Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ніл Гілевіч - Родныя дзеці. ГДЗ

   1. Галоўным героем рамана ў вершах «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча з'яўляецца Сцяпан Вячорка — інтэлігент у першым пакаленні, паспяховы кампазітар, песні якога шырока вядомы. Ён ужо даўно жыве ў горадзе, у вёску наязджае рэдка, хаця душой імкнецца туды пастаянна, бо там — яго малая радзіма, там жыве яго маці, якую Сцяпан вельмі любіць, там — уся яго радня, духоўную сувязь з якой ён адчувае пастаянна. Аўтар з сімпатыяй ставіцца да свайго галоўнага героя, але з горыччу канстатуе тое, што «ён да роднага падворка не заяўляўся шмат гадоў». Сцяпан — не эгаіст, яму сорамна, што ён ніяк не можа вырвацца дадому, але ж «праца-служба штодзённа ў вір цягнула свой». Па праўдзе кажучы, любую прычыну і перашкоду герой мог бы адмесці і паехаць у родныя мясціны. Але ёсць яшчэ адна вельмі важная прычына: у вёску, дзе Сцяпан правёў сваё дзяцінства, прыехала працаваць настаўніцай тая, якую калісьці Сцяпан вельмі кахаў, з якой збіраўся звязаць сваё жыццё. Але — узаемнае пачуццё ператварылася ў драму: і Сцяпан, і Альжбета не знайшлі ў сабе сіл, каб супрацьстаяць абставінам, якія ўзніклі па віне паклёпніка. Ні ў аднаго з іх не склалася сумеснае жыццё ў шлюбе з іншымі, але Сцяпан баіцца сустрэчы з Альжбетай, баіцца ўзнаўлення тых пачуццяў, якія ён зведаў яшчэ юнаком.
   Многае на малой радзіме прыносіць Сцяпану боль. Ён бачыць састарэлую маці, якая падняла на ногі сваіх дзяцей, цяжка працавала, якая не прывыкла да прамоў у яе гонар (хоць і варта ўшанавання). На юбілейным застоллі ў гонар 70-годдзя маці Сцяпан у сваёй прамове скажа словы, у якіх не толькі прагучыць яго шчырая ўдзячнасць матулі. У вусны свайго героя Ніл Гілевіч укладзе свае аўтарскія перакананні:

 

...Няма Радзімы ў злыдняў хіжых
I Маці ў нелюдзяў — няма.
Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы — дзеці роднае сям'і,
I — дзеці Маці-Беларусі,
I — дзеці Матухны-Зямлі...
I ўсе мы разам у адказе
За гэты вечны круг жыцця...


   Зноў і зноў аўтар будзе пераконваць свайго чытача ў неабходнасці быць чалавекам на гэтай зямлі, памятаць свае карані, свой род, не губляць сувязі з імі. Сімвалічна, што адразу ж пасля з'яўлення дадому Сцяпан пойдзе на могілкі, дзе ляжаць яго сястра і брат, перад якімі ён адчувае несціханую віну, «дзе многа ўжо з іх роду спіць». Сцяпан добра разумее, «што радзіма — не толькі дом, а і клады» (могілкі). Апісанне наведвання Сцяпанам могілак дапамагае раскрыць яго душу — шчырую, чуйную да людзей, да роднай зямлі, перад якой ён адчувае віну і не можа знайсці суцяшэння, калі бачыць, што зрабіла з яго зямлёй «асушэнне». Мы адчуваем, што Сцяпан не проста перажывае, ён гатовы змагацца з тымі, хто адносіцца да зямлі як «прышлы чужынец», а не «руплівы гаспадар».
   Пачуцці, зведаныя героем на могілках, ускалыхнулі яго свядомасць, ажывілі ўспаміны дзяцінства, прымусілі задумацца не толькі над асабістымі, але і над грамадскімі праблемамі, умацавалі яго сувязь з роднай сям'ёй, з малой радзімай. Зусім нечакана прыйдзе думка:

 

...Скажу таксама Тамашу:
Калі памру — абавязкова
Вязі мяне ў бацькоўскі край
I тут, на могілках вясковых,
У родным доле пахавай.


   Яна, гэта думка, пацвердзіцца сустрэчай Сцяпана з дзедам Драздом, які ўхваліць яго прыход сюды, на могілкі:

 

...Сюды няможна не прыйсці...
Так, так, няможна! Род звядзецца,
Калі магіл не шанаваць...

 

   У душы Сцяпана абудзяцца самыя высокія пачуцці, што выразіцца ў захапленні Мар'янай, у з'яўленні веры ў магчымасць павярнуць жыццё назад. Вяртанне да сваіх вытокаў, да роднага, блізкага, споведзь Альжбеты перараджае яго, ужо трохі ачарсцвелага ад гарадскога тлуму. I тады народзіцца ў яго душы музыка — тая, якая ўжо даўно не нараджалася...

   2. Альжбета — гераіня рамана «Родныя дзеці», тая дзяўчына, якую калісьці кахаў Сцяпан Вячорка. Яе пачуцці да Сцяпана таксама былі моцнымі. Трагізм яе лёсу ў тым, што яна не змагла дараваць каханаму віны за ўчынак, якога ён не зрабіў, паверыла паклёпніку, а не Сцяпану. Аўтар нічога не скажа пра тое, як і дзе жыла Альжбета да сустрэчы са Сцяпанам цяпер, на яго радзіме, толькі ў некалькіх словах маці з'явіцца настаўніца, якая прыехала працаваць да іх у вясковую школу і якая падабаецца яго родным за сваю сціпласць, за добрае сэрца, за ўменне спяваць. Мы ўбачылі яе першы раз вачыма закаханага юнака Сцяпана, якому ў гэтай дзяўчыне падабаецца ўсё: і яе знешнасць, і ласкавая душа, і розум. Цяпер, пасля многіх год расстання мы, як і Сцяпан, чакаем сустрэчы з ёй і зноў глядзім на яе яго вачыма:

 

Ён пра другое думаў зараз:
Уразіў выгляд: Божа мой,
Што робіць час! Пачвара-старасць
Красу жывую есць, як моль!
Ёй сорак год, а паглядзеўшы —
Намнога болей можна даць.
Напэўна, лёс зусім не цешыў,
Жыццё не песціла, відаць.
...Амаль нічога — ані следу
Ад той дзяўчынкі, з той вясны!


   Расчараванне Сцяпана бачыць і Альжбета, і ёй, безумоўна, балюча і ад гэтага расчаравання, і ад той знешняй абыякавасці, што праявіў Сцяпан. Ёй балюча тым больш, што ў душы яе ўвесь гэты час жыло каханне да Сцяпана, а яго, як ёй здаецца, больш нішто не хвалюе. У фінале рамана, калі былыя закаханыя сустракаюцца, Альжбета здолее патлумачыць Сцяпану, па чым яна плача:

 

Па ўсім жыцці сваім, Сцяпан...


   I нам, чытачам, і аўтару шчыра шкада гэту без без пары састарэлую жанчыну, якой так мала выпала шчасця. Шкада ўдвая, таму што шчасце было, але маладыя душы не змаглі яго зберагчы. Абдумваючы, як гэта магло здарыцца, будзе перажываць і Сцяпан:

 

Пераступіць бы тую плётку,
Разумна разам абмінуць...
Ах, Аля, Аля! Як жа лёгка
Далі сябе мы абмануць!..


   Гісторыяй Сцяпана і Альжбеты паэт папярэджвае сваіх чытачоў аб тым, якое гэта тонкае пачуццё — каханне, як важна давяраць сваім каханым, каб не пакрыўдзіць адно аднаго, не страціць светлага пачуцця, таму што жыццё без кахання — не жыццё.

   3. Сюжэтная лінія кахання Сцяпана і Альжбеты не завершана. Чаму? Аўтар сам так адказвае на гэта пытанне:

 

Ну, што ж рабіць! Далей — ні кроку,
Далей — табу і запавед.


   Тым самым падкрэсліваецца думка, што для аўтара ў рамане было галоўным не столькі адлюстраванне любоўнай інтрыгі, колькі магчымасць праз сюжэт паказаць і раскрыць тыповыя асаблівасці сучаснага яму жыцця. Але чытачу, безумоўна, хацелася б завяршэння гэтага сюжэта, і шчаслівага завяршэння. Яно магло б быць такім. Сцяпан вяртаецца ў горад. Але, перажыўшы ў роднай вёсцы шмат знаёмых і незнаёмых пачуццяў, узрушаны споведдзю Альжбеты, ён не можа жыць, як жыў раней. Сцяпану хочацца пабачыцца з ёй, «душа ў душу пагаварыць», зразумець, чаму і яму «і Алі з другімі сонца не ўзышло...» Герой ведае, што жанчына была б па-сапраўднаму шчаслівая пры магчымасці бачыцца з ім часцей... А ён сам... Ці варта яму жыць адзінокім, без сям'і, без дзяцей? I герой прымае рашэнне вярнуцца ў вёску. Цяпер патрэбен толькі час, каб героі знайшлі сцяжынку адно да аднаго...

   4. У рамане «Родныя дзеці» шмат лірычных адступленняў, якія даюць магчымасць аўтару звярнуцца непасрэдна да чытача, прысутнічаць у творы, выказваць сваю аўтарскую пазіцыю. Лірычныя адступленні (паэтычнае, іранічнае, гістарычнае, у гонар маці, кулінарнае і педагагічнае) з'яўляюцца прамой формай выяўлення пазіцыі пісьменніка па самых надзённых праблемах сучаснага жыцця. Яны ўводзяць чытача ў разважанні пісьменніка пра сваю краіну і яе гістарычны лёс, духоўныя традыцыі і жыццёвы ўклад, знаёмяць з маральнымі і эстэтычнымі ідэаламі аўтара. I хаця пасля напісання паэмы прайшло чвэрць стагоддзя, большасць паднятых Нілам Гілевічам праблем і сёння надзённыя і важныя. Якое сэрца не адгукнецца на шчырае прызнанне ў вечнай, да скону, любові да роднай Беларусі, да родных мясцін, без якіх

 

...і задыхнуся,
I — як падкошаны ўпаду.
Ды знаю, што прашэпчуць вусны
Раней, чым іх навек звяду.
Тваё імя яшчэ прамоўлю
Апошні раз, о краю мой!
Шчаслівы лёс — плаціць любоўю
Табе і жыць — адною ёй.


   Нельга не пагадзіцца з думкамі аўтара пра значэнне хлеба ў жыцці чалавека і не раздзяліць яго боль і горыч ад існавання ў школе педагогікі,

 

Што пачынаецца не з хлеба,

Не з мазаля бярэ выток.
Мо годзе фікцый і абстракцый?
Без працы — школе грош цана!
Каб чалавек душы не страціў —
Ёсць педагогіка адна:
Вучыць любові і пашане
Да хлеба труднага ў жыцці.


   I так у кожным лірычным адступленні аўтар прымушае чытача задумацца, ці так мы жывём, ці тое робім, калі адыходзім ад мудрых народных традыцый, калі не беражом тое, што спакон веку лічылася жыццёва неабходным для чалавека, забываемся пра свой род, свае карані. Сапраўды, справядлівым будзе вызначыць месца аўтара рамана «Родныя дзеці» словамі В. Р. Бялінскага, якія ён адрасаваў некалі А. С. Пушкіну: «Тут усё яго жыццё, уся душа, уся любоў яго, тут.яго пачуцці, уяўленні, ідэалы».

   5. Кампазіцыйнай адметнасцю рамана з'яўляецца тое, што аўтар не проста вядзе сюжэтную лінію, якая апавядае пра героя рамана, яго папярэдняе жыццё, прыезд у вёску, сустрэчу з роднымі і даўняй каханай. Пісьменнік змяшчае сюжэт у рамку запеўкі і дапеўкі, што для чытача даволі нечакана. Гэты рамантычны кампанент рамана — запеўка і дапеўка — своеасаблівыя вокны ў творчую майстэрню пісьменніка. У запеўцы аўтар, улічваючы дыялагічную прыроду творчасці, шчыра прызнаецца ў сваёй любові да чытача, акрэслівае творчую задачу, якую ставіць перад сабой:

 

Каб пошук праўды ў ёй быў моцны,
Каб прачытаў, сабе наўздзіў,
Усю зараз — і смачна цмокнуў:
«Прыдумаў, гад, а — дагадзіў!»


   Акрамя таго, у мастацкую тканіну рамана ўключана шэсць лірычных адступленняў, якія ўводзяць у раман вобраз аўтара, які мае магчымасць выказаць сваю думку па розных праблемах сучаснага яму жыцця. Аўтарскай задуме падпарадкавана і кампазіцыйная сувязь паміж персанажамі рамана, адны з якіх намаляваны буйным планам (Сцяпан, Альжбета), другія ж — агульным планам з акцэнтаваннем найбольш значнага ў характары (Антось Вячорка, дзядзька Лёкса, Тамаш, сястра Лёдзя, яе муж Вінька Шкут і іншыя).
   У рамане няма развязкі, што дае магчымасць чытачу дадумваць яе па свайму жаданню і разуменню.

   6. Раман «Родныя дзеці» — гэта ў першую чаргу глыбокі роздум пісьменніка над праблемамі сучаснага яму жыцця, якія не могуць не хваляваць і чытача. Які ён, сучасны чалавек, — дзіця навукова-тэхнічнага прагрэсу, урбанізацыі, сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі? Што ён прыдбаў і чаго пазбыўся?
   У рамане ўвасоблены аўтарскі ідэал чалавека, які не ўяўляецца Нілу Гілевічу без вернасці родным людзям, родным мясцінам, роднай зямлі. Вуснамі галоўнага героя пісьменнік асуджае кар'ерыстаў і прыстасаванцаў, прайдзісветаў — вучоных і бяздарных прадстаўнікоў мастацтва, якія, не маючы таленту, перашкаджаюць працаваць сапраўдным майстрам.
   Аўтара хвалююць спажывецкія адносіны да прыроды «безгаспадарлівых гаспадароў», якія, як меліяратар Гламазда, спусташаюць зямлю, не думаючы пра тое, што за-станецца нашчадкам; яму балюча назіраць, як адрываюцца ад роду, сваіх каранёў вясковыя хлапчукі і дзяўчаты, як Артур Рэпа, пра якога Мар'яна скажа:

Ён выпіў шмат і скача брыдка,
Ды і наогул — пустапляс...


   Прычына гэтай з'явы — у сям'і. Але пісьменнік не здымае віны і са школы, і з грамадскіх арганізацый, са сродкаў масавай інфармацыі:

 

...з рання
I аж да вечара — штодзень
Ты можаш бачыць на экране
Маленькіх скачучых людзей.
Пяюць і скачуць — усе чыста!
Такое ўражанне парой —
Што нам мільёнаў сем артыстаў
Паставіць сёння ж трэба ў строй!
Я разумею, разумею —
Уздым культуры, рост патрэб...
Але... з іх кожны мае жменю —
I жменя цягнецца па хлеб!


   Аўтар-мудрэц дае параду ўсім тым, хто адказвае за выхаванне новага чалавека — будучага грамадзяніна:

 

Так патрабуе ўжо ш калысцы
Дагляду мудрага дзіця,
Каб у жыццё аратым выйсці,
А не нахлебнікам жыцця!


   Раман уражвае надзённасцю пастаўленых аўтарам прамблем, глыбінёй роздуму пісьменніка над гэтымі праблемамі і яго верай у тое, што душа чытача адгукнецца, каб думаць над рашэннем праблем разам.

   7. Назва рамана, як і назвы яго асобных частак змяшчаюць у сабе ўказанне на змест альбо ідэю твора ці часткі. «Родныя дзеці» — так назваў Ніл Гілевіч свой раман у вершах таму, што размова ў ім ідзе пра сям'ю, родных братоў і сясцёр, дзяцей Соф'і Пятроўны. Але не толькі гэта меў на ўвазе аўтар, так называючы свой раман. Родныя дзеці — гэта яшчэ і дзеці аднаго роду, тая радня, якую трэба шанаваць, ведаць, гэта тыя, што былі да нас і будуць пасля нас, гэта дзеці адной вялікай сям'і — роду. Але задума аўтара, ідэя твора ўключае ў сябе яшчэ больш шырокія паняцці.    Вуснамі свайго галоўнага героя Сцяпана Вячоркі аўтар даводзіць да чытача вельмі важныя думкі:

 

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы — дзеці роднае сям'і,
I — дзеці Маці-Беларусі,
I — дзеці Матухны-Зямлі.
Трайны ён, круг, ды недзялімы:
Бо сёння — як ні паглядзім, —
А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,
I лёс Планеты — лёс адзін.
I ўсе мы разам у адказе
За гэты вечны круг жыцця...


   Сапраўды, у сённяшнім свеце існуе столькі пагроз, што чалавецтва, дзеці Зямлі, можа знікнуць у адно імгненне. Ніл Гілевіч як сапраўдны пісьменнік-гуманіст запрашае сваіх чытачоў памятаць пра гэта, шанаваць і берагчы адзінства, роднасць з усім чалавецтвам. А для гэтага трэба так мала — і так многа... Усяго толькі — быць чалавекам!

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Дзеці вайны

Пераказы, дыктантыСлухайце адзін аднаго!

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Беражы зямлю і неба!

Артур ВольскіАртур Вольскі - Дзеці

Максім ТанкТворы Максіма Танка для дзяцей