Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лісічкі

   Тым яны, відаць, і дарагія, што з’яўляюцца першымі.
   У лесе яшчэ няма ніякіх грыбоў, а яны жоўтымі грамафончыкамі там і сям пачынаюць радаваць вока грыбніка.
   У вёсцы жанчыны не адмылі рук ад чарніц, а я ўжо па першыя лісічкі ў лес іду.
   – Ці не ў грыбы? – здзіўляюцца аднавяскоўцы.
   – У грыбы.
   – Якія ж зараз, цікава, грыбы, калі лес ягадамі завалены?
   – Што ж, праверым, – адказваю.
   Прыходжу ў стары бор, на тое месца, дзе на прагалінцы гнілы пень рассыпаецца ў рыжую пацяруху. Дакладна праверана: няма тут лісічак, значыць нідзе іх яшчэ не будзе. А калі ж зажаўцелі, праз тыдзень-паўтара, яны абавязкова з’явяцца і ў іншых лясных мясцінах.
   А вось і знаёмае месца. Гляджу на рыжы подсціл каля пня і засмучаюся – няма грыбоў. Ну што ж, няма дык няма. Раней належнага часу не прымусіш іх расці. Прысядзеш, каб сарваць некалькі буйных ягад, якія так і просяцца ў рот. Уперадзе, бачыш, нешта зажаўцела. Быццам агеньчык у цемры бліснуў. Таропка расхінаеш зялёны ягаднік – лісічка! А крыху правей яшчэ некалькі грыбкоў.
   I толькі цяпер заўважаеш каля пня месцамі прыўзнятую леташнюю лістоту, з-пад якой малюсенькія, велічынёю з напарстак грыбкі хітравата на цябе пазіраюць.
   Тыя лісічкі, што выраслі ў цяністым ягадніку, буйныя, ломкія, да спацелых шапачак прыліпла рознае лясное смецце. На адкрытым жа месцы грыбкі маленькія, сухія, з падсмажанымі да бураватасці на сонцы краямі.
   Пачынаеш нетаропка хадзіць вакол пня, уважліва ўглядаючыся ў спляценне густога ягадніку. I кошык, хаця і марудна, але ўсё ж напаўняецца жоўтымі дарункамі летняга лесу.
   Здаецца, зусім непрыкметныя грыбы лісічкі, а сэрца пры першай сустрэчы з імі так радуецца, як і тады, калі збіраеш прыгажуноў баравікоў альбо падасінавікаў.