Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Дыпціх прысвячэння

Міхасю С.


I

Імшэюць нашыя дамы,
Прытулкі радасці,
Дзе мы
Саміх сябе пачуць хацелі.
Глушэюць нашыя грамы,
Што нас маглі
З глухой зімы,
Як тую рунь,
Падняць з пасцелі.
Цішэюць нашыя дымы —
Працяг зялёнае думы
Смалістай баравой арцелі.
Вайна перадала шрамы
Надскепам бліскавіц,
Траншэям.
Не верыцца, што гэта мы
Імшэем,
Глушэем,
Цішэем.

II
Да грамніц пільнуйся рукавіц!
Ты азваўся свету на грамніцы.
За драты калючых бліскавіц
Браўся галаруч
I навальніцу
Запрашаў паслухаць цішыню,
Ды ў адказ і цішыня грымела.
Дазваляў пад сэрцам грэцца дню,
Перапісваў прызімак набела.

Кідаў рукавіцу перуну,
Прэчыў асцярожнасці законы,
Пазычаў у пеўня пер'іну,
Смутны,
Неадумны,
Рызыкоўны,
Каб у сшытку неба
Млечны сказ
Перакрэсліць
I пачаць пра тое,
Як, ад нас уцёкшы,
Просіць час
У спагады даўняга пастою.

Час каня забытнасці вядзе,
Прымярае кон
Старую збрую.

На грамніцы дадзена вадзе
Зноў успомніць
Сілу маладую.

Похожие статьи:

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...

Рыгор БарадулінТворчасць Рыгора Барадуліна

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...

ДДыпціх

БиографииРыгор Барадулін