Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Сыракомля - Лірнік вясковы

      Ідылія


I

Лipa мая ты спеўная! З чараўнічага дрэва,

Мусіць, ты змайстравана.

Ледзь вазьму цябе ў рукі, усе, як ёсць, твае гукі,

I песняй я ўвесь забраны.


Чую радасць без краю, быццам бы сэрца грае

I смутна, і вясёла.

Я шчаслівы, багаты, зноў ад хаты да хаты

Іду праз родныя сёлы.


У дарагой старонцы і дзень, і ноч, і бясконца

Граць і граць буду людзям —

Да ўсхваляванага твару горача кроў ударыць,

Болем сціснуцца грудзі.


Хай рука ўся здранцвее, сэрца няхай замлее,

Тону не зніжу я, шчыры.

Мо нават страчу голаў, усё ж я — лірнік вясковы,

Памру, пеючы на ліры.

 

II

Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва!

Ты — інструмент небяспечны!

Хто да цябе прыхінецца, струн тваіх дакранецца,

Помніць цябе будзе вечна!


Думка да зор панясецца, шчасця захочацца сэрцу,

Страты згадае кожны.

Ты — пакаранне з неба! Нібы з той брытвай, трэба

Быць з табой асцярожна!


Брытва парэжа цела, песня ж, што з сэрца ўзляцела,

Раніць душу маладую.

О! Людзям часта здаецца: лірніку лёгка пяецца,

Быццам бы ён не гаруе.


Што могуць ведаць людзі, як мне баляць часам грудзі,

Як мяне думы будзяць:

Граць ад сэрца, як трэба, граць высока му небу

I ў карчме добрым людзям.


Граць адзінай, каханай, хай мой спеў палымяны

Ёй душу ахінае —

Ці жне жыта на полі, ці гуляе ў прыволлі,

Ці ў гайку спачывае.


Ну ж у мяне і дзяўчына! Хлопцы роем пчаліным

Уюцца пры ёй, бывае.

Хлопца — той вусамі, той — серабром, кутасамі,

Той — меч стальны выстаўляе.


Бог мне болей прызначыў: даў мне талент спявачы!

I прад любым мундзірам

Песню не зніжу і голаў — горды лірнік вясковы,

Памру, пеючы на ліры!

 

III

Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва,

З табой надзея малая!

Песні не гожыя, мусіць: ці перад небам малюся,

Ці для людзей заспяваю —


Толькі ніхто й не зважае, як ад сцяны, адлятае

Голас — у хаце ці ў полі.

Бо каму ні пяю я — чуе, як бы не чуе.

О мая бедная доля!


Так, калі часам з краю сяду ля алтара я

I, як хачу, зайграю,

Ксёндз глядзіць тады з гневам, што царкоўныя спевы

Смутным тонам збіваю.


А як пайду на свята, дзе хлапцы і дзяўчаты

Весела ў крузе скачуць,

У шуме гульняў вясковых лёс свой кляну песняровы,

Нават цішком заплачу.


Слухаць пачне дзяўчына, але душу зачыніць,

Гора мне, горка на сэрцы —

Позірк лаўлю я харошай, кіне ж яна мне тры грошы

I ў скокі з іншым ірвецца.


Дзед загугнявіць ля вуха: «Колісь я лірнікаў слухаў!

Гралі — будзьце здаровы!

Сёння ж ліру, бывае, хлопец бязвусы трымае —

Даць яму б рог Пастуховы!»


I так паўсюль: маё гранне хваліць адзін, іншы — ганіць.

Дзякуй, дзякуй вялікі —

Што мне з гэтакай ласкі, калі ў далоні хто лясне:

Раніць ён сэрца музыкі!


Ліра! Ты боль мой і церні! I ўсю разбіць бы цяпер мне!

Кінуць бы ў кіпень віру!..

Ды толькі ты — мая мова, і я ўсё ж — лірнік вясковы!

Памру, пеючы на ліры!

 

IV

Ліра мая ты спеўная з чараўнічага дрэва!

Пояць слязамі людзі

Песні мае, і ў часіну, калі навек я спачыну,

Ты маім помнікам будзеш.


Эй, разляціцца навокал рэха тваё далёка!

Я ад краю да краю

Спеў данясу твой са славай — аж да Кіева нават,

Аж да самога Дунаю.


Некалі ў вокны — так будзе! — стукнуць чужыя людзі

Да суседскай хаціны:

«Мы ўсе прыйшлі, каб глянуць, дзе спачывае нам знаны

Лірнік — гонар краіны».


Будуць вяскоўцы здзіўляцца, ціскаць плячамі, шаптацца,

Скрозь паляцяць пагалоскі:

«Людзі з далёкага краю нашыя песні спяваюць!

Песні нашае вёскі!»


Стануць усе хваліцца, сваім земляком ганарыцца

Перад людзьмі чужымі.

I — заўсёды, усюды — славіць лірніка будуць,

Што жыў і спяваў з імі.


I ўсім, хто прыйдзе ў госці, пакажуць крыж на пагосце

Ды курганок са жвіру.

Скажуць горды я словы: «Тут наш лірнік вясковы!

Памёр, пеючы на ліры».


18 студзеня, Залуча, 1852

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

 

Похожие статьи:

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Добрыя весці

БиографииУладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Хадыка

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Не я пяю — народ божы

Уладзіслаў СыракомляУладзіслаў Сыракомля - Ужо птушкі пяюць ўсюды...