Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Апошні лісток

   Стаяла глыбокая восень. Дрэвы і хмызнякі даўно ўжо вызваліліся ад лісця. I калі часам налятаў халодны паўночны вецер, то яны незадаволена стукалі чорным голлем, наводзячы смутак на чалавека і жывёлу.
   У доме ранкам пацелі вокны. Я падыходзіў да аднаго з іх, праціраў верхнюю шыбіну і доўга глядзеў на маладую бярозку. Маю ўвагу прыцягваў адзінокі лісток на ёй. Глядзеў я на гэты жоўты агеньчык у чорнай кроне голага дрэва, і мне думалася чамусьці, быццам прычынай запозненай восені быў менавіта гэты апошні лісток.
   Аднойчы я падышоў да акна і ўбачыў на бярозе суседскага ката Ціхана. Ён адчайна круціў галавой, пазіраючы ўгору. Я падумаў, што кот на птушак палюе. Але птушак не было відаць.
   Ціхан узбіраўся па галінках, быццам па драбінцы, усё вышэй і вышэй.
   Вось ужо ён амаль на самай макаўцы. Паспрабаваў яшчэ падняцца, але тонкая галінка моцна гайданулася, і кот стаіўся на месцы. Калі яна перастала хістацца, Ціхан крышачку падцягнуўся ўгору і ўдарам лапы збіў жоўты лісток. Паволі кружачыся, ён мякка лёг на сырую асеннюю зямлю пад бярозкай. Ціхан задаволена паглядзеў з вышыні па баках, потым спрытна спусціўся з дрэва і знік за домам.
   На другую раніцу я па звычцы зноў падышоў да акна. Гляджу – бярозка беленькая ўся, быццам у мяккае футра апранулася. Я выйшаў з дому. Усё наўкол было заслана белай коўдрай. А на вуліцы на першым мяккім сняжку выразна адбіліся сляды паляўнічых. Яшчэ з прыцемкамі яны пайшлі па першай парошы шаракоў з лісамі шукаць.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік