Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сяргей Грахоўскі - Зона маўчання

Чытаць аповесць Сяргея Грахоўскага "Зона маўчання"

 

   «Зона маўчання» — кніга, на якую не можа не адгукнуцца сэрца і памяць усіх, хто прачытае яе, бо тут пісьменнік сапраўды выступае сведкам на Судзе Гісторыі. Ён знайшоў у сабе сілы зноў перапакутаваць дзень за днём лагернае дзесяцігоддзе, паўторны арышт і высылку ў Сібір, што сведчыць пра яго нястрыманае жаданне расказаць «дзеля шчасця ўнукаў і сыноў» пра перажытае і тым самым заклікаць нас рабіць усё, каб не вярнулася дыктатура. I не толькі пра свой шлях на Галгофу паведаў Сяргей Грахоўскі, але найперш пра пакутніцкі лёс сваіх сяброў, таленавітых беларускіх пісьменнікаў, якія разам з ім ішлі па сталінскіх этапах, працавалі ў катаржных умовах і гінулі жахлівай смерцю.

   З неаслабнай увагай чытаюцца тыя старонкі «Зоны маўчання», дзе сустракаешся з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, пакутліва перажываеш заўчасную смерць многіх з іх ад непасільнай рабскай працы, голаду і холаду. Гэта невялікія самастойныя апавяданні-лёсы, якія вылучаюцца з агульнай тканіны твора і прыкоўваюць увагу тым, што ўпершыню, напрыклад, даведваешся з іх пра лагерныя пакуты і смерць Сяргея Дарожнага — вядомага паэта, Юрыя Такарчука — выдатнага журналіста, які да арышту ўзначальваў аддзел у газеце «Звязда», Алеся Розны — паэта і перакладчыка, што загінулі страшнай смерцю. Быццам услухоўваешся ў размову тых пісьменнікаў, якіх мінавала «вышка», якіх сагналі ў адну перасыльную камеру турмы: «Апынуліся на адных нарах Сымон Баранавых і Барыс Мікуліч, Янка Скрыган і Міхась Багун, Уладзімір Хадыка i Васіль Шашалевіч, Сяргей Ракіта і Станіслаў Шушкевіч, Алесь Розна і Сяргей Знаёмы, Зяма Півавараў і Змітрок Астапенка, Алесь Пальчэўскі і Сымон Куніцкі, былы дырэктар Дома пісьменніка Васіль Залуцкі і начальнік Галоўліта Аляксандр Якшэвіч, яўрэйскі празаік Шыман Гарэлік, ды хіба ўсіх успомніш і пералічыш?..» Добрыя, цёплыя словы знаходзіць Сяргей Грахоўскі, успамінаючы сваіх сяброў, захапляецца іх талентам, унутранай і знешняй прыгажосцю, духоўным багаццем. Зноў і зноў ставіць пытанне: за што, каму спатрэбілася знішчаць лепшых, найталенавітых сыноў нашага народа? Тут, відаць, дзейнічаў закон Моцарта і Сальеры. Першая хваля рэвалюцыянераў — людзі, якія не мелі высокай адукацыі, інтэлекту, духоўнасці і якія лічылі, што здзейснілі рэвалюцыю дзеля простых людзей. Але яна аказалася варожай патрэбам чалавека. Па закону класавай барацьбы, навязаным дыктатарам, вынішчаўся цвет працавітага сялянства, ды і наогул, як сведчаць многія старонкі «Зоны маўчання», у лагернай апраметнай апынулася шмат людзей самых розных прафесій: урачоў, настаўнікаў, мастакоў, артыстаў.
   А колькі было жанчын, дзяцей, падлеткаў, кінутых на «перавыхаванне» за «віну» мужоў, бацькоў і гэта пры тым, што афіцыйна было аб’яўлена — «сын за отца не отвечает». Мала хто з іх змог выжыць, стаць нармальным чалавекам, захаваць чыстую душу. Ці не адсюль сённяшнія праблемы, парасткі якіх пачыналі разрастацца ў атмасферы страху, даносаў, абразы чалавечай годнасці, дыктатарскага падзелу на зоны: у адной — «ворагі народа», «нацдэмы», «недазволеныя» беларусы, у другой — вернападдана-дазволеныя служкі рэжыму.

 


Лідзія Савік

Похожие статьи:

БиографииСяргей Грахоўскі

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Стары млын

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Прызнанне

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...