Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвігін Ш. - Золата

   Прыехаўшы ў вёску, Васіль набывае кавалак зямлі, што пуставала побач са Стрончыкавай, купляе сёе-тое з гаспадаркі і пакуль што жыве ў Стрончыкаў. Васілю спадабалася Зося. Наколькі яна яму дарагая, хлопец асабліва адчуў, калі ад'ехаў на 50 вёрст ад хаты, дзе жыла Зося. «Розныя думкі ажно прашылі яго мозг: не спаў усю ноч, а назад гнаў каня да Стрончыкавай сялібы як на пажар. Угледзеўшы ўрэшце Міколу і Зосю, ён так з імі вітаўся, так аб усім распытваўся, — як бы нямаведама колькі часу не бачыліся. Аніяк не мог даць веры, што праз гэты час нічога не змянілася, і заглядаў у вочы то старому, то дзяўчыне з недаверствам: ці крыюцца яны перад ім з чым-колечы, аб чым не хочуць прызнацца».
   Агледзеўшы ўсю гаспадарку, нагаварыўшыся даволі, Васіль, змучаны дарогай, кінуўся на сена спаць, але трывожныя думкі зноў захапілі хлопца. Ён пачынае аналізаваць сваё становішча і прыходзіць да вываду, «што прычыны неспакою не ў грошах, частку каторых успеў расторыць, не час, патрачаны на чужую гаспадарку, не зямля, не тая пусташ, якую марыў набыць, — не, усё гэта толькі тыя нітачкі, якія накручваюцца на адзін і той самы клубок, а клубок адзін — Зося».
   Васіль вырашае пагаварыць з Зосяй як найхутчэй, каб была пэўнасць, тады вернецца і спакой, пагаварыць неадкладна, заўтра раніцай. Пісьменнік тонка перадае душэўны стан хлопца, праўдзіва апісвае яго збянтэжанасць, яго пачуцці. «Але раніца як бы ахаладзіла той імпэт, які быў агарнуў яго ўчора з вечара. Няпэўнасць — чым і як скончыцца найважнейшая для яго цяпер справа — адбірала адвагу: ось, у нядзелю пойдуць на вечарынку ў мястэчка — тады і разгаварыцца найлепш будзе, — ніхто не перашкодзе. Прыйдзецца, праўда, чакаць яшчэ два дні — што зробіш — пры рабоце час праляціць нязначна, а там усё будзе ўжо вядома і скончана.
   Аднак мыляўся Васіль: тыя два дні, якія, спадзяваўся, шпарка пройдуць — як на злосць цягнуліся бесканечна, а кожная работа, за якую бы ні браўся, так не спорылася, што проста з рук валілася. Калі ж урэшце надышла нядзеля і збліжаўся час выбірацца на вечарьшку, то Васілю раптам захацелася, каб зноў вярнуліся і субота, і пятніца. Яго цвёрдая пастанова неадкладна разгаварыцца з Зосяй зноў пачала неяк слабець, таяць».
   Грошы, багацце, золата — вось той д'ябал, які так заблытаў чалавечыя адносіны і прывёў да трагічнай развязкі.

   «Золата» — гэта сур'ёзная спроба стварэння псіхалагічнай аповесці. У творы напружаны сюжэт (прычым драматызм унутраны), намечана логіка развіцця характараў, ёсць цікавыя псіхалагічныя даследаванні. А гэта з'яўляецца значным дасягненнем маладой беларускай прозы.
   Аповесць з'явілася лагічным працягам той работы па ўзбагачэнні апавядальнай культуры беларускай прозы, якая праводзілася пісьменнікам дагэтуль у бытавых апавяданнях. Тое, што ў іх толькі намячалася, тут выявілася больш поўна: уменне падаць жыццёвыя з'явы з поўнай глыбінёй, з падтэкстам, свядомае выкарыстанне няўласна-простай мовы з мэтай стварыць аб'ёмнасць слоўнага малюнка.
   Ядвігін Ш. даследуе ў аповесці душэўны свет герояў, спрабуе намаляваць характар. I многае яму ўдаецца. Так, па-мастацку пераканаўча падаюцца ўзаемаадносіны галоўных герояў твора Васіля Дубінскага і Зосі Стрончык — ад першага іх знаёмства да трагічнай смерці Васіля.
   Тэма «ўлада грошай» не новая ў сусветным мастацтве. Але Ядвігін Ш. раскрывае яе на новым жыццёвым матэрыяле, падае характары ў спецыфічных нацыянальных абставінах. У аповесці апісаны побыт, норавы, патрэбы, спадзяванні беларускага селяніна, ярка намаляваны асноўныя рысы сялянскай псіхалогіі, узаемаадносіны мужыка з местачковым мяшчанствам.
   Твор Ядвігіна Ш. «Золата» — цікавая з'ява ў беларускай літаратуры і з боку насычанасці канкрэтным жыццёвым матэрыялам, і як адна з першых у прозе сур'ёзных спроб псіхалагічнай аповесці.

Похожие статьи:

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Сабачча служба

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Антон Іванавіч Лявіцкі

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Павук

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ