Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Васількі

Увага! Поўны змест

   Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў - прадвеснікаў блізкае восені. Зямля здаецца лёгкай, бязважкай, яна ўся дыхае цішай, спакоем. Усё відаць як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчасты край лесу, і бялявы дымок далёка, далёка, дзе праходзіць чыгунка. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе, як высока, высока ў небе ляціць няведама куды самотная павуцінка.
   Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем, выцягнуўшы ўперад сваю задуменную дзюбу.
   - Наш бусел! - ганарыста гаворыць Міколка.
   - Хваліся! - смяюцца хлапчукі. - Што ні бусел, дык твой!
   - А вот жа наш. Глядзіце! Хочаце аб заклад, на ўсе баравікі... - І Міколка ўзмахвае сваім кошыкам. Поўная ліпаўка баравікоў - жаўцявых, чырванаватых, цёмных, нібы вылітых з медзі - самыя што ні на ёсць грыбы баравыя. Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык, ды некалькі запазнелых васількоў, якія сарваў Міколка на ўзмежку поля. Васількі - для сястрычкі. Яна хацела пайсці разам з ім у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая.
   - Ну, што ж, спужаліся, грыбоў шкада! - наступае Міколка на хлапчукоў, размахваючы перад імі ліпавым кошыкам.
   Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла, высокая, разгалістая, з буславым гняздом на самай вяршыні. За грушай Міколкава хата.
   - Ага! Я ж казаў вам... - задзірыста гаворыць Міколка і пераможна шмыгае кірпаўкай носа, якая аж залаціцца пад ранішнім зыркім сонцам. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу, і лёгкая хмурынка прабягае па яго жывым твары.
   - Ізноў нехта бусла пужае... Вот спаймаю каторага, - дам!
   Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў, робячы ўсё большыя і большыя кругі, узнімаючыся вышэй і вышэй, пакуль не ператварыўся ў маленькую белую мецінку. І тая знікла, - відаць, паляцеў бусел на сіні лес, што за ракой.
   Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў:
   - Вот бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Хочаш сесці на хвою, сеў на хвою, на дуба - на дуба, а то і на хату высокую можна сесці.
   - Нашто табе такія самалёты?
   - Немца каб біць зручней...
   - То ж надумаўся... У нас, брат, яшчэ хітрэйшыя самалёты ёсць. Рр-а-аз - і няма сотні немцаў. Рр-а-а-з - і другой нямашака... Немцы, яны хітрушчыя, а мы яшчэ хітрэй... - рэзка абарваў Міколка хлапчука, марыўшага пра такія дзівосныя самалёты, якія махаюць крыламі і садзяцца, дзе хочуць, як буслы.
   Усе задумаліся.
   Немцы. Ніхто з хлапчукоў яшчэ не бачыў іх. Праўда, ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. А ўчора былі частыя ўспышкі на захадзе. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі:
   - Гэта ж пабліскваюць заранкі...
   - А чаму грыміць?
   - Чаму, чаму... Навальніца будзе. Кладзіцеся спаць...
   Хлапчукі, аднак, добра ведаюць пра гэтыя заранкі. Самі ж яны, хлопцы, дапамагалі выганяць жывёлу, якую пагналі на ўсход, каб не дасталося часам дабро ворагу. Жывёлу пагнаў сам старшыня, Міколкаў бацька, ды яшчэ другія калгаснікі. Яны яшчэ не вярнуліся да хат. А перад гэтым прасачыў раз Міколка, як бацька яго разам з другімі дзядзькамі нешта ездзілі ў лес паначы і адтуль прыехалі з пустымі драбінамі. Вазьмі і запытайся тады Міколка:
   - То вы гранаты і кулямёты вазілі ў лес хаваць, відаць, пад тыя старыя яліны... Ты ўсё прыглядаўся да іх, калі мы з табой былі ў лесе...
   Бацька быў аж здрыгануўся неяк, пацямнеў тварам, але потым спакойна падышоў да Міколкі і, гледзячы яму проста ў вочы - сінія, хітрушчыя, - сурова прашаптаў некалькі слоў:
   - Ты глядзі ў мяне, паганец... Калі дзе-небудзь і калі-небудзь ты ляпнеш якое слова, то я... я выцягну даўгі твой язык і павешу цябе на гэтай вось штуцы... - бацька выразна паказаў на крук. Гэта быў звычайны драўляны крук, убіты ў сцяну яшчэ нябожчыкам дзедам. Крук быў смалявы, жоўты, як воск, адпаліраваны, як костка. Харошы быў крук, моцны. Зірнуў на яго спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі. Кепскія жарцікі з ім, з гэтым старым партызанам. А харошы ўсё ж бацька... Трошкі пабойваўся яго Міколка, а любіў яшчэ болей.
   ...Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Прыслухаліся - плач раздаваўся і ў другім месцы, і ў трэцім...
   - Галосяць... - спуджана сказаў адзін, і хлапчукі разбегліся, раскідаліся, як спалоханыя вераб'і, па сваіх гародах і загуменнях, кожны да свайго двара.
   Міколка бачыў ужо з-за плота старую грушу на сваім двары. Паасобныя лісткі трымцелі і свяціліся, як медзь. Уся груша пад сонцам была радаснай і святочнай, ля буславага гнязда не змаўкаў вясёлы птушыны шчэбет: у шчылінах буславага гнязда заўсёды знаходзіла прытулак дробнае птаства.
   Загледзеўся на грушу Міколка, спрытна пераскочыў праз плот. Некалькі баравікоў упала з кошыка. Ён падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Сінія васількі асцярожна схаваў за пазуху, то-та ж будзе радасці малой, калі іх выняць знянацку. Намагаючыся надаць свайму твару самы сур'ёзны выраз сталага працавітага чалавека, - хаця і крывіла вусны гэтая здрадніцкая дзіцячая ўсмешка, - Міколка ступіў крок, другі, і раптам затрымцеў, як ліст, збялеў увесь.
   Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Твару сястрычкі не відаць. У мацеры ж такія дзіўныя вочы, нібы глядзяць і не бачаць яго, яе Міколку.
   Ліпавы кошык ціха ўдарыўся аб зямлю, бязгучна рассыпаліся грыбы - колькі радасці было ў гэтых баравіках у лесе. Дзе ж падзелася, дзе памеркла гэтая радасць? І здаецца Міколку, нібы лес гудзіць, страшна, страшна. Нібы хістаюцца злосна дрэвы, нібы самая груша пахілілася раптам, хоча ўпасці на яго, прыціснуць да халоднага пяску. Страпянуўся Міколка, удыхнуў паветра глыбей і, упаўшы на калені, прынік да маці.
   - Мам... а мам... ну чаго ж ты маўчыш?
   Дакрануўся да матчынай рукі, яна была халоднай, як лёд, цяжкай.
   Заплакаць бы Міколку, на ўвесь свет заплакаць. Ды чуе ён галасы ў хаце, чужыя словы. Хіба можна слёзы свае чужым людзям паказваць? Гулка бразнулі дзверы. З хаты выйшлі людзі. Яны груба адштурхнулі Міколку ад ганка. Яны нешта неслі, ці то матчыны коўдры, ці то новае бацькава паліто. Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Нібы на конскіх капытах, паблісквалі цвікі на падэшвах іх ботаў.
   «Немцы...» - мільганула страшная думка.
   І ён не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Ён убачыў кроў. У крыві была рука сястрычкі. Міколку стала вельмі горача, падкошваліся ногі. Але ён устаў, выцер успацелы лоб, стараючыся зразумець, што ж адбылося з ім, што адбылося з маці, з яго маленькай сястрычкай. Узрушана шалахцела дзедаўская груша-дзічка, самотныя пчолы ляталі, кружыліся вакол спелых груш-гнілушак. Трывожна шчабятала дробнае птаства, і толькі сонца спакойна ўгравала саламяную страху, чырвоныя вяргіні пад акном. А на сэрцы было пуста і чорна, нібы ўзяў хто маленькае Міколкава сэрца і выціснуў з яго ўсю гарачую кроў. Ды каменем навісла над ім неадчэпная думка: нешта ж трэба зрабіць.
   Нешта ж трэба зрабіць...
   Ён перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Стары сядзеў на прызбе. Заўважыўшы Міколку, ён кінуўся завіхацца ля новага грабільна. Пачаў стругаць яго нажом і ўсё гэта рабіў з такім сярдзітым выглядам, што аж варушыліся, тапоршчыліся густыя сівыя бровы. Міколку стала нязручна. Ён маўчаў.
   - Ну, чаго ты? - не гледзячы на яго, запытаўся дзед.
   - Мамцы худа... відаць, нежывая... Яна і сястрычка...
   - А ты не пужайся... Мамку тваю немцы забілі... афіцэры. Ды не ў цябе аднаго...
   - Што ж рабіць нам, дзеду?
   Дзед Нупрэй так усхадзіўся з нажом, што нечакана аж перарэзаў грабільна і, плюнуўшы злосна, кінуў яго за плот, узрушаны чымсьці, прысеў на прызбу.
   - Вот што, братачка...
   А гаварыў ён «братачка» толькі сталым ды паважным людзям, а не якому-небудзь падшывальцу Міколку.
   - Садзіся вот... Ну, што мы з табой - адно старое, другое малое... ці мы што зробім? Пачакай вот - прыйдзе бацька твой. Мы дамо тады рады... ім... Ды ты пастой! Не хадзі туды... у хату. Начуй у мяне.
   Але Міколка пайшоў. Стары праводзіў яго доўгім позіркам, сказаў сам сабе:
   - Ну што ж... Упартае хлапчанё, у бацьку пайшоў. Няхай ідзе, хоць выплачацца малое...
   І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Не на людзях жа слёзы пускаць Міколку, яму ж трынаццаць год, ён жа мужчына. А раніцай бачылі людзі, што ён хадзіў чагосьці ў лес. Потым доўга распытваў старых, па якой дарозе і куды пайшлі немцы.
   Потым доўга корпаўся ў хаце, сабіраючыся ў дарогу. Цяжка было знайсці патрэбныя рэчы. Разбітыя талеркі, парваныя партрэты, адзенне, яго кніжкі, сшыткі, - усё гэта ляжала параскіданым злой рукой на падлозе. Ён узяў сваю старую школьную торбачку, якую пашыла яму маці, калі быў ён яшчэ ў першым класе. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Пастаяў з хвіліну пад роднай грушай, клапатліва прыкрыў старэнькай, але чыстай скацеркай твары мацеры, сястрычкі і пайшоў, не азіраючыся, агароднай сцяжынкай.


 * * *

   Яго бачылі потым у мястэчку, праз якое праходзіў бальшак.
    Ён стаяў, прыхіліўшыся да тэлефоннага слупа, усё ўглядаўся на дарогу. Нехта паспрабаваў пакпіць над ім: «Ці не ў школу ты, хлопча, сабраўся, дзе ж віданы цяпер тыя школы».
    Міколка нічым не азваўся на гэты голас.
   Прад ім праходзілі ўзброеныя людзі - купкамі, калонамі, у адзіночку. Узнімаючы слуп пылу, імчаліся грузавікі, грукацелі гарматы на каменным бруку. І ўсё - чужыя людзі, чужыя машыны, чужыя гарматы. Ён часам ажыўляўся на секунду, адрываўся ад слупа, але зноў гарэў запылены твар, бяссільна апускаліся рукі. І вось ён прыйшоў, гэты доўгачаканы час. Цяпер не можа быць ніякага сумнення: гэта яны, гэта тыя, што замучылі яго маці, яго сястрычку, адабралі ад яго светлае сонца.
   Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Яшчэ не выцвіў лак на ім, не пасцерліся незразумелыя жоўтыя літары і знакі. Праз адкрытыя вокны бачыў ён чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. І на шапках і на мундзірах людскія чарапы, скрыжаваныя косці. Нехта з гэтых людзей гучна гаварыў, нехта смяяўся. П'яную песню цягнулі ехаўшыя ззаду коннікі, і песня была шэрай, як пыл, цяжкай, як камень на сэрцы.
   Міколка падцягнуўся ўвесь, сцяўся ў пругкі камяк і ў імгненне вока апынуўся ля самых вокан машыны.
   - Наце ж вам... за маці, за сястрычку маю!
   Ён проста перакінуў у акно нейкі скрутак, загорнуты ў газету. Асляпляючы слуп агню і жалеза адкінуў яго далёка на прыдарожны пыл. Выскаліўшы пеністыя храпы, уздыбіліся коні. Пазляталі шапкі з коннікаў, сёй-той бразнуўся вобзем. Чуліся разгубленыя каманды. З перакошанымі ад страху тварамі беглі салдаты з насілкамі, з лапатамі. Рэшткі машыны дагаралі на дарозе, дыміліся, тлелі на каменнях чорныя мундзіры. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Ён выстраліў некалькі разоў у Міколку і потым, нібы спужаўшыся чагосьці, хутка схаваў у кабуру задымлены рэвальвер і, ссутуліўшыся, унікаючы зірнуць у Міколкавы вочы, падаўся прэч, да тых, што расчышчалі дарогу, сям-там пасыпаючы яе жоўтым пяском.
   Міколка не чуў гэтых стрэлаў, яму было ўжо ўсё роўна. Нерухомым позіркам ён углядаўся ў блакітнае неба, нібы прыслухоўваўся да былых сваіх думак: аб нянавісці, аб помсце. Застыглы твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзясяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. І толькі на вуснах засталіся - ні агонь, ні жалеза не змаглі іх сцерці - сляды ўсмешкі, слаўнай, дзіцячай.
   Побач ляжала яго торбачка з раструшчаным пад салдацкім ботам пеналам. Ды выпалі з-за пазухі і ляжалі ў пыле запазнелыя восеньскія васількі.
   Сінімі васількамі адцвіталі і вочы хлопчыка. 

 

 

Адказы на пытанні

   1. Твор выклікае шмат эмоцый: сум, роздум, гора, нянавісць да нямецкіх захопнікаў, шкадаванне малога хлопчыка. Уражвае яго жыццёвая трагедыя і гібель.

   2. У апавяданні Міхася Лынькова «Васількі» дзеянне адбываецца ў адной з беларускіх вёсак на пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі фашысты напалі на СССР, несучы з сабой агонь і смерць.

   3. Летні дзень у пачатку апавядання цёплы, празрысты, ціхі, спакойны з кропелькамі суму (блізіцца восень). Апісанне летняга дня выклікае светлы, спакойны, але адначасова і сумны.

   4. Вяртаючыся з лесу хлопчыкі спрачаюцца пра бусла, які суправаджае іх. Міколка сцвярджае, што гэта бусел, які жыве на грушы каля Міколкавай хаты. І бусел сапраўды з Міколкавага падворку. Па дарозе дадому хлопчыкі мараць пра тое, каб вынайшлі такі самалёт, які як бусел, можа садзіцца на кожнае дрэва і знішчаць фашыстаў. Каб хутчэй скончылася вайна.

   5. Аўтар перадае ўзрушэнне і боль хлопчыка праз вобразы і яго ўнутраныя думкі. Адным з яркіх вобразаў з’ўляецца груша, яна сімвал страчана ладу. Напачатку, калі Міколка глядзіць на яе, бачыць што іх бусел, чамусьці не сеў на буслянку, а пакружыўшы, паляцеў і знік, быццам яго спужалі, пасля, калі каля роднай грушы накрыў абрусамі нежывыя твары сваёй матулі і сястрычкі…Усё гэта дапамагае нам адчуць неверагодны боль хлопчыка, яго гора і жаданне адпомсціць.

   6. Хлопчык прыйшоў да дзеда Нупрэя, бо спачатку не ведаў, што яму рабіць, спадзяваўся, што ён параіць і дапаможа. Той растлумачыў яму, што матуля і сястра забіты, што не толькі ў яго такое гора, сказаў, што трэба пачакаць бацьку і тады яны змогуць адпомсціць, прапанаваў яму застацца ў яго. Але было бачна, што дзед узрушаны і злуецца, што бяссільны спыніць чорную навалу.

   7. Міколка вырашыў адпомсціць ворагам самастойна. Яшчэ да прыходу немцаў, ён ведаў, дзе знаходзяцца боепрыпасы, якія хаваў у лесе бацька. Знайшоў іх, сабраў у торбачку, якую шыла яму матуля любімыя рэчы і адправіўся чакаць тых, хто адабраў у яго родных і светлае сонца. І дачакаўся аўтобуса з фашыстамі. Ён падбег да вакна і кінуў скрутак, які ўзарваўся.

   8. Пенал быў сімвалам шчаслівага дзяцінства, якое растаптаў салдацкі бот. Дзеці былі пазбаўлены магчымасці жыць мірна і шчасліва, яны рана сталі дарослымі. На працягу ўсяго твора васількі былі проста любімымі кветкамі Міколкі. Але ж у канцы яны сталі кветкамі смерці, якія Міколка бачыў у апошні раз.

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Аб чалавечым сэрцы