Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Багдановіч - Маёвая песня

Музыка перш за ўсё...

Поль Верлен


Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых,
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

I ліецца хваляй песня —
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

 

 

Адказы на пытанні:

   1. У вершы "Маёвая песня" Максім Багдановіч спрабуе аб’яднаць у адно цэлае музыку і лірыку, карціну і гук. Гэты верш нельга пераказаць, не разбурыўшы яго арганізацыю. У вершы ствараюцца зрокавыя і слыхавыя вобразы, якія паступова складаюцца ў адзіны цэласны вобраз – шматфарбны, шматгалосы свет, сагрэты сэрцам і пачуццямі паэта.
   2. "Шпаркі, лёгкі, сінякрылы матылёк" – прыгожы матылёк з сінім адценнем крылаў, адчуванне лёгкасці, гуллівасці; "струны сонца залатых" – промні сонца, адчуванне цяпла, паветра; "звонкі вецер" – шамаценне лістоў на дрэвах, "дрыжачымі крыламі" – вецер, як хвалямі пакрывае травы і прастору, "ціхі, ясны гімн", "тонкія зёлкі" – пах траў, кветак, поля, "раздольны, вольны свет"– пачуццё свабоды.
   3. Верш насычаны маляўнічымі выразамі. Яны ёсць фактычна ў кожнай страфе: "Па-над белым пухам вішняў", "I ліецца хваляй песня", "Ў струнах сонца залатых", "вецер гэта звонкі" і інш.
   Пры чытанні верша адчуваецца шапаценне ветру, якое перадаецца праз гукапіс: "звонкі", "шапаціць", "шуміць", "сухі" (гукаперайманне).
   4. Меладычнасць некаторых радкоў верша дасягаецца пры дапамозе чаргавання галосных гукаў а, я, е.
   5. Верш-услаўленне вясны насычаны дзеясловамі. З усіх бакоў "ляцяць, дрыжаць, звіняць" зыкі вясны. Аўтар з дапамогай дзеясловаў імкнецца перадаць узрушанасць, тэмп, хуткасць змены малюнкаў, дынамізм. Дзеясловы ўжыты ў цяперашнім часе, гэта дапамагае адчуць, што дзеянне адбываецца зараз, з намі: "Не паняць таго ніколі, не разведаць, не спазнаць: не даюць мне думаць зыкі, што ляцяць, дрыжаць, звіняць."
   6. Песня "Па-над белым пухам…" у выкананні гурта "Песняры" гучыць пазітыўна, дорыць шмат добрых эмоцый, яна лірычная і адначасова вельмі яркая, сонечная, энергічная.
   7. Памер верша "Маёвая песня" – чатырохстопны харэй.
   8. Прырода – невычэрпная крыніца паэзіі. Яе гармонія, малюнкі, фарбы, непаўторныя краявіды заўсёды хвалявалі не толькі пісьменнікаў, але і мастакоў, якія бачылі ў ёй надзвычайную гарманічнасць і хараство. Прырода дорыць нам незабыўныя хвіліны асалоды, супакойвае, натхняе, кожны раз выклікае захапленне ва ўсіх сваіх праявах.

Похожие статьи:

ВВосеньскія песні

ВВалачобныя песні

ППесня

ВВясельныя песні

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады