Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Карамазаў - Бежанцы

    Тэма рамана Віктара Карамазава "Бежанцы" (1993) — бежанства, выгнанніцкі лёс беларускага народа ў XX стагоддзі. Не адзін круг ліха, бяды-нядолі зведала сям'я Падабедаў. Настаўнік Захар Падабед, вачыма якога мы пераважна глядзім на падзеі, прайшоў у ваенную часіну цярністы выгнанніцкі шлях. Суровую праўду бежанства ён спазнаў за свой век спаўна: "Бо ўсё жыццё бачыў, як сунуўся па дарогах люд, адарваны ад сваёй зямлі. Не з кніг, з жыцця ведаў: калі чалавека адрывае ад свайго месца, ад каранёў, ад зямлі, хаты, кідае ў свет, як у капейку, калі ён робіцца бежанцам, бяжыць, часта не ведаючы куды, дык чалавек гэтакі ўжо не накорміць нікога, сам галодны... На дарогах людзі знікалі, губляў сілу народ. Дарогі нявечылі дзяцей. А канца гэтай дарозе не было". Яшчэ першая сусветная вайна пакінула сваю мету ў душы Захара. Пазней, у час калектывізацыі, ён бачыў, якое разарэнне нясе вёсцы савецкая ўлада: людзей раскулачвалі за нішто, рабілі "ворагамі народа", высылалі на чужыну.
   Віктар Карамазаў не ідэалізуе свайго героя, паказвае, што і ён прычыніўся да зла — "пасабляў выяўляць схаванае ў кулакоў Збожжа". Аднак Захар Падабед з тых людзей, якія здольны аналізаваць падзеі, свае ўчынкі, рабіць высновы і дакараць сумленне. У гады другой сусветнай вайны напакутаваўся малы сын Захара — Васіль, які згубіўся на суровых дарогах ваеннага часу. Новым трагедыйным кругам пакутаў стала чарнобыльская катастрофа. I вось маленькі хлопчык — Васілёў сын — бегае па беразе Сожа, у тых мясцінах, дзе бяда зноў не пашкадавала людзей, зрабіла іх бежанцамі. Цярністы шлях народа працягваецца. Віктар Карамазаў падводзіць нас да сумнага, балюча-трывожнага роздуму пра тое, што бежанства стала адвечнай нацыянальнай драмай, трагічнай доляй беларусаў.