Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Чорны замак Альшанскі

   Кожны новы твор высвечваў усё новыя і новыя грані таленту мастака. Каб зразумець сучаснасць і прагназаваць будучыню, неабходна звяртацца да мінуўшчыны. У "Каласах пад сярпом тваім" пісьменнік пісаў: "Хто згубіў сваю памяць — згубіў усё..." Гэты, адзін з галоўных эстэтычных прынцыпаў пісьменніка выразна выявіўся і ў рамане "Чорны замак Альшанскі" (1979). Галоўны герой Антон Косміч: "Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў".
   Антон Косміч — спецыяліст па сярэдневяковай гісторыі. Аднак пільная ўвага да мінулага свайго народа ў яго не толькі чыста прафесійная. Для Косміча, як і для іншых станоўчых герояў Уладзіміра Караткевіча, гісторыя з'яўляецца часткай духоўнага жыцця. Гэта натура валявая і энергічная, не церпіць зла і несправядлівасці. Зацікавіўшыся падзеямі з беларускай гісторыі, Косміч змог раскрыць злачынствы, якія адбыліся не толькі амаль чатырыста гадоў таму, але ў мінулую вайну і ў нашы дні.
   Уладзімір Караткевіч хоча не проста зацікавіць, заінтрыгаваць чытача самай дзівоснай і неверагоднай гісторыяй з жыцця свайго героя. Ён хоча сцвердзіць, што ўсё ў жыцці ўзаемазвязана і ад кожнага можа залежыць многае.
   У рамане "Чорны замак Альшанскі" Караткевіч паспяхова выкарыстоўвае прыёмы дэтэктыўнага жанру. Таямніча ці загадкава паміраюць многія героі, ёсць дынамічныя вострасюжэтныя апісанні, не абыходзіцца, як часта бывае ў творах падобнага плана, без міліцыі, графалагічнай экспертызы. Тым не менш гэта ўсё знешнія прыкметы жанру. Аўтар і сам крытычна ставіцца да іх. Вуснамі аднаго з персанажаў сцвярджае: "Нічога гэтага не будзе. I перастрэлкі таксама. Бо — досыць стандартаў". Уладзімір Караткевіч хоча раскрыць нешта вельмі ўласнае, глыбока перажытае, выпакутаванае і адначасова грамадска значнае, агульначалавечае, важнае для ўсіх.
   Антона Косміча глыбока ўзрушыла смерць яго лепшага сябра Мар'яна Пташынскага. Падсвядома ён адчувае, што Пташынскі быў забіты. I таму не адступае ад жадання раскрыць праўду.
   Меў рацыю Міхась Тычына, які ў рэцэнзіі на раман "Чорны замак Альшанскі" пісаў: "У рамане Караткевіча акцэнт ставіцца на ўслаўленні чалавечай інтуіцыі, творчых адносін да свету, у аснове якіх ляжыць усё вялікае багацце чалавечай прыроды, яго эрудыцыя, яго жывое, непасрэднае ўспрыманне падзей і ўменне павярнуць сабе на карысць нават самую нявыгадную сітуацыю". Космічу ўласцівы нешаблонны, творчы і актыўны падыход да жыцця і людзей. Імкнучыся расшыфраваць тэкст старажытнай запіскі, ён разумее перавагу чалавека ў гэтых адносінах над любой, самай разумнай машынай, бо нават "адмаўленне загадзя ад невырашальнай задачы не сведчанне бяссілля, а сведчанне ўсемагутнай сілы чалавечай логікі". I гэта логіка грунтуецца на жывой чалавечай страсці, інтуіцыі, фантазіі і розуме, на актыўным, неабыякавым стаўленні да жыцця і людзей.
   Антона Косміча раздражняе міліцыянер Клепча, які "гаворыць штампамі і, там, дзе гэтага не трэба, занадта ўзнёсла". Маральная глухата нараджае казённа-бюракратычныя адносіны да справы, якую Клепча выконвае. Таму Косміч пры раскрыцці злачынства знаходзіць саюзнікаў у людзях, духоўна блізкіх яму, — Хілінскім, "Абелі ў адстаўцы", і Шчуку — прадстаўніках органаў дзяржаўнай бяспекі, людзях з багатым жыццёвым вопытам. Хілінскі, напрыклад, разважаючы пра падзеі мінулай вайны і разумеючы ўсю складанасць і супярэчлівасць жыцця, сцвярджае, што чалавек павінен заставацца чалавекам у самых крытычных сітуацыях: "Там таксама не толькі героі. Там розныя людзі былі. Была і выпадковая сволач, накіп... Адчувае — застанешся на месцы — каюк, а ў лесе, можа, і ўратуешся. Дав-вай у партызанку!.. I вось пасылаюць кагосьці на самае страшнае, на службу ў немцаў... I вось, уявім, застаўся адзіным сведкам адзін вось такі, медузападобны. Адзіным сведкам, адзінай надзеяй таго, хто "ў немцаў" прадаваў... Бывае, што і адхрысціцца гэтая "адзіная надзея"... Адрачэцца. Каб цень не лёг, каб крый божа, кар'еры не сапсуць, каб вылезці наверх... Баіцца, дрыжыць: а раптам не разбяруцца дый мяне як саўдзельніка... А мёртваму што, мёртваму ж не лягчэй? Мёртвым усё роўна, ім не баліць". Тут пісьменнік думае не толькі і, відаць, не столькі пра вайну, колькі пра чалавека і ягоныя паводзіны ў выключных абставінах.
   Вайна наклала адбітак на лес многіх герояў, трывожнай і балючай памяццю прысутнічае ў іхняй свядомасці. Праўда, некаторыя, напрыклад, Высоцкі, гатовы спекульнуць на гэтым святым пачуцці. Прайдзісвет і злачынца за польскім часам і ў дні вайны, кіраўнік банды ў пасляваенныя гады, ён прыкінуўся такім ціхім, бяскрыўдным і спакойным абывацелем. Яго, як і Косміча, абураюць словы, кінутыя ў іхні адрас пасажырам цягніка — "тубыльцы". Высоцкага раздражняе, што ён павінен у нейкай глухамані сядзець і шукаць схаваны нямецкі архіў, які можа выкрыць яго як злачынцу. Раздражняе, што не знаходзяцца схаваныя каштоўнасці. I ён злосна іграе перад Космічам сваю ролю пакрыўджанага. У гэтай сцэне мы яшчэ не ведаем, хто ёсць хто, што Высоцкі — колішні здраднік і бандыт. I ўсё ж Косміч падсвядома адчуў нешта няладнае ў словах Высоцкага, і яму "стала раптам сорамна і ўспаміну, і таго, як я тады расхваляваўся". А ўспомніў Косміч выпадак, калі аднойчы ў вагоне ён асадзіў рэзкім словам пасажыра, які, гледзячы з акна вагона на прыдарожны беларускі пейзаж, прамовіў, што немцы мелі рацыю, называючы гэты край "шайзэланд" (дрэнная краіна, зямля). Вось як атрымліваецца. Чалавеканенавісніцкая ідэалогія фашызму і мараль мешчаніна збліжаюцца. Пісьменнік, як той авадзень Сакрата, трывожыць і непакоіць грамадства, напамінае, якое гора прыносіць зло, у якой бы форме яно ні выяўлялася.
   У гэтым сацыяльна-псіхалагічным і нават філасофскім творы аўтар, звяртаючыся да гісторыі, імкнуўся глыбей зразумець праўду жыцця, сэнс людскога існавання.
   Высоцкі-Кулеш і Ганчаронак-Боўбель, злачынцы і бандыты, увасабляюць у рамане ўсё злое і адмоўнае. Раскрыўшы іхнюю сапраўдную сутнасць, Косміч у крытычны для свайго жыцця час кідае ў іх адрас наступныя словы: "Бо вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край і трывала забылі пра некаторых тыпаў і іх учынкі". Дзеля ўсталявання праўды якраз і змагаюцца разам з галоўным героем супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі Хілінскі і Шчука, вясковыя настаўнікі Змагіцель і Шаблыка, айцец Леанард Жыховіч, вартаўнік замка і касцёла Мультан, кіраўнік археалагічнай экспедыцыі Стася Рэчыц.
   Каларытна выпісаны ў рамане Людзвік Лапатуха. Звычайны заходнебеларускі хлопец, ён за польскім часам, маючы універсітэцкую адукацыю, працаваў бібліятэкарам у магната Альшанскага. У гады вайны Лапатуха ўцёк з-пад расстрэлу. Пасля гэтага стаў вар'ятам. Але ў народзе ходзяць чуткі, што толькі ён ведае, дзе схавала айнзацкаманда перад адступленнем архіў і каштоўнасці магната Альшанскага. Гэты чалавек у кепцы казырком назад, якога суправаджае картэж сабак, часта з'яўляецца ў рамане, як юрод у класічных трагедыях, каб сказаць прарочыя словы. Вось ён выкрыквае ў адрас старшыні калгаса Альшанскага, аднафамільца князя, і бухгалтара Ганчаронка словы: "Забойцы! Забойцы!" I тут жа пераключаецца на Косміча: "Ага, да праўды ідзеш? Тым хутчэй галаву скруціш. Абселі ўжо цябе, абселі". Успамінаць мінулае ён не можа. Гэта для яго агідна і балюча. Псіхіятр Лыганоўскі, пагаварыўшы з Лапатухам, прыходзіць да заключэння: "Не хоча ўспамінаць мінулае. Небяспечна. Многія людзі ў такіх выпадках начыста забываюць мінулае жыццё. Наступае так званая амнезія. Словам, калі ў такіх не аднаўляецца памяць, — лічы, усё згублена. Як правіла, забываюць нават імя". Аднак урач сцвярджае, што хворы многае, калі не ўсё, можа ўспомніць. Людзвік Лапатуха са сваім уяўным вар'яцтвам, са сваёй незагойнай ранай-памяццю пра мінулае, са сваёй безабароннасцю, душэўнай прасветленасцю і чысцінёй — адзін з самых глыбокіх і трагічных вобразаў рамана, вобраз сімвалічны і шматзначны.
   Лыганоўскі, сусед Косміча, высокакваліфікаваны ўрач-псіхіятр, — апошні з роду Альшанскіх. Гэта па яго віне і з яго ведама ўчынены многія забойствы і вядуцца пошукі скарбаў роду Альшанскіх. Паказаўшы Космічу сваіх пацыентаў, ён кажа: "Многіх з іх не вылечыш. I саромецца няма чаго. Прыйдзе час, на гэтых, безнадзейных, мы накопім матар'ял надзеі для іншых". Здавалася б, ён занепакоены лёсам медыцыны. Але на людзей ён глядзіць толькі як на паддоследных істот, не болей. Ды і Косміча ён прывёз у бальніцу з той мэтай, каб намякнуць яму аб неабходнасці спыніць далейшыя росшукі таямніцы XVII стагоддзя і вінаватых у смерці Мар'яна Пташынскага.
   Лыганоўскі — фігура злавесная і адначасова трагічная, вобраз складаны і неадназначны. Косміч на заключных старонках рамана асуджае яго як нягодніка і прахвоста, ганебна абыякавага да людзей. I разам з тым бачыць у ім высокакваліфікаванага спецыяліста і разумнага чалавека, які мог бы столькі карысці прынесці грамадству. Хілінскі таксама са шкадаваннем адзываецца пра Лыганоўскага: "Не зрабіўшы... амаль нічога людскага", як прызнаўся пры дазнанні Лыганоўскі, гэты апошні прадстаўнік магутнага калісьці роду атруціўся ў турэмнай камеры.
   Вядомае выслоўе кажа, што каб змагацца з ворагам, трэба вывучыць яго. Лыганоўскі-Альшанскі дасканала вывучыў свайго асноўнага ворага — Косміча. I толькі аднаго, як ён прызнаўся, недаацаніў у сваім саперніку — ягоную волю і таго, што ведамства Шчукі зацікавілася ўсім гэтым. Лыганоўскі ў Космічу ацаніў вартага саперніка, які "ведае мэту, умее ісці і ідзе".
   Так, неабыякавасць да жыцця, увага да кожнага чалавека, сапраўдная любоў да радзімы, актыўная жыццёвая пазіцыя садзейнічалі поспеху Косміча. З ягонай дапамогай былі знойдзены скарб Альшанскіх і архіў айнзацкаманды. Ён разгадаў таямніцу пра Валюжыніча і Ганну-Гардзіславу Альшанскую. Спусціўшыся ў скляпенне замка, людзі знайшлі два шкілеты, якія ляжалі блізка-блізка адзін да аднаго.
   Пісьменнік піша: "Я ведаю, як вы зараз паглядзіце на мае апавяданне. Меладрама? Гамлет з чэрапам? Шкілеты флінтавых ахвяр на "Востраве скарбаў"? Баярын Орша?" У гэтым выказванні выявілася сутнасць асобы мастака. Усё гэта сапраўды магло здацца меладрамай, каб толькі не адзін маленькі, але шматзначны штрых: пад тазавымі касцямі жанчыны ляжалі костачкі дзіцяці, якое не нарадзілася. Вось яно, жыццё ва ўсёй яго аголенасці — поўнае драматызму і трагедый. I не варта нічога выдумляць, чаго не было ў жыцці. Пісьменнік сцвярджае, што "выдумшчыкаў такіх меладрам паложана, уласна кажучы, біць па мордзе".
   I калі Косміч пакідае Альшаны, то пра людзей, якія прыйшлі яго праводзіць, думае, што гэта былі ягоныя людзі, яны сталі яму блізкімі. Тут ён знайшоў каханне: неўзабаве Косміч жэніцца са Стасяй.
   У рамане "Чорны замак Альшанскі" Караткевіч дасягнуў асаблівай свабоды самавыяўлення, зрабіў, і не без поспеху, нават спробу вызначыць характар сваёй творчасці. Адзін з герояў з лагоднай іроніяй і мяккім гумарам кажа пра Караткевіча наступнае: "А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць". I гэта сапраўды так. Ягоная характарыстыка ўласнай асобы, пры пэўным іранічным і гарэзлівым адценні, надзвычай трапная і дакладная. Калі ў яго папярэдніх творах узаемадзейнічалі рэалістычны і рамантычны пачаткі, то ў "Чорным замку Альшанскім" дамінуючым і вызначальным, асабліва пры паказе сучаснасці і недалёкай мінуўшчыны, з'яўляецца рэалістычны. Бывае, героі ўнутрана пратэстуюць супраць рэалізму, але, як і раней, яны пратэстуюць, паводле слоў самога пісьменніка, супраць таго паршывага нашага рэалізму, які дазволіў Космічу вытлумачыць таямніцу з'яўлення на сцяне замка адбіткаў манаха і жанчыны, а тым самым здолеў "такую казку, прыгажосць такую ў друз расшкуматаць".
   Тут пісьменнік імкнуўся паказаць жыццё ва ўсім багацці і разнастайнасці, стварыць характары не толькі рамантычна яркія, але і рэалістычна праўдзівыя, тыповыя, шматгранныя, якія дзейнічаюць і раскрываюцца часам у некалькі незвычайных, але вельмі рэальных жыццёвых абставінах. Ён засяродзіўся, задумаўся над сутнасцю жыцця і смерці, над сэнсам людскога існавання. Аднак і ў гэтым рамане пазнаецца ранейшы Уладзімір Караткевіч, неўтаймаваны, неспакойны і адначасова жыццелюбівы, пяшчотны і лірычны. I ў гэтай кнізе шмат аўтарскіх адступленняў, якія сведчаць пра адзнакі таленту і светаадчування мастака, вызначаюць паэтыку твора. Пісьменнік як бы між іншым, але вельмі сур'ёзна папракне беларускіх вучоных, што яны "так і не ўдасужыліся за сто год даследаванняў зрабіць адносна поўны слоўнік старабеларускай мовы" ці заўважыць, што "славутая Мала-Мажэйкаўская царква, шэдэўр наш, на самай справе стаіць у вёсцы Мураванае".
Караткевіч па-ранейшаму шмат думае пра беларускі нацыянальны характар, пра гістарычны лес беларускага народа. Паказальны дыялог Косміча і Шаблыкі:
   — Н-на,— сказаў урэшце я,— зямелька ў вас з фокусам!., страшнаватая. I на кожным кроку фардыбачыць, як неаб'езджаная кабыла.
   — А гэта таму, — сказаў Шаблыка, — што мы на сабе ездзіць нікому не дазвалялі.
   Галоўны герой разважае: "Добры ўклад унеслі браткі-беларусы ў культуру свайго і братняга, польскага, народаў... I потым, не будзь гэтых людзей, не выраслі б на гэтай глебе ні Баршчэўскі, ні паэт-тытан, ад уласнай беднасці падораны намі Польшчы". I ў гэтым выказванні няма адзнак правінцыялізму. Сапраўды, беларуская зямля дала многіх славутых людзей, у тым ліку і выдатнага польскага паэта Адама Міцкевіча.
   Караткевіч закранае і такое пытанне, як захаванне помнікаў архітэктуры і ўвогуле духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа. Што казаць, часта сустракаліся ў тыя гады выпадкі, калі аснова старажытнай будыніны была падмуркам для кароўніка, а на помнік архітэктуры гналі бульдозер.
   У сваім рамане пісьменнік выступіў супраць духоўнага спусташэння чалавека. Ён імкнуўся раскрыць не прыватную і займальную гісторыю, што здарылася з ягоным героем, а паспрабаваць выявіць повязь паміж мінуўшчынай і сучаснасцю, раскрыць жыццё ва ўсіх яго складанасцях і супярэчнасцях, сцвердзіць думку пра непераможнасць і ўсемагутнасць дабра і чалавечнасці.
   Косміч, Шаблыка, Змагіцель, Хілінскі і іншыя станоўчыя героі рамана неабыякавыя да зла і несправядлівасці. Сумленныя людзі, яны вераць, што "помста ўсё ж ёсць... За кожную кроплю крыві, за кожную слязу. Не цяпер, дык заўтра. Не самому, дык нашчадкам". I разважаюць яны на ўзроўні персанажаў класічных твораў. Нагадаем хоць бы герояў Дастаеўскага з іхнім пакутлівым роздумам над многімі праблемамі людскога быцця.
   Роздумам над лёсам чалавечым і над прызначэннем творцы Уладзімір Караткевіч блізкі і да Максіма Гарэцкага. Так, беларускі аўтар у драматызаванай аповесці "Антон" Гарэцкага мукі галоўнага героя і прычыну ягонага самагубства бачыць у драме чалавечага духу. Апавядальнік на заключнай старонцы твора паведамляе: "Схадзіў я на наклон крыжу твайму пахіламу, Антоне, пасядзеў пад бярозкаю шумна-ціхаю, падзівіўся на край родны беларускі і
   — Жыць!
   Вечны спакой табе, Антоне, і табе, Іванька!
   Я цвёрда стаю... Расце нешта непамернае ва мне... Павадыры! Дзе вы?
   Браты, сястрычкі, ідзіце за мною. Дзядзінка! Выстагнаўся твой пляменнік.
   — Жыць!"
   Галоўны герой рамана Караткевіча ў эпілогу сцвярджае, што ён пастараецца "пражыць жыццё, рэшту яго спаўна... Аддаць сябе поўнасцю братам". I тады ён пойдзе на спатканне з Богам, калі ён у яго ёсць, і скажа Богу: "Я адрабіў спаўна і па сваёй ахвоце сваю катаргу на зямлі. Я зрабіў нават болей таго, што мог. I не для сябе, а дзеля іх, дзеля гэтага акіяна, народа майго".
   I заканчваецца твор шматзначнай і красамоўнай фразай: "О, жыццё!"
   Гэтыя і многія іншыя радкі сведчылі пра глыбока гуманістычны змест твораў Караткевіча, пра яго самаахвярнае служэнне мастацкаму слову. Вернасць свайму народу азначала для пісьменніка вернасць вялікім гуманістычным прынцыпам дабра і справядлівасці. I ён ніколі не саступаў з таго шляху, які выбраў.
   Уладзімір Караткевіч — пісьменнік з выразна выяўленым лірычна-рамантычным талентам. У гістарычных рэчах ён, ствараючы дасканалыя малюнкі мінуўшчыны, гістарычныя калізіі часцей за ўсё перамяшчае ў сферу рамантычнага канфлікту чалавечнасці, высакароднасці з жорсткасцю, эгаізмам, духоўнай чэрствасцю, цынізмам. Героі ягоных твораў (Андрэй Грынкевіч, Раман Ракутовіч, Андрэй Беларэцкі, Алесь Загорскі) актыўна выступаюць супраць несправядлівасці, яны шукаюць падтрымку ў простым народзе, збліжаюцца з ім, захоўваюць пры гэтым воблік рамантычнага героя, які здзяйсняе подзвіг.
   Уладзімір Караткевіч валодаў непаўторным і дзівосным талентам, здольнасцю бачыць ідэальнае і гарманічнае ў чалавеку, жыцці і прыродзе. Аўтар адчуваў прыгожае ў жыцці. Аднак гэта было не спакойнае сузіранне навакольнага свету. Яго трывожыла праяўленне бездухоўнасці ў людзях, ён абуджаў у чалавеку добрае і чалавечнае. Пісьменнік быў непрымірымы да зла ва ўсіх формах яго праяўлення, ён змагаўся за чалавека, хацеў бачыць яго лепшым і прыгажэйшым.

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ