Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Зарэцкі - Адна партыя ў шашкі

Увага! Поўны змест

   Гэта — з таго часу, як у маладой савецкай краіне полымем барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі — панамі. Тады кожны куток нашай краіны працяты быў вострай напружнасцю, якая часам прасякалася агнявымі бліскавіцамі бурных уздымаў.
   У той час на кожным кроку хаваліся ў цемры падкалодныя гадзіны. Часам выпаўзалі яны на свет і атрутныя джгалы паказвалі. Мужыкі-сярмяжнікі зніштажалі іх сваімі рукамі мазольнымі, карузлымі. І не было тады меры мужычай моцы жалезнай, не было меры і гневу народнаму, бурнаму.
   У фальварку Струшні тры дні паслугачы панскія сядзелі замацаваўшыся. Акружаны былі кальцом непарушным — чырвонаармейскім атрадам на чале з Асначом — селянінам-героем. Не здаваліся, хоць і бачылі, пэўна, што не будзе ратунку. А мо чакалі адкуль дапамогі?
   Аснач наўмысля не браў фальварка з бою: хацеў жыўцом захапіць непакорных бандытаў. Расстанавіў вакол панскага дома людзей сваіх, сам сядзеў у старажоўскай халупцы, што ад дома крокаў на сто ля дарогі стаяла. Пад вусамі густымі вялізнымі хаваў увесь час хітравата-давольную ўсмешку. Пэўна, сам сабе думаў:
   "Няхай пасядзяць сабе троху, адпачнуць пасля працы. А канец — адзін..."
   Ноччу панскі дом хаваўся ў старожкую цемру. Тады Аснач падыходзіў да дома і хадзіў вакол безупынку. Упаўголаса аклікаў чырвонаармейцаў, бадрыў іх жартам вясёлым. А сам усё хадзіў і ўсё слухаў пільна, уважна, ці не робіцца што там за сцяной, ці не гатуюцца да чаго непрыяцелі.
   На трэцюю ноч, калі ён хадзіў так — бяссонны, настарожаны, — яго чулае вуха злавіла ледзь чутныя рухі ў пакоях. Умомант ад чалавека да чалавека перадалася чырвонаармейцам яго перасцярога. Шчыльней абступілі дом, ля дзвярэй, ля акон пасталі з нарыхтаванымі стрэльбамі.
   Застыгла ўсё, быццам самлела наўкола. Так ціха было, што як з саду над домам праляцела нейкая птушка начная, дык чуцен быў мерны ўзмах яе скрыдлаў.
   Часінка, другая...
   Раптам адчыніліся дзверы панскага дома. Уздрыганула паветра ад стрэлу. Невядома, хто першы страляў: ці армейцы, што чакалі каля дзвярэй, ці мо бандыты, каб спалох узняць нечакана, палягчыць сабе магчымасць уцячы.
   Потым ужо ў пакоях пайшла страляніна. Тлум, замятня... А праз колькі хвілін асвяціўся дом святлом няроўным, дрыжачым; з акон косы віхрыстыя заскакалі па кустах палісадніку.
   Гэта Аснач рабіў вобыск па доме. Замест лямпы з паперы зрабіў нібы факелы і асвятляў імі пакоі.
   Доўга не аставаліся ў доме. Аснач хутка сабраў сваіх хлопцаў.
   — У вёску, усе... Пільна сачыць за бандытамі... Рукі скруціць... як мае быць... Марш!..
   Пасунуліся няроўнай чарадой па цёмнай дарозе. У невялічкай вёсцы — вярсты тры ад фальварка — спыніліся. Там мусілі начаваць.
   Разышліся па хатах, а забраных бандытаў стоўпілі ў адзін з сялянскіх свірнаў. Да іх варту прыставілі. Толькі правадыра іхнага павёў з сабой чамусьці Аснач. Двое чырвонаармейцаў яго вартавалі, трымалі нарыхтаваныя стрэльбы.
   Увайшлі ў сялянскую хату. Аснач сеў адразу за стол, задумаўся, паклаўшы твар на далоні. Усе маўчалі. Толькі гаспадар з гаспадыняй нешта шапталі ўцішку. З цікаўствам паглядалі на гасцей і больш за ўсё на таго, што стаяў паміж двух узброеных салдат.
   Яго выгляд прыцягваў да сябе ўвагу. Вопратка нібы панская, але так абшарпалася, што зусім страціла свой калішні выгляд. Калматым шкумаццем недалужна звіслі парваныя полы сурдуту, а скрозь дзіркі на каленках свіцілася брудная бялізна.
   Стаяў ён панура, нерухома, у дол апусціўшы сярдзіта прыжмураныя вочы. Твар быццам драўляны, быццам мёртвы. На ім застыгла, закамянела хваравітая напружнасць.
   Аснач раптам узняў галаву. Акінуў хату ўраз павесялеўшым, светла-іскрастым паглядам.
   — Гаспадыня! А як будзем з вячэрай, га?..
   Замітусілася баба, забегала па закуцці.
   — А бадай яно цямілася. Гэта ж мне з галавы вон. Такі праўду кажуць, што сыты галоднаму не спагадае...
   Неяк ураз змяніўся ўсіхны настрой. Быццам нейкі гулліва-радасны промень працяў тую напружную цяжкасць, што гнётам вісела ў хацёнцы. Закулдыячылі дзеці, загаварылі армейцы. Гаспадар падсеў к Асначу, пачаў гаманіць з ім — сперш асцярожна, нясмела. Зазіраў у яго дабрадушныя вочы з цікаўствам, з павагай, распытваў пра падзеі ў фальварку. Аснач апавядаў, і ўсе смяяліся давольна, радасна.
   Толькі адзін палонны маўчаў. Быццам не чуў, не ўважаў, што наўкола, углыбіўшыся ў думкі свае асабістыя.
   Падалі вячэру. Аснач разгарнуўся, расшпіліўся, вольна раскапусціўся за сталом, гатуючыся як мае быць узяцца за ежу. Па твары разлілася давольнасць — шырокая, млявая, якая заўсёды бывае ў тых, хто пасля цяжкае працы знаходзіць сабе адпачынак.
   У гэты момант пагляд Аснача спаткаўся з паглядам бандыта. Толькі хвілінку глядзелі яны адзін у вочы другому, але гэтага досыць было, каб Аснач згадаў тое, што перажывае ў гэты момант збянтэжаны пан. Скрозь усю тую варожасць і злосць, якія свіціліся ў прыжмураных вачах, нястрымана прарывалася моцнае жаданне, і гэта жаданне, відаць, панавала цяпер над усім пачуццём, над усёй істотай гэтага чалавека.
   — Есці! Есці! — быццам крычалі напружна-бліскучыя вочы бандыта.
   І тады Асначу яшчэ весялей зрабілася. Не было ўжо злосці на недалужнага, бяссільнага ворага. Нават жаль нейкі з'явіўся. А панская ўпартасць, замкнёнасць здалася смешнай і недарэчнай. Ён праказаў вясёла з захаваным смяшком:
   — Можа, пан не адмовіцца павячэраць?
   Злосцю і пагардай бліснулі панскія вочы. Адвярнуўся, не глядзеў нават у бок Аснача. Але Аснач ведаў, што голад пераможа ўпартасць.
   — Хлопцы! Развяжыце пану рукі, няхай падмацуецца троху...
   Развязалі. Пан не рушыўся з месца. Відаць, змагаўся з сабой. Але ўрэшце не вытрымаў. Утупіўшы вочы, падышоў да стала. Больш не чакаў, каб прасілі, накінуўся на страву, як звер галодны. Мусіць, доўгі час нічога не еў.
   Як скончылі вячэру, як у ціхай сямейнай прытульнасці зацягнуў сваю ветлую песню самавар ля парога, Аснач заўважыў на акне дошку ад шашак.
   — А бач! Вось дык знаходка... А дзе шашкі? Дзядзька! — звярнуўся ён да гаспадара.
   — А ліха іх ведае... Як быў сын у дварэ, гулялі часам хлопцы... А потым, мусіць, параскідаліся, бо гуляць няма каму, так вось бадзяюцца...
   — Кепска, кепска. Але нішто, мы наробім...
   Узяў кавалак хлеба і пачаў крышыць шматкамі маленькімі.
   — Ну, сядай, хлопцы, згуляем...
   Але з чырвонаармейцаў ніводзін не ўмеў гуляць.
   Аснач зірнуў у бок пана. Той сядзеў за сталом, упяўшы пагляд некуды ў пусты працяг. Думаў усё. На твары цяпер спакой быў, ціхамірнасць.
   — Ці згуляе, ці не?
   Хочацца Асначу ў шашкі пагуляць, дужа хочацца. Шашкі — гэта ж яго ўцеха найпершая... Пэўна, гуляе пан, але ці згодзіцца? А цікава было б з ім...
   Ён абярнуўся да пана, і той, быццам схапянуўшыся, зірнуў на яго чакаючым паглядам.
   — Можа, згуляем партыю? — запытаўся Аснач.
   — Давайце.
   Узяў нейкую паперку з акна і пачаў таксама, як і Аснач, гатаваць шашкі.
   Расстанавілі — Аснач хлеб свой пакрышаны, а пан кавалкі паперы.
   Чамусьці раптам заціхлі ўсе ў хаце. Армейцы падсунуліся бліжэй, глядзелі з цікавай усмешкай.
   Пачалася гульня. Напружаная, цягучая ціша агарнула хацінку. Настойным, назоллівым гнётам павісла пытанне: "Хто каго?"
   Глядзела гэта пытанне з цікавых вачэй армейца, з маўкліва ўпятага ў шашаніцу пагляду гаспадара. І нават гаспадыня, сноўдаючыся па хаце, часам падыходзіла да стала і зазірала на шашкі, хоць і не разумела ў іх нічагутка.
   Аснач насупіўся. Упарта глядзеў на дошку, асцярожна, зважна пераставіў кавалачкі хлеба. І чым далей, тым больш і больш моршчыліся яго бровы, а вусы шавяліліся, як у таракана.
   Дзіўная была гульня ў Аснача з панам. Абодва напружыліся, абодвух цалком захапіла адна вострая, палкая думка: каб не прайграць.
   У Аснача пад звонку нібы зусім спакойным выглядам хавалася моцнае абурэнне. Адно звінела, гудзела ў мазгах: ён павінен абыграць, ён не павінен паддацца. Чаму — невядома, але так трэба, так павінна быць.
   І нешта дзіўнае, незвычайнае рабілася з Асначом. Ніколі ён не гуляў з гэткім запалам. Быццам усёй істотай увайшоў ён у шашкі, у гэтыя цьмяныя кавалачкі хлеба, усю моц сваю, волю ўклаў у іх. І здавалася, што гэта не шашкі ўжо, што не іх справа. Здавалася, што няма ўжо шашак, што счэзлі яны, распаўзліся, разгарнуліся ў нешта вялікае, шырокае, у нешта без форм, без пачатку й канца. І асталіся тут толькі яны ўдвух — адзін проці аднаго — з гэтым панам, што блішчыць варожа вачмі, што ўсміхаецца смешкай саманадзейнай.
   Абыграць яго, перамагчы! Бо йначай — немаведама што...
   Гульня к канцу падыходзіла. Асталося па некалькі шашак у кожнага. Абодва не паддаваліся.
   Напружнай чырванню пакрыўся акамянелы твар Аснача, вочы заблішчэлі агнём жорсткім, сталёвым. Упарта глядзеў на дошку. Уваччу ўжо не хлебныя крошкі, а нейкія вялізныя камлыгі каменныя. Здаецца, заваліў бы, раструшчыў імі гэтыя заядлыя белыя паперкі. А разам з імі гэтага ўпартага, злоснага ворага.
   У парозе гаротна, недалужна пішчэў самавар. Усе на яго забыліся, усе абступілі гульцоў, з зацятым дыханнем чакалі, чым скончыцца. Ува ўсіх на твары відаць было шчырае спачуванне Асначу, жаданне, каб выйграў ён, не паддаўся. І разам трывога, напружная, палкая.
   — А што, калі ды прайграе?..
   Гэтак і выйшла. Зрабіў Аснач ход дрэнны, няўдалы; і твар пана раптам зайграў давольнай, радаснай усмешкай.
   Аснач прайграў. Аснач паддаўся варожаму пану.
   Раптам глыбокая цішыня стала жудаснай, злавеснай. Дзіўна дапасаваў ёй завыўны, жалобны посвіст самавара.
   Узняўся Аснач. Упяў пагляд проста ў твар пану. У гэтым паглядзе нешта гарэла, бушавала шалёнае, лютае.
   Пан таксама ўстаў. Смела глядзеў у твар Асначу, усміхаўся зларадасна.
   І вось тады здарылася тое, чаго, пэўна, ніхто не чакаў, што спалохам агнявым усіх агарнула.
   Аснач вынуў з кішэні наган і навёў яго на пана. Стрэл быццам ускалануў, разадраў усю хату.
   А пасля — ціха стала, як у магіле. Пан марудна, паволі апусціўся на лаву.
   Аснач стаяў нерухома. Не ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што. Дый не думаў пра гэта. Нешта падказала з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэты кроўны, упарты — узяў і забіў...
   Усе моўчкі стаялі, спалоханыя. Усе ўзіраліся ў недалужна-паніклае панскае цела. І дзіўна, што ні ў каго не мігнула ў гэты жудасны момант думка асуджэння. Быццам усе згодны былі з Асначом, быццам кожны разважаў сваім простым, нямудрым розумам:
   — Яму трэ было гэтак зрабіць...
   Дык вось якая была адна партыя ў шашкі. Гэта было тады, як у нашай краіне барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі — панамі.
   Тады не было меры мужычай моцы жалезнай, не было меры й гневу народнаму, бурнаму...

Похожие статьи:

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Адна партыя ў шашкі. Аналіз апавядання

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Вязьмо

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая

Міхась ЗарэцкіЦана — жыццё (па раману "Вязьмо")

БиографииМіхась Зарэцкі