

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма