Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Вітка - Першая пяцёрка

Увага!!! Поўны змест

   У школу Наташа ўзяла з сабой ляльку Кацю. Пасадзіла побач і сказала:
   – Сядзі ціха і слухай, што кажа настаўніца.
   Але Каця не магла доўга ўседзець. Як толькі паварочвалася Наташа, паварочвалася і Каця. I мала таго, што паварочвалася. Кожны раз яна яшчэ і плакала:
   – А-а-а!
   – Хто гэта плача? – спыталася настаўніца.
   – Каця, – адказала Наташа.
   – Яна яшчэ малая, – спагадліва пагладзіла па галаве Кацю настаўніца. – Ёй яшчэ рана ў школу. Яе трэба аддаць у дзіцячы сад.
   Нядаўна Наташа сама хадзіла ў дзіцячы сад. Добра ў садзе, весела. Але як гэта аддаць Кацю? Сумна зрабілася Наташы. Ды іншае рады не было.
   Назаўтра, ідучы ў школу, яна забегла ў сад і папрасіла:
   – Няхай Каця ў вас пабудзе, пакуль я ў школе...
   Загадчыца Марыя Антонаўна ўсміхнулася і сказала так, як гаварыла заўсёды мамам:
   – Будзьце спакойныя, грамадзяначка...
   Наташа радасна пайшла ў школу. I праўда, як гара звалілася з плячэй. Седзячы за партай, яна старанна выводзіла літару за літарай, ёй ніхто цяпер не замінаў. «Мама» – напісала Наташа.
   Настаўніца паглядзела і сказала:
   – Малайчына! – і загадала яшчэ раз напісаць.
   I Наташа, больш упэўнена націскаючы на пяро, зноў вывела дарагое ёй слова.
   Настаўніца нахілілася над Наташыным сшыткам і чырвоным алоўкам паставіла пяць. Гэта была першая Наташына пяцёрка.
   Як толькі скончыліся заняткі, Наташа памчалася дадому.
   – Я пяцёрку нясу! – сказала яна яшчэ ў парозе.
   – За што, дачушка? – абрадавалася маці.
   – За маму, – адказала Наташа. – За цябе, мамачка...
   I толькі ўвечары, калі трэба было садзіцца за ўрокі, Наташа спахапілася:
   – Ой, а Кацю ж я пакінула ў садзіку. Пабягу забяру.
   – Позна, дачушка, Каця спіць ужо.
   Шкада было лялькі, але Наташа ўспомніла словы Марыі Антонаўны: «Будзьце спакойныя, грамадзяначка...» – і адразу супакоілася.
   Яна разгарнула буквар і пачала вучыць урок.

1959

Похожие статьи:

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Хто вас у школу сабіраў?

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Пайшлі ад нас канікулы

Пераказы, дыктантыВясковы асветнік

Кастусь ЖукКастусь Жук - Урок

Пераказы, дыктантыДарога ў школу