Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лірыка Уладзіміра Дубоўкі

   Паэтычны стыль Уладзіміра Дубоўкі можна ахарактарызаваць як тонкі гукапіс жывога слова з нацыянальным каларытам і фальклорнай фактурай верша. Асаблівасці яго ў тым, што кожны вершаваны твор мае сапраўды лірычны настрой, факусіруе ў сабе ўнутраную напружанасць пачуцця і сведчыць пра павышаную эмацыянальнасць, схільнасць да маналагічна-спавядальнай рэфлексійнасці. Ёсць творы змрочныя, песімістычныя, заснаваныя на драматызме і трагедыйнасці ўнутранага перажывання («Тугой спавіты небакрай...», «Імжа, і склізота, і прыкрая золь», «Асенні настрой», «Мой любы браце, блізкі і далёкі...» і інш.). Вершы Уладзіміра Дубоўкі адрозніваюцца паглыбленай меладычнасцю і жывапіснасцю, што дасягаецца дзякуючы звароту да розных прыёмаў гукапісання і рытміка-інтанацыйнай зладжанасці. Паэт пазбягае празмернай метафарычнасці стылю, пышнасці фарбаў. Яго вершам уласцівы гукавы жывапіс. Слоўны малюнак часам ствараецца пры мінімальным задзейнічанні вобразна-выяўленчых сродкаў: дакладных, простых эпітэтаў, метафар, іншых мастацкіх тропаў. Аўтар часта ўжывае колеравыя прыметнікі, жывое, эмацыянальнае слова.

   Ранняя творчасць Уладзіміра Дубоўкі развівалася ў рэчышчы адраджэнскай тэматыкі, якая шырока адбілася найперш у патрыятычнай лірыцы Янкі Купалы, што стала ўзорам для творчага наследавання, пераймання ў паслякастрычніцкі час. Так акрэсліліся асноўныя матывы лірыкі Дубоўкі. Гэта матыў бязмежнай, самаадданай любові да Беларусі, матыў зямной прыгажосці, хараства жыцця, матыў народа ў сучасным і гістарычна-нацыянальным аспектах.
   Шэдэўрам патрыятычнай лірыкі Уладзіміра Дубоўкі з'яўляецца верш «О Беларусь, мая шыпшына» (1925). Ён прасякнуты верай у нязломнасць народнага духу, упэўненасцю ў перамозе над усім варожым. Верш пабудаваны на проціпастаўленнях, кантрастах. З аднаго боку, у ім прысутнічаюць рэвалюцыйна-рамантычныя вобразы, традыцыйныя для літаратуры 20-х гадоў (праменне яснае, радасць, Камуна Свету), а з другога — песімістычныя, змрочныя фарбы (вецер дзікі, варожасць шляху, перашкоды). Тут, быццам, і жахліва-цяжкае прадказанне Чарнобыля, і вера ў паратунак. Аднак, нягледзячы на кантрастнасць вобразаў і фарбаў, верш гучыць аптымістычна:

 

О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.


   Уладзімір Дубоўка выказвае глыбокую ўпэўненасць, веру ў тое, што яго Бацькаўшчыну-шыпшыну, якая моцна ўрасла каранямі ў зямлю і жывіцца яе гаючымі сокамі, не адолеюць дзікія вятры-навалы гісторыі. Такім чынам паэт акрэслівае ідэю вечнасці і нязменнасці Радзімы ў часе і прасторы, ідэю бясконцасці жыцця ўвогуле.
   Сведчаннем уласнай усвядомленай грамадзянскай і пісьменніцкай пазіцыі могуць служыць вершы «Часіна ды з сокам рабіны», «Паляжам мы», «I гінулі яны...», «Далёкае мы любім надта» і інш. У першым паэт сцвярджае, што гатовы адстойваць ідэалы праўды і справядлівасці, заставацца верным абранаму жыццёваму крэда.
   Уладзімір Дубоўка горача адстойваў у мастацтве прынцып гуманізму, праўдзівасці, даваў прыклад уласнай мастакоўскай непадкупнасці, чалавечага высакародства.

   З дзяцінства жыла ў сэрцы паэта шчырая любоў да роднай прыроды. Пачалася яна з тых дзён, калі хлопчыку прыходзілася пасвіць кароў каля возера, дзе з захапленнем ён слухаў гоман бору, мелодыю вады, спевы птушак. Захапленне красой вылівалася ў паэта ў вершаваныя формы, адзначаныя шчырым пачуццём замілавання да роднага краю, яго краявідаў, услаўленнем вальналюбства, кахання, маладосці, вернага сяброўства (вершы «Летуценнем пройдзем мы над краем...», «Зацвітай, зара, над небасхілам», «Ты напорна ідзеш, маладая...», «Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца...»).
   Спецыфіка пейзажнай лірыкі Дубоўкі ў тым, што ў вобразна-слоўнай плыні твораў пераважаюць тонкі лірызм, надзвычайная пачуццёвасць, своеасаблівы нервовы рытм. Праз вобраз прыроды паэт раскрывае ўнутрана змястоўны, драматычна-складаны стан чалавечай душы, глыбіню і моц эмацыянальных перажыванняў. Жывапісны пейзаж падсвечаны «пейзажам душы», часта скіраваны ў рэчышча абвостранага маральна-этычнага канфлікту (твор «Пальцы жоўтых кляновых лістоў»). І не толькі. Паэт выступае за чысціню і шчырасць чалавечых узаемадачыненняў, за захаванне гармоніі людскіх адносін, за індывідуальна-асобаснае самавыяўленне. Час жа патрабаваў татальнага падпарадкавання асабістых інтарэсаў грамадскім, сугучным з палітычнай надзённасцю. Арганічныя сувязі паміж рэчаіснасцю і ўнутраным светам асобы парушаліся, дэфармаваліся. Верх пачынала браць фальшывае, антыгуманнае, усё менш месца заставалася людскаму, шчыраму, святому.

   Зварот да вечных пытанняў быцця, у якіх асновасутнасную ролю адыгрывалі праявы хараства, прыгажосці, дазваляў паэту пераключыць увагу на агульначалавечыя тэмы і праблемы. Краса для Уладзіміра Дубоўкі, як і для ўсіх узвышаўскіх паэтаў, станавілася ўніверсальнай катэгорыяй, з дапамогай якой адкрывалася магчымасць выявіць сутнасць жыцця. Краса была сведчаннем і творча-актыўных адносін да рэчаіснасці, сінонімам узвышанага, сімвалам абуджэння духоўнага патэнцыялу нацыі. Менавіта праз жывапісны пейзажны малюнак Дубоўка вырашаў філасофскія пытанні, выяўляў свой эстэтычны ідэал.
   Узорам пейзажна-філасофскай лірыкі можа служыць верш «Залатая асенняя раніца...» (1922), дзе ўразлівая натура лірычнага героя знаходзіцца ў палоне пачуццяў ад сузірання дзіўнай прыгажосці. Апісанне асенняга пейзажу, зробленае з надзвычайным замілаваннем, унутраным трымценнем і цеплынёй, дапамагае абвастрыць момант развітання, як можна меркаваць, з каханай.
   Твор «Пальцы жоўтых кляновых лістоў» (1925) пазнейшы па часе напісання, але падобны да папярэдняга жанрава-тэматычнай канвой. Паэт нібы імкнецца пераканаць сябе самога: нішто не зможа парушыць хараства асенняй прыроды, рамантычных летуценняў. I тым не менш праз шэраг міні-вобразаў, дэталей прабіваецца трывога, прадчуванне непапраўнай бяды. Вобраз восені мае неадназначны, іншасказальны сэнс. Праз вобраз прыроды паэт раскрывае ўнутрана змястоўны, драматычна-складаны стан чалавечай душы, глыбіню і моц эмацыянальных перажыванняў.
   Вобразная сістэма верша Уладзіміра Дубоўкі трымаецца на суцэльнай паэтычнай персаніфікацыі, напоўнена актуальным грамадскім сэнсам,які вынікае з сацыяльных і духоўных праблем жыцця. Галоўная думка закладзена ў апошняй страфе:

 

Дзесь далёка галосіць сава,
небакрай апрануўся жалем.
Людзі любяць душу прасаваць
калі гэта душа чужая.


   Сімвалічным падаецца вобраз «раскіданых над светам арэхаў». У вершы арэхі ўвасабляюць чалавечыя душы, якім наканавана было прайсці суровыя і жорсткія выпрабаванні лёсу, пасля чаго ім давялося легчы «ў воўне блакітнай», гэта значыць адысці ў іншасвет. Сэнсава і кантэкстуальна мэтазгодным падаецца ў гэтай сувязі і двухрадкоўе з запытальнай інтанацыяй і інтрыгуючым шматкроп'ем:

 

Ці таму, што сумуюць журавы,
Ненасытна свіргочуць жорны?..


   Падобныя вобразы ўмоўна-метафарычнага плана набываюць адзнакі філасофскай роздумнасці. Твор можна назваць рэквіемам, мастацкім прадбачаннем незлічоных бязвінных ахвяр сталінскага тэрору. Канфлікт асобы з грамадствам набыў вялікую ступень напалу трагедыйнасці, форму акта ачышчэння праз пакуты і смерць. Паэт заклікае да захавання ў людскіх душах парасткаў дабрыні, спагадлівасці і адкрытасці, вітае вернасць чалавечаму абавязку і праўдзе жыцця.
   Філасофская паглыбленасць, зварот да агульначалавечых праблем уласцівы вершу «Ніколі праўда не ўмірае». У алегарычнай форме ў ім сцвярджаецца неўміручасць праўды жыцця.

Похожие статьи:

Адам ГурыновічАдам Гурыновіч - Лірыка

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

ІІнтымная лірыка

ЛЛірыка

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча