Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Вадаспад

Увага! Поўны змест

І

   На гэты вадаспад, што так гучна сакатаў на ўсю ваколіцу, было шмат нараканняў. Наракалі на яго алешыны, якія звешвалі над ім зялёны вяночак злучаных угары верхавін; наракаў лес. Нават сярод птушак трапляліся такія, што не мелі вока на гэты шумлівы, заўжды парывісты і не ў меру гаманкі вадаспад.
   — Ці дасі веры, любачка, — казала чарнагрудая пліска кропельцы расы, што выступіла на чарнабыльніку, — такі жаль, такі жаль! І навошта дае Бог сілу крыўдзіцелям? Ці ж для таго толькі, каб прыгнятаць слабых?
   — А што такое, мілая плісачка? — спытала роска.
   — Ох! несла я пушынку, — такое прыўдалае перачка. Ну, думаю, добрая будзе пасцелька для маіх дзетак. Аж лячу над вадаспадам, выпусціла пушынку, трапіла яна якраз у вір і прапала... От і вазьмі ж ты — такая самая, здаецца, вада, такая ж самая, як і ўсюды; дый ты сама, любка роска, такая ж самая вадзіца, як і ў тым вадаспадзе, а вось жа ты спакойная і з табою люба пагаманіць.
   Прамень сонейка, прабіўшы гушчар зялёнага лісця, дакрануўся да расы, і яна ўся заіскрылася, зачырванелася, бы гожая дзяўчына, якой сказалі, што яна прыгожая і мілая.
   — Я — частачка таго самага вадаспада, на які ты так крыўдуеш, — сказала расінка і яшчэ больш загарэлася: ёй прыкра было слухаць скаргу пліскі-даўгахвосткі, бо і сама яна, роска, была крыху вінавата ў гэтым яе горы.
   — Ты?! — здзівілася плісачка.
   — Я, я... Прабачай, мілая!
   Чарнабыльнік, пачуўшы гэта, ціха засмяяўся і загайдаўся ад смеху. Беднай росачцы зусім сорамна стала, і яна, адбіўшы ў сабе апошні раз прамень сонца, упала на дол і знікла. Здзіўленая плісачка паківала галоўкай, пакруціла хвосцікам і паляцела на раздабыткі.
 

ІІ

   У высокіх алешын, што стаялі непадалёку, таксама былі прычыны вялікай крыўды на вадаспад. Алешыны — кампанейскія дрэвы, яны любяць гурт, любяць жывую гутарку з ранішнімі вятрамі; і яшчэ — любяць алешыны сваіх дзетак. Старыя алешыны хацелі перакінуцца хоць словам, гаманілі адна з другой на вуха, але нічога не маглі расчуць за страшэнным шумам вады. Яны нахіляліся, злучаліся верхавінамі, — усё дарэмна: гінулі іх словы і думкі прападалі, не даходзілі да іх. Ці не здзек рабіў ім гэты неўтаймаваны вадаспад? Дзе іх дзеці? Хто пацешыць ім старыя вочы?    Хто дасць палёгку ім у старасці? І толькі адна крайняя алешына зрэдку мела магчымасць загаварыць з дожджыкам. Старая кожны раз дзякавала дожджыку, што ён не пагарджаў ёю.
   — На сэрцы робіцца лягчэй, калі хоць слоўкам перамовішся, — казала старая. — І чаму не ўсе роўныя на свеце: і ты, дожджык, — вада, і там вада... А вазьмі ж ты...
   — І я — тая самая вада, што ў вадаспадзе; яшчэ тыдзень таму я грымеў там разам з мільёнамі іншых кропелек, — з гордасцю прамовіў ён тысячамі дажджынак.
   У гэты момант хмары разарваліся, сонейка зірнула на зямлю бліскучымі стрэламі яркіх праменняў, і дрыготнымі зоркамі заварушыліся, заззялі дажджавыя кроплі на старой алешыне.
   — Не, не можа быць, не можа быць! — здзівілася яна. — Ці ж можна раўняць іх?
   Ах, як хацелася ёй пагаманіць аб гэтым з суседкамі!
 

ІІІ

   Старасвецкі лес, асабліва тыя сыны яго, што стаялі непадалёку ад вадаспада, даўно ўжо сярдзіта шумелі, сварыліся і гразілі вадаспаду. Лес любіў спакой, у яго ёсць важныя думкі, мары. Лес хацеў паслухаць, як спяваюць прыгожыя птушкі, як шэпчацца зялёнае лісце з ціхімі кроплямі цёплага дожджыку; лес хацеў пранікнуць у цішыню і зразумець таемнасць свету. Лес любіў і буру, любіў паспрачацца з ветрамі-вар'ятамі, любіў рух-сілу, але вечнага няўпыннага шуму вадаспада ён не мог слухаць, — можа, таму, што вадаспад заўсёды балабоніў адно і тое. Праз гэты лес бегла быстрая, жвавая рачулка. Адвечныя хвоі з гладкаю карою стаялі на берагах і часамі любілі пагутарыць з рачулкай. І як было не любіць яе, калі яна так уважна, так прыветна вілася між карэннямі!
   — Вось у каго трэба вучыцца вадаспаду, гэтаму балбатуну, млыну пустому, — казала старая бярэзіна, выгнуўшыся над рачулкай.
   — Праўда, — падхоплівалі хвоі, — дзеці як бы адных бацькоў: і там вада, і тут вада, а нораў не той.
   — А можа, не ўся вада аднакая, — уставіў сваё слова высачэзны вяз, — і не заўсёды ў яе роўны нораў? Ці не ўрода тут мае галоўную сілу? Тады няма чаго раўняць вадаспад, ну, хоць бы з нашай рачулкай. Можа, каб наліў у яе вады з вадаспада, дык і яна зверам загула б.
   Дрэвы змоўклі і задумаліся: а можа, і праўда? Крыху паразважаўшы, зноў зашумелі яны, шукаючы пачатку і канцоў, і не маглі іх знайсці.
   — Скажы ты нам, рачулка, разваж нашу спрэчку, — звярнуліся дрэвы да рачулкі, — чаму ты такая ўважная, такая спакойная, што сэрца цешыцца, пазіраючы на цябе, а чаму вадаспад такі ганарысты, такі надзіманы? Ёсць у цябе што-небудзь супольнага з вадаспадам? Адна ў вас натура ці не?
   Рачулка ледзь-ледзь здрыганулася.
   — Ведаеце, мае мілыя: часта бывае так, што праўда часамі кладзе непраходную сцяну між найлепшымі сябрамі.
   — Затое ж праўда і раскідае гэтыя сцены! — сказаў стары дуб.
   — Так... Ну, калі вы ўжо так хочаце, дык скажу вам, толькі ж не крыўдуйце: я — частка таго самага вадаспада! Справа ж уся ў тым, што калі сіла высока забіраецца ўгору і яе там набіраецца дужа многа, дык яна можа прычыніць вялікую шкоду, калі даць ёй поўную волю і не паставіць у пэўныя межы. І ніхто няхай не забывае, што ён частка вялікай прыроды.

Похожие статьи:

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа