Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвігін Ш. - З маленькім білецікам

   Ці здарылася вам, браткі мае, ехаць на чыгунцы? Не? Ну і дзякуйце Богу! Мне бо давялося раз – няхай яна згарыць: чуць-чуць даехаў! А ехаць мусіў: у гарадской бальніцы ляжаў хворы ўнук – трэба было да яго дабрацца.
   Жонка адвезла на вакзал, добрыя людзі параілі, як і дзе купіць білет, нават улезці мне памаглі на гэту шалёную кабылу, згінь яна, прападзі!..
   Людцы мае! Колькі ж там народу, народу! I ўсе разам: і жыды, і мужыкі, і паны, і бабы разам паміж усіх сядзяць... Толькі гэта я зірк у адзін, у другі бок, аж тут калі зазвоняць, засвісцяць, загудзяць, ды гуруруру – вагоны, значыцца, крануліся; калі схіснуўся я, то, каб нейкі добры пан мяне не паддзяржаў, мусіць, і костачак я не сабраў бы сваіх.
   – Садзіся, – кажа да мяне, – старычок, – і сам пасунуўся крыху на зэдліку гэным.
   Сеў я, глянуў на яго – бачу – крапчэй ён за пана паказвае: па шапцы пазнаў я, што чьноўнік нейкі, а каля яго дзве паненкі сядзяць, ну, але сказаў сесці, то і сяджу.
   Толькі гэта шалёная кабыла так неяк не то што трасе, але калыша, каб на яе звод, што мне пачало млосна рабіцца. Дастаў я люльку, махоркай добра напхаў дый затуманіў – чую, палягчэла, адлягло; я тады другую і трэцюю. Бачу: нешта паненкі круціць носам пачалі і давай шаптацца з чыноўнікам. А той зараз да мяне:
   – Білет жа ты, старычок, маеш?
   – А як жа; грошы, – кажу, – заплаціў, вось і білет, выймаючы з капшука, паказваю яму.
   – Ах, стары, стары, куды ж ты, – кажа, – забраўся з гэткім маленькім білецікам? Гэта ж ты штраф заплаціш! Глянь, які мой!
   Калі глянуў я на яго білет – праўда: у разоў 20 большы за мой ды і зусім непадобны! Я гэта, доўга не чакаўшы, цмок у адну руку, цмок у другую.
   «Паночку, – кажу, – ваша выскароддзе, пакажыце ж, дзе мне сесці?!» – «Хадзі, – кажа, – пакажу».
   Павёў ён мяне, адчыніў нейкія дзверцы. «Во, – кажа, – у цябе маленькі білецік, дык табе па закону і маленькае месца палагаецца».
   Падзякаваў я яму за раду і ўвагу на маю старасць. Праўда, крыху цеснавата, але для аднаго годзе; і зэдлік да сцяны прыбіты, толькі з велізарнай круглай дзіркай, але сядзець нішто – выгодна. Прычыніўшы крыху дзверы, затуманіў я люльку, пачаў думаць, як там унук мой маецца, што жонка дома парабляе, аж тут тыц да мяне нейкі барадаты жыд, але, праўда, зара назад папёр; толькі я гэта стаў напіхаць другую люльку, аж тут шась да мяне нейкая паня, але то не абы-якая паня – так чыста адзеўшыся, што я ўжо маніўся хоць у куточку пры ёй пастаяць, хай бы садзілася на зэдлік – неяк бы змясціліся, але і яна стук дзвярамі і пайшла. Божухна-бацюхна, думаю сабе, пыхкаючы люльку, гэткая то, відаць, багатая паня, а мусі, таксама, як і я, бедны, з маленькім білецікам едзе. Не скончыў я яшчэ і другой люлькі, аж тут калі стаў да мяне сыпаць народ, – не раўнуючы, як на хрэсьбіны: усё скрыг ды скрыг дзвярамі, усялякага стану, і малых, і старых; а я сяджу сабе, як пан, – ведама, заплаціўшы грошы, – ды падміргваю ім, ды ўсміхаюся з іх зайздрасці. Аж ізноў лезе той самы барадаты жыд ды як наваліцца на мяне: «Што ты, – кажа, – адзін рассеўся? Іншым не трэба, ці што? Злазь!»
   – Дурны ты, кажу, дурны. Я ж за свае крывава запрацаваныя грошы білет купіў, праўда – маленькі, але пан, дай Божа яму здароўя, паказаў мне, дзе і з гэткім білецікам можна да ўнука даехаць...
   – От я табе пакажу ўнука! – крыкнуў жыд і пабег некуды.
   Аж зара навёў ён на мяне нейкіх чыноўнікаў, ці ліха іх там ведае каго, і сталі яны мяне адтуль цягнуць.
   Але не такі я ўжо дурань, хоць першы раз на гэтай паганай кабыле еду, – не даўся.
   Прыехалі на нейкую станцыю, навялі на мяне нейкіх вайсковых з аружжам людзей; тыя, дык, прызнаюся, адразу далі рады мне, старому, і нават на вакзал зацягнулі, хацелі нешта пісаць ды і мяне пакінуць тут... чуць-чуць выпрасіўся і ледзь дабраўся, дзякаваць Богу, да месца.

Похожие статьи:

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Антон Іванавіч Лявіцкі

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Сабачча служба

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Павук