Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гняздо галубоў

   Птушкі, як і мы, людзі, па-рознаму ставяцца да будаўніцтва свайго жылля. Адны з іх, як, напрыклад, сініца-рэмез, берасцянка, івалга, пеначка-ценькаўка і тая ж усім вядомая сарока, адмысловыя архітэктары. Яны будуюць сапраўдныя лясныя святліцы, у якіх зручна жыць і гадаваць птушанят. Другія ж, як кнігаўка, вальдшнэп, ляляк і шмат якія кулічкі, прытопчуць крыху сухую траўку альбо мінулагодняе лісце – вось і гняздо. Іншыя ж і гэтага не робяць. Яйкі кладуць проста на зямлю альбо на мяккую пацяруху ў дупле.
   Вось так і дзікі голуб. Накідае бязладна туды-сюды на сучках хвойкі альбо дуба сухіх галінак – і гняздо гатова.
   Сядзе птах на прыкметную галінку непадалёк ад свайго збудавання і давай на ўвесь лес хваліцца:
   – Гняздо збудаваў! Гняздо збудаваў, во!
   Ды з якім гонарам, фанабэрыстасцю, быццам лепшага гнязда, як у яго, і ва ўсім лесе не знойдзеш. А там і глядзець, па сутнасці, няма на што. Не гняздо, а дзіравае рэшата. Зірнеш знізу і праз яго неба ўбачыш. I толькі здзіўляешся, як у такім гняздзе яйкі будуць трымацца?
   Не, думаеш, не знайсці табе, сізы голубе, гаспадыні. У такіх «харомах» давядзецца, бедачыне, усё жыццё ў адзіноце век векаваць.
   Прыходзіш праз некалькі дзён у лес, глядзіш, а ў гняздзе-рэшаце ўжо два беленькія яечкі ляжаць. Тут жа і шэрая галубка ўвіхаецца.
   Праз тыдні тры з яечак з’явяцца на свет два галубяняткі – кволыя такія. Але з гнязда-рэшата, як ні дзіўна, усё ж не вывальваюцца, нейкім цудам трымаюцца ў ім.
   Непрыкметна птушаняты вырастуць і пакінуць сваё жыллё. А наступнай вясною ўсё паўторыцца. Маладыя птушкі збудуюць сабе дакладна такое ж, ніколькі не лепшае і не горшае, як у бацькоў, рэшата-гняздо і пачнуць сваёю справай захапляцца:
   – Гняздо збудаваў! Гняздо збудаваў, во!
   Жыццё працягваецца.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка