Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кузьма Чорны - Бацькаўшчына

   У рамане «Бацькаўшчына» (1931) узнікае карціна магутнага народнага шэсця беларусаў з мінулага ў будучыню — «ад прыгоннага ладу да бяскласавага грамадства». Але не менш, чым прыгон, беларусаў на працягу вякоў хвалявала пытанне аб уласнай бацькаўшчыне. Пошукі Радзімы — гэта пошукі сваёй зямлі. Кузьма Чорны стварае эпічны малюнак, у цэнтры якога магутная постаць Лявона Гушкі, селяніна-волата, здольнага, як казачны герой, сошку вырваць з раллі і закінуць за куст лазняку, узняць цаліну, пракарміць, як у вершах Багушэвіча і Купалы, «цэлы свет». У постаці героя спачатку прыкметныя трапятлівасць, якая выдае яго паднявольнае становішча, цярплівасць, выхаваная гістарычнымі акалічнасцямі, якія ў адносінах да гэтага чалавека цяжка назваць спрыяльнымі. Ён яшчэ і сам не верыць у свае вялікія магчымасці, шукае праўды то ў пана, то ў папа, то ў ксяндза, то ў прыстава, ажно пакуль не пераконваецца, што кожны з іх дбае найперш пра свае ўласныя інтарэсы. Яго вера ў магчымасць нармальнага існавання ва ўмовах беззямелля пад уздзеяннем выпадковага і невыпадковага збегу абставін ператвараецца ў такой жа сілы расчараванне.
   З'яўленне героя такога, сапраўды эпічнага, маштабу ў творчасці Чорнага не было выпадковасцю. У Леапольда Гушкі шмат рыс падабенства з чорнаўскім героем-«трапетуном»; «Так яго дзень пры дні бачылі, як ён варушыўся, клапаціўся, тупаў». Чалавек ад самага нараджэння трапіў ў невыносныя ўмовы жыцця, калі можна спадзявацца толькі на сябе, свой спрыт, працавітасць, рэдкую цярплівасць і сумленнасць. Гушка спачатку шчыра паверыў у магчымасць уладкаваць сваё жыццё, абапіраючыся на агульнапрынятыя ў грамадстве законы і нормы, і не адразу заўважыў, што яго проста выкарыстоўваюць дзеля сваіх меркантыльных інтарэсаў такія прайдзісветы, як Сурвіла і Мазавецкі. Вось хто добра адчувае сябе ў грамадстве «першапачатковага накаплення», якім яно было на Беларусі пасля адмены прыгоннага права, дык гэта людзі нахабныя і пазбаўленыя пакутаў сумлення! Нягледзячы на сваё вонкавае непадабенства і нават пэўную супрацьлегласць, Сурвіла і Мазавецкі, праваслаўны і каталік, «рускі» і «паляк», падобныя ўнутрана адзін на аднаго, як браты-блізняты. Абодва гэтыя героі жывуць прагай узбагачэння любымі сродкамі, хоць дзейнічаюць кожны ў адпаведнасці са сваёй натурай і ўяўленнямі аб «правілах гульні». Сурвіла, не вельмі разваротлівы, «не лішне ёмкі на язык», просталінейны, грубы і малакультурны выхадзец з мясцовых мужыкоў, дзейнічае ў гістарычных умовах, калі перад такімі, як ён, «грашовымі мяшкамі», адкрылася прастора, якую і яго зайздрослівыя вочы не могуць ахапіць. Мазавецкі, больш далікатны і культурны ў абыходжанні не толькі з панамі і роўнымі сабе гаспадарамі, але і з тымі, з каго здзірае апошнюю скуру, мясцовы шляхціц, лёгка знаходзіць агульную мову з хамаватым «мужыком» Сурвілам, калі трэба «схаўрусавацца», каб ямчэй абіраць «усялякую галетніцкую драбязу». Адзін (Сурвіла) на кароткай назе з царскім служкай, прыставам, і «цягне на Усход», а другі (Мазавецкі) адчувае сябе апорай «пальшчызны на ўсходніх крэсах» і «пазірае на Захад», але абодва аднолькава не прызнаюць права Леапольда Гушкі на чалавечае жыццё, на бацькаўшчыну, на самастойнасць.
   I Сурвіла і Мазавецкі, і той, хто за імі стаіць, успрымаюць Леапольда Гушку толькі вонкава, не зважаючы на ўнутраную сутнасць, якая нікога ніколі не цікавіла. У сцэне, калі Гушка працуе, раскарчоўваючы камяніцу і парослую дзёрнам няўдобіцу на сваім слабасільным коніку, а яго «цёпла» вітае мясцовы папок, які выйшаў на шпацыр, гэта духоўнае адчужэнне класаў, сацыяльных саслоўяў, нацый навідавоку. На захопленае і чыста рытарычнае ўслаўленне свету папком («Памажы божа... Рай зямны... птушкі спяваюць, Бога хваляць, усялякае, значыцца, стварэнне... «хвалнте его в кнмволех доброгласнех» заклапочаны і ўзнерваваны, на мяжы з адчаем і абурэннем, Гушка адказвае коратка і аднастайна: «Дзякую, ойча... Але, але, ойча... Праўда, ойча». Ён поўніцца пакорай перад «духоўнай уладай», але ўжо саспеў унутрана для таго, каб крытычна ацаніць падзеі, азірнуцца на самога сябе і навакол. Аўтар непрыкметна, намёкам толькі, падрыхтоўвае нас менавіта да такога вываду: «Але ён не быў трапяткі. Ён быў высокі, у плячах крыху камляваты. Здаецца, нават на першы погляд, павольны. Цягавіты. На нагах ён стаяў моцна». Ведаючы схільнасць Чорнага да псіхалагічнага і філасофскага падтэксту, досыць лёгка зразумець, што яго творчай задачай з'яўляецца эпічнае ўзбуйненне вобраза Леапольда Гушкі, у якім пісьменнік бачыць увасабленне нацыянальнага характару і беларускага лёсу. Вядома, Чорны мысліў у ідэалагічных катэгорыях свайго часу, прыкметна сацыялагізаваных, але яго «палітызаванасць» шмат у чым была данінай часу, тады калі сам вобраз Леапольда Гушкі і яго спадарожнікаў, такіх, як стары Няміра, Эдвард Лявэр, Адась Гушка, вырас з самога жыцця, з глыбінь беларускай гісторыі, з гушчы народа-пакутніка і героя. Чорны стварыў драматычную карціну пошукаў героем выхаду са становішча, марнавання яго фізічных і духоўных сіл, краху ўсіх надзей. Жыццё даводзіць Гушку, што ідэю бацькаўшчыны трэба сцвярджаць іншым шляхам, чым ён гэта рабіў праз доўгія гады свайго паднявольнага існавання і цярплівай працы на чужую карысць. У фінале рамана — новы Леапольд Гушка, моцны, загартаваны чалавек без звыклых рысаў трапятлівасці і вялікага нецярпення. Чорны ў эпілогу дэманструе канчатковае вырашэнне ўсіх праблем, з якімі сутыкнуўся яго герой, а ў яго абліччы і ўвесь беларускі народ: Леапольд Гушка выступае як дзяржаўны дзеяч, кіруе Усебеларускім з'ездам Саветаў. Але нічога яшчэ ў гэтым свеце незавершана: бастуюць ткачы ў Беластоку і Лодзі, шырыцца паўстанцкі рух у Заходняй Беларусі, ідзе барацьба «грамадаўцаў» у польскім Сейме за правы чалавека... Сюжэт твора як бы працягваецца ў жыццё, а яно не мае канца, завяршэнне падзей у будучыні.
   У рамане «Бацькаўшчына» Чорны ўзняўся на новую сацыяльна-гістарычную і філасофскую ступень асэнсавання беларускай рэчаіснасці.

Похожие статьи:

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Насцечка

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства

Кузьма ЧорныСацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"