Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся. Частка першая. На бацькаўшчыне.

   Першая частка другой кнігі трылогіі прысвячаецца апісанню дарогі Лабановіча на радзіму, на Міншчыну, у родныя Мікуцічы, дзе ён правядзе свой летні адпачынак, і непасрэдна гэтаму адпачынку.  

   Пачынаецца другая кніга лірычна-пейзажным уступам, напоўненым глыбокім філасофскім сэнсам: «На прастор, на шырокі прастор!..  

   Я люблю гэтыя далі, калі над імі разнімае сваё крылле грозная хмара і выкочвае велізарныя златарунныя клубкі, кідаючы гняўлівыя цені на сутокі неба і зямлі, разліваючы громы і трасучы зацятую немасць прастораў. Будзе бура, павінна быць навальніца...»  

   Пісьменнік разам са сваім героем вітае ласку і гнеў, цішу і буру, калі яны выконваюць адвечную волю жыцця, бо само жыццё прагне ачышчальнай навальніцы. 

   Ва унісон гэтым настроям і легенда пра Яшукову гару, якую пачуў Лабановіч ад дзядзькі Рамана, калі той падвозіў настаўніка да станцыі. Быў тут некалі маёнтак пана Яшука, вырадка, гвалтаўніка, «што і свет не бачыў такога». Здзекаваўся з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі кепска стала насіць яго. Людзі цярпелі, але часамі і дзерава не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека. На свеце ёсць мера ўсяму. А пан тое і рабіў, што або людзей катаваў, або баляваў, назганяўшы дзяўчат ды маладзіц, або на паляваннях прападаў. Так і прапаў на адным паляванні. Шукаць пачалі, а тут бура ўсчалася такая, што лес крышыўся і стагнаў. І здагадаліся людзі, што пан напэўна павесіўся, бо з чаго ж бы такая бура была? Знайшлі яго на трэці дзень: вісеў пан паміж дзвюх тоўстых асін... Тут і пахавалі яго, і курган над ім насыпалі. Вось і сталі людзі гаpy называць Яшуковаю.  

   Прыехаўшы ўжо на сваю станцыю, сустрэў земляка-аднакашніка Алеся Садовіча, які таксама настаўнічаў і ўжо паспеў расчаравацца і сваім настаўніцкім жыццём, і тою абстаноўкаю, у якой даводзілася жыць. А трэба ж, зазначыў Алесь, знайсці ў жыцці нешта такое, што давала б сэнс гэтаму жыццю. Па дарозе ў Мікуцічы вырашылі завітаць у Панямонь да Шырокага, які вінен быў Садовічу яшчэ з каляд тры рублі картачнага доўгу. А чаму б не пацікавіцца, як жыве панямонская інтэлігенцыя?  

   Ажно 28 з 68 старонак другой кнігі адведзена пісьменнікам на апісанне адной толькі ночы, якую «пераначавалі» сябры ў Панямоні.  

   Панямонь — мястэчка не малое, не тое, што Цельшына. А прырода вакол якая! Хіба толькі той не паддасца чарам яе хараства, хто ў харастве нічога не кеміць. 

   На ганку фельчарскага пункта сядзеў гурток панямонскай інтэлігенцыі. Гэта была група найболей дзейных карцёжнікаў, самых што называецца заядлых канаводаў. Тут быў сам фельчар Мікіта Найдус, зухаваты хлопец-праныра. Супраць яго сядзеў валасны старшыня Язэп Брыль, нізенькі, кругленькі, накшталт французскай булкі, з но-сам драпежніка. Тутэйшы настаўнік Тарас Шырокі быў шырокім не толькі па прозвішчы, але і па сваёй фігуры, нават па сваёй натуры і па размаху гульні ў карты. Радасна сустрэлі яны маладых педагогаў:  

   «Вот люблю я свайго брата-настаўніка! Гэта — соль зямлі!» — крычаў Шырокі. Спачатку зайшлі на кватэру Шырокага, выпілі, закусілі. І хлопцаў угаварылі застацца пераначаваць. Хутка да іх далучыліся Базыль Трайчанскі, Кузьма Скаромны з прэтэнзіяй на інтэлігентнасць і схільнасцю да брудных анекдотаў і Мікола Зязюльскі, потым да іх яшчэ далучыліся новыя «інтэлігенты». Аздобай кампаніі была мясцовая прыгажуня Тамара Аляксееўна. І пачалася гульня! Запрасілі і Лабановіча з Садовічам. Дзесь у падсвядомасці, як бы нейкі голас казаў Лабановічу, як неразумна, як брыдка траціць свой час у такіх забавах. Як бы са змроку глянулі вочы панны Ядвісі... Рэзка змененыя прагавітасцю да грошай твары партнёраў узмацнілі нядобрае прадчуванне.  

   Ігракі ўваходзілі ў большы азарт. Лабановіч спачатку і выйграў, але потым спусціў свой выйгрыш. Зязюльскі паддаваў яму духу:  

   «Выйграем яшчэ! Ты толькі мяне слухай». Карты і выпіўка шаломілі галовы. Ні прыход рэдактара «Панямонскіх ведамасцей», ні яго палкая прамова («Змаганне на зялёным полі? О, людзі, людзі!! Як далёка адышлі вы ад законаў разумнага жыцця!»), ні яго заклікі ісці на прастор, разнімаць крылле мыслі, каб пазнаць парадак рэчаў і атрэсці бруд і пыл, а не атручваць сваім дыханнем гэты катух, — нічога не паўплывала на заўзятых карцёжнікаў і выпівох. Яго ніхто не слухаў, з яго пасмейваліся. Нялюдскімі былі цяпер іх твары: драпежніцкія і прагавітыя, закураныя пылам і дымам.  

   Раніцай маладыя настаўнікі пакінулі Панямонь. Кампанію пакіну-лі, ні з кім не развітаўшыся, бо былі жорстка пабіты па ўсіх пазіцыях, выйшлі са строю поўнымі інвалідамі. У галаве — малатарня, а на душы, як кажуць, кошкі скробалі: іх капіталы перайшлі ў чужыя кішэні.  

   Лабановіч заспакойвае сябе і сябра: «Добра ўжо тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота». Больш за ўсіх трывожаць Андрэя не прайграныя грошы, а тое, што яны аказаліся бязвольнымі людзьмі без цвёрдага грунту, паддаліся на спакусу, учынілі агіднае, пасля чаго «становішся праціўным сам сабе». «Швах справа», — так вызначыў Ла-бановіч свой з сябрам маральны ўзровень, калі на сваё запытанне, якім было б іх самапачуванне, калі б яны не прайгралі, а выйгралі так рубельчыкаў дваццаць, пачуў: «Го! Тады, брат, мы б козырам ішлі!  

   Нават каб нічога не выйгралі і не прайгралі, і тады быў бы іншы каленкор». Выходзіць, калі б шанцавала ў картах, то гулялі б і гулялі — і ніякага табе ні самааналізу, ні згрызот...  

   І ўсё ж побач са стаячай вадой смуроднага панямонскага балота, якім была гэтак званая «інтэлігенцыя» (аўтар бярэ гэта слова ў двукоссе ў дачыненні да панямонскіх «герояў на зялёным полі»), б'е жаралом крынічны струмень. Гэта — рэдактар Бухберг з яго «Панямонскімі ведамасцямі», адзін нумар якіх пісьменнік цалкам уводзіць у раман. «Ведамасці» — з'ява выключная, іх рэдактар — асоба незвычайная. Праціўнікі называлі яго «місюгінэ», што па-яўрэйску азначае «вар'ят», і хацелі пабіць яго камянямі. Эпізадычны, але вельмі яркі, запамінальны вобраз, выпісаны з вялікай сімпатыяй і гумарам у процівагу сатырычным вобразам панямонскай «інтэлігенцыі». Параўнаўшы Бухберга са старажытным біблейскім прарокам, аўтар надзяліў панямонскага інтэлігента здольнасцю змагацца, актыў-на дзейнічаць, а не толькі выкрываць і бічаваць.

   Алесь Садовіч пасля паражэння на зялёным полі прыйшоў да цвёрдага пераканання, зрабіў выснову, што надалей трэба пазбягаць такіх спакус, абыходзіць балота бокам. Лабановіч даводзіць, што са спакусамі трэба змагацца: «Няўжо мы, Алесь, такія бязвольныя, што гэтых спакус не можам здолець? Бо гэта ж ёсць прызнанне свайго бяссілля, раз ты баішся спакусы». Слушна даводзіць яму Садовіч, што таму, каму цяжка ўстаяць перад спакусамі, хто адчувае, што за іх слабейшы, не трэба з імі і ўступаць у барацьбу, — лепш унікнуць, пазбегнуць: «А на чорта, змагацца з імі, калі гэтага можна ўнікнуць?  

   Змаганне, ды яшчэ з няпэўнымі вынікамі, патрабуе траты энергіі і будзе заўсёды замінаць той ці іншай рабоце над сабой».  

   Пасля паражэння ў барацьбе са спакусамі Алесь цвёрда вырашыў працаваць у родных Мікуцічах, дзе «нікога няма, хто пацягне на карты, на п'янства...».  

   Усё лета правёў Лабановіч у родных мясцінах, дапамагаў па гаспадарцы дзядзьку Марціну. Не раз пашкадаваў, што прагуляў і прапіў запрацаваныя за год грошы, добра, што не паспеў атрымаць за летнія месяцы — іх Лабановіч намерваецца аддаць маці і дзядзьку, каб хоць трохі дапамагчы ім. Наладзіць гаспадарку так цяжка. Зямля пустая, хоць і многа яе, параскідана «за светам». Арэндная плата падвышана, а плаціць няма з чаго. Старэйшы брат Уладзя вось ужо тры гады як на плыты пайшоў. І якія заробкі — плыты. І з пашаю цесна, забаронена ўсюды, толькі дзе ступіць жывёла, зараз і штраф плаці.  

   І зноў Лабановіча непакояць думкі, чым можна палепшыць дабрабыт мікуціцкіх жыхароў, якія бядуюць так, як яго родныя: палі неўрадлівыя, а побач — балота з чорнай, як дзёгаць, гразёю. Сілы малавата, а то можна было б гэтую гразь перавезці на поле — зямля напэўна паправілася б і расло б тут збожжа, як лес. Ён ужо бачыў сябе ў ролі чалавека, які здолеў заклікаць грамаду на новую дружную работу. Грамада асушае балота, стварае новыя землі, праводзіць дарогі, абсаджвае іх дрэвамі, робіць маеты, будуе новыя дамы і пачынае жыць шчасліва і заможна...  

   Праект пляменніка — падвезці чорнай зямлі з алешніку на поле — дзядзька прызнаў вартым увагі, можа, проста каб не пакрыўдзіць «настаўніка». Але... тут знайшлося сваё «але». Па-першае, на гэтую справу патрабуецца многа сілы, часу і працы. Але галоўная прычына — зямля была не іх, а арандаваная. Невядома, што будзе далей з арэндаю. Можа, яшчэ скажуць зносіць адгэтуль і будынкі. Жаліўся дзядзька Марцін, што ўсюды ўціск пачаўся: «Няма, брат, простаму чалавеку ні волі, ні разгону. Іх сіла і іх права. Служыў, служыў бацька ўвесь век, а памёр — сям'я куды хочаш дзявайся...»  

   Мікуцічы — сяло вялікае, вядомае ва ўсёй акрузе. Стаіць на пясках каля Нёмана. Народ тут бедны, малазямельны. Жыць з гаспадаркі цяжка, і мікуцічане перабіваюцца заработкамі: зімою возяць калоды, вясною і летам ходзяць на сплаў — на згоны і на плыты. Але гэтых заробкаў мала. Моладзь расходзіцца па свеце, каб выбіцца ў людзі, знайсці сабе кавалак хлеба і бацькоў падтрымаць. Такім парадкам, Мікуцічы маюць сваю інтэлігенцыю, пераважная большасць якой прыходзіцца на настаўніцтва. Летам настаўнікі і з'язджаюцца да бацькоў. Каб палепшыць людское жыццё, Лабановіч і падняў раз пытанне пра грэблю сярод настаўнікаў свайго сяла. Але Іван Перагуд так сфармуляваў і сваю і агульную пазіцыю наконт прапановы: «Не мяшайся ў жыццё, няхай яно ідзе, як ідзе. Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе».  

   Паспрабаваў тады Лабановіч з народам пагутарыць пра грэблю, аб'яднаць мікуцічан, арганізаваць на калектыўную працу. Усе згаджаліся, што грэбля патрэбна, але гэта нялёгкая справа. Ды і не прывыклі людзі грамадою працаваць: «Калі б прыехаў прыстаў з бізуном ды даў перцу, то паставіў бы ўсіх на работу».  

   Лабановіч пасля такога прыкрага правалу ўсіх сваіх праектаў і парыванняў нават і ў сяле не паказваўся. Садовіч яго суцяшаў: «На-род наш спіць, воля яго спаралізавана, у яго многа нянек, апекуноў, з яго рук выбіта ўсялякая ініцыятыва. Вось дзе карэнне яго бяды». 

   Лабановіч атрымаў пакет — назначэнне ў Выганаўскую школу. На карце ён не знайшоў свайго новага месца і падумаў, што гэта, напэўна, яшчэ большая глуш, чым Цельшына. Цяпер яно ўжо зусім адыходзіла ад яго. І толькі вобраз Ядвісі быў з ім неадступна, сама яна як жывая стаяла ўвесь час перад вачамі.

Похожие статьи:

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся.Частка другая. На новым месцы

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка першая. Верхань

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Пераказ зместу. Кніга першая. У палескай глушы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка другая. На крыжавых дарогах