Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Аркадзя Куляшова

   Паэзія Аркадзя Куляшова (1914-1978) увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. "Новая кніга", якая ўбачыла свет у 1964 г., стала па-сапраўднаму наватарскай і засведчыла якасна новы перыяд у творчасці паэта. Зборнікі "Сасна і бяроза" (1970) і "Хуткасць" (1976) грунтоўна замацавалі за ім адно з галоўных месцаў у літаратуры.
   Нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне. Яго бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты "Наш працаўнік" ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 г., калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе "Полымя" з’явіўся верш "Бывай...". Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны — Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы Аркадзя Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш "Бывай..." стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок):

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.


   Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, Аркадзь Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-маладнякоўцамі, упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй. Знаёмства з паэтычнымі кірункамі і набыткамі іншых літаратур узбагачала творчы досвед і духоўны свет маладых людзей.
   У 1931 г. малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік "Росквіт зямлі" (1930). У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак Аркадзя Куляшова — "Па песню, па сонца!..", "Медзі дождж" (абедзве — 1932), паэмы "Аманал" (1933) і "Гарбун" (1935). У многіх вершаваных творах А. Куляшова адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, ішло рассяляньванне вёскі, заставалася па-за яго ўвагай. І таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаванне часам.
   Звяртаюць на сябе ўвагу вершы "Астраном" (1929) і "Як дзень адыходзіць..." (1930). У гэтых творах герой паэта рамантычна захапляецца панарамай далёкіх сузор’яў, верыць у тое, што зможа некалі весці дыялог з паэтам з іншай галактыкі, у якога гэтаксама "сэрца гарыць". Ён вітае зорны сусвет:

Прымі прывітанне, бясконцы сусвет
Далёкіх Цэнтаўраў і Львоў,
Далёкі таварыш, далёкі паэт
З няходжаных Млечных Шляхоў.
("Як дзень адыходзіць...")


   Паэт нібы інтуітыўна прадчуваў надыход касмічнай эры, калі бясконцы сусвет зробіцца адкрытым і блізкім чалавеку. У асобе Аркадзя Куляшова ў нашу паэзію прыйшоў мастак аб’ёмнага, касмічнага погляду на свет. Філасофскі касмізм думкі, маштабнасць мыслення зрабіліся асноўнымі ў яго паэзіі. Асэнсаванне месца чалавека у Сусвеце, агульнапланетарным быцці знойдзе ўвасабленне ў творах Аркадзя Куляшова 40-50-х гг. і пазнейшага часу (паэма "Хлопцы апошняй вайны", вершы "Зямля", "Пра Марс" і інш.). Канцэпцыя быцця і лёсу чалавека на Зямлі і ў Сусвеце стала асновай яго філасофска-паэтычнага светабачання і светаразумення.
   Самай прыкметнай з’явай у творчасці Аркадзя Куляшова даваеннай пары стаў цыкл вершаў "Юнацкі свет" (1939-1940). Сюды ўваходзяць вершы "На сотай вярсце", "Карусель", "Бюро даведак", "Воблака" і інш. Лепшыя з іх, як лічыць крытык У. Гніламёдаў, "краналі натуральнасцю слова, абаяльнасцю інтанацый жывой гаворкі, шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў...". "Я так — летуценнік..." — прызнаецца лірычны герой. Ён паўстае перад намі радасным, крыху наіўным. "Юнацкі непаўторны свет" поўніцца пачуццём кахання да дзяўчыны, якая ўяўляецца "светлым ранкам" ("Бюро даведак"). Разам з тым герой паэта ўлюбёны ў свае родныя мясціны, на поўныя грудзі, па-маладому шчаслівы жыць на зямлі і сузіраць хараство. Лепшыя радкі цыкла ўражваюць лірычнай непасрэднасцю адчуванняў, адметнасцю аўтарскіх вобразаў. У вершы "Воблака" паэт здолеў перадаць цудоўны міг жывой паяднанасці з прыродай, калі ў рукі рыбалова, здаецца, трапіла само воблака:

 

Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
I неба ў ёй не тое...
А воблака?Яно ў руках
Трапечацца жывое.


   Пачуццё крэўнай еднасці з роднай зямлёй выяўлена ў вершы "Магілёўская хмарка" (1940). Хмарка — жывая і дзейная істота — паспагадала жнеям і схавала іх у свой цень ад спякоты, у рух прывяла вятрак, а потым "з вясёлым праехала громам". Праз пейзажны малюнак паэт імкнуўся выказаць духоўна значную думку:

I людзі ўсміхаюцца хмарцы сваёй,
I ўдзячны
Услед ёй крычу я:
— Расці, магілёўская хмарка,
З зямлёй
Трымаючы сувязь жывую!


   У вершы "Плыла, цалавалася хмара з зямлёй..." (1940), які заўважна перагукаецца з "Магілёўскай хмаркай", Аркадзь Куляшоў працягвае роздум пра духоўнае апірышча асобы, яе ідэалы і жыццёвыя прынцыпы. Па сутнасці, ён выказвае сваё эстэтычнае крэда, погляд на асобу паэта, якая бачыцца яму душэўна ўсхваляванай, у няўрымслівым пошуку:

 

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,
Маланкамі ўвесь апавіты,
Каб цяжка адразу было зразумець
Ці вокам акінуць, які ты.


   У гэтым творы пейзажны вобраз набывае іншасказальнасць.
   Тэма паэта і паэзіі знаходзіць арыгінальнае ўвасабленне ў вершы "Мая Бесядзь" (1940-1946). Тут па-мастацку пераасэнсоўваецца фальклорны вобраз птушкі кані. Каня марнавала час, калі іншыя птушкі працавалі, капалі раку, нават чыніла здзекі з маленькіх працаўнікоў. Таму яе спасцігнуў вечны праклён: улетку яна канае ад смагі, "рэдкаю кропляю... існуе". Лірычны герой верша не жадае жыць, як гэтая птушка, ён гаворыць, што будзе крышыць каменне, разграбаць пяскі і капаць "рэчышча ўласнай ракі". Яму марыцца, каб адшуканая крыніца разлілася ракой:

 

Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй.


   Паэтава мара збылася. Яго паэзія зрабілася паўнаводнай ракой, якая ўлілася ў вялікі акіян агульначалавечай духоўнасці. Прыйшоў, зрэшты, і той дзень, калі давялося плыць у акіянскім прасторы, але мастак не забыўся пра пасланую лёсам блакітную раку, вытокі сваёй паэзіі: "Як быццам я плыву не акіянам, // А Бесяддзю — жаданаю ракой" (верш "Стаю і з пачуццём неўтаймаваным...", 1962).
   Яшчэ ў даваенныя гады Аркадзь Куляшоў выявіў сябе і як паэт яркага эпічнага таленту. Паэме "Аманал" (1933) уласцівы прынцып рамантычнай умоўнасці ў адлюстраванні падзей. Абагульнена-сімвалічны і рамантычны характар набываюць вобразы Юнака і Маладосці, якія ў значнай ступені ўвасабляюць сабой маладое пакаленне 30-х гг. Паэт звяртаецца да мовы сімвалаў, прыёмаў іншасказальнасці і фальклорнай паэтыкі. Удалае выкарыстанне гэтага літаратурнага арсенала заўважыў і станоўча ацаніў Якуб Колас. Ён адзначаў адметнасць эпічнай формы твора, параўноўваў куляшоўскі "Аманал" з п’есамі Леаніда Андрэева і Морыса Метэрлінка: "...паэма... пабудавана пераважна на схемах, сімвалічнасці, на алегорыях, а сімвалічная афарбоўка выклікае ў памяці Морыса Метэрлінка:    выццё сабак, ваўкоў, пеўневыя спевы і г. д. I як заключны акорд паэмы, паяўленне ласінага табуна". Гэты вобраз табуна на фоне летняй прыроды атаясамліваецца з узвіхраным часам 30-х гг., які імкліва перайначваў рэчаіснасць.
   Адным з найлепшых даваенных эпічных твораў А. Куляшова справядліва лічыцца паэма "Хлопцы апошняй вайны" (1940). Паэт зазямляе свайго лірычнага героя, хоць той імкнецца думкай ахапіць сусвет. Ён турбуецца пра лёс жыцця і чалавека на зямлі, над якімі навісла пагроза ваеннага ліха. У перадваенныя гады гэтыя хваляванні былі небеспадстаўнымі і нават прарочымі, бо вайна з фашызмам прымусіла задумацца пра будучыню ўсяго чалавецтва і яго будучыню, пра вечныя каштоўнасці на зямлі — мір, працу, чалавечае шчасце. Зноў жа, трэба заўважыць, гэтая паэма лучыцца з канкрэтыкай даваеннай эпохі, аднак у ёй абмінаюцца складаныя рэаліі і павароты жыццёвай рэчаіснасці. Разам з тым аўтар апярэджвае свой час — найперш гуманістычнай скіраванасцю думкі, верай у чалавечы розум.
   Патрыятычным і гуманістычным пафасам вызначаецца творчасць Аркадзя Куляшова ваенных гадоў. Вялікім пачуццём болю напоўнены верш "Ліст з палону" (1942) — зварот дзяўчыны, якую вывозяць у фашысцкую няволю. Гераіня звяртаецца да свайго каханага. Двойчы паўторанае слова "рабыня" і шматразовы паўтор эпітэта "чорная" абвастраюць трагічнасць гучання паэтычных радкоў, перадаюць унутраны стан паланянкі:

 

Я рабыня, рабыня,
Я чорная, чорная, чорная,
Любы мой, не з табой,
А з праклятай бядой
Заручоная...


   Здаецца, што гэта сама Беларусь спавядаецца і кажа пра свой трагічны лёс, просіць заступіцца і абараніць яе ад рабства, кліча адпомсціць ворагу за патаптаны гонар і ўчынены гвалт.
   Глыбокім лірыка-драматычным зместам напоўнены верш "Над брацкай магілай" (1942). Каб раскрыць увесь драматызм пахавання беларускіх салдат, палеглых за Радзіму, аўтар звяртаецца да прыёму вобразнага кантрасту: супрацьпастаўляюцца "прыгожыя краскі за вёскай у лузе" і "варожыя каскі" каля вёскі, дзе адбыўся бой. Тут паўстаюць у сваёй непрымірымасці прыгажосць жыцця і смерць. Заключныя радкі гучаць з эмацыянальнай узвышанасцю слова. Паэт выказвае той пакутны стан душы, калі чалавек, надоўга адарваны ад роднай зямлі, шукае ў цяжкія хвіліны духоўнага мацунку і надзейнага апірышча:

Беларусь мая родная,
як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
увесь і чабор твой і верас!..
Сэрца просіць шляхоў,
Што цяжкім маім ботам пад сілу;
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту;
Вочы просяць нябёсаў тваіх,
Ім твайго не хапае блакіту.


   Элегічная, роздумная танальнасць верша "Пад родным небам" (1943). Думкі паэта нібы мкнуць наўздагон за птушыным выраем: "А гусі? // Адкуль ім // Адрозніць за хмаркамі тымі // Шынелі ад купін, // Нядаўна пакінутых імі?". У гэтым лірыка-пейзажным творы кранальна і шчымліва выказаны запаветныя пачуцці чалавечай душы "пад восеньскім небам" ваеннага часу.
   У гады вайны Аркадзь Куляшоў стварыў балады, элегіі, лірычныя і лірыка-публіцыстычныя вершы ("Віцебская махорка", "Маці", "Галубкі" і інш.), а таксама паэмы "Сцяг брыгады" (1943), "Прыгоды цымбал" (1944) і "Дом № 24" (1944). Асабліва каштоўнае ў гэтых творах — псіхалагічная глыбіня пачуццяў пра перажытае і выпакутаванае чалавекам ва ўмовах ваеннага ліха. Уражвае драматызм лірычных інтанацый і адметнасць мастацкай вобразнасці, якая раскрывае трагедыю нашай роднай зямлі і трагедыю беларускага народа. Творы пра вайну Аркадзя Куляшова па-мастацку глыбока выяўляюць чалавечыя пакуты, боль, гора і знаходзяцца ў цеснай сувязі з ваеннай паэзіяй Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Міколы Сурначова, Аляксандра Твардоўскага, Аляксея Суркова, Сяргея Нараўчатава, Канстанціна Сіманава, Міхаіла Ісакоўскага і інш.
   У канцы 40-х — 50-я гг. Аркадзь Куляшоў напісаў паэмы "Перамога", "Новае рэчышча", "Толькі ўперад", "Песня аб слаўным паходзе", "Грозная пушча". На гэтых эпічных творах, як і на многіх вершах таго часу, моцна адбіўся змест і дух часу, а менавіта культ асобы Сталіна, так званая тэорыя бесканфліктнасці, ідэалагічныя ўстаноўкі бальшавіцкай партыі. Ідэалагічная па сваёй накіраванасці вершатворчасць вызначае аблічча паэтычнага зборніка "Камуністы" (1949), назву якому даў аднайменны верш з запеўнымі радкамі: "Камуністы — гэта слова, як са сталі, // Камуністы — гэта слова, як з агню". Працытааваныя радкі поўныя пафаснай рыторыкі, патэтычнага красамоўства, казённага аптымізму. Паэма-араторыя "Слова аб правадыру народаў" (1949) стала паэтычным прамаўленнем аўтара пра так званага правадыра і бацьку народаў Сталіна. Твор гэты — даніна культу асобы, у ім дамінуе ўсхваляльны пафас. Зрэшты, оды Сталіну і камуністам склаў не адзін Аркадзь Куляшоў. Мастак у таталітарнай дзяржаве быў падпарадкаваны ідэалогіі, залежаў ад яе і мусіў прыстасоўвацца да абставінаў, каб аўтарытарная сістэма не ўкрыжавала яго, не адправіла на той свет.
   Нараджаліся пад пяром паэта і радкі, непадлеглыя ніякім пераменам часу, — гэта творы на вечныя тэмы. Да найлепшых твораў Аркадзя Куляшова 40-50-х гг. адносяцца "Колас", "Вяселле", "Аб рэўнасці", "Ты і я", "Зямля", "Маё сэрца ў бары" і інш. Цудоўны верш "Ты і я" пісаўся амаль у адзін час з "Камуністамі". У ім тонка раскрываецца душа Куляшова-лірыка, гучыць прачулая музыка кахання.
   У другой палове 50-х — 60-я гг. у свядомасці паэта адбылася змена поглядаў і арыенціраў, ён выйшаў на якасна іншы ўзровень светапазнання. Аркадзь Куляшоў істотна паглыбіў інтэлектуальны, філасофскі пачатак у сваёй творчасці. 60-70-я гады сталі новым этапам у яго паэзіі. Паклаў пачатак гэтаму этапу зборнік "Новая кніга", які стаў падзеяй ва ўсёй тагачаснай савецкай літаратуры.
   Аснову светабачання паэта складаюць думкі-развагі пра быццё чалавека ў часе і прасторы, пра лёс чалавецтва, Зямлю і Сусвет. Крытык В. Бечык у кнізе пра А. Куляшова "Шлях да акіяна" (1981) адзначаў, што "касмічны" ракурс надаў асаблівую навізну і надзённасць паэтавым разважанням, "новае... гучанне атрымала гуманістычнае сцвярджэнне чалавечнасці, шчырасці, дабраты, абвострана выявіўся драматызм сучаснага быцця чалавецтва", пры гэтым у куляшоўскіх творах "пераважае пафас засяроджанага роздуму". Яго лірычны герой — асоба гістарычная, якая знітоўвае ў сабе мінулае і будучыню:

Жыву, і пачуццё ў мяне такое,
Як быццам мне не пяцьдзесят гадоў.
А пяць стагоддзяў — самае малое.
("Мне кожны год, нібы жыццём другім...")


   Куляшоўскі герой — чалавек па-сапраўднаму касмічны, які адчувае сябе жыхаром Сусвету: "Я — трэці свет, я кропелька малая // Тых светаў двух — звычайны чалавек, // Што неба і зямлю ў сабе змяшчае..." ("Нябёсы — акіян, я знаў даўно..."); "Мне ў рукі лёс не шпагу даў, не лук, // А ўсю Зямлю, з арэнай — Млечным Шляхам" ("Не старадаўні бард, але..."). У гэтых радках выяўляецца інтэлектуальная ёмістасць, афарыстычнасць думкі. "У вобразным, паэтычным мысленні Куляшова заўсёды ўражвае нечаканасць фармуліровак", — адзначае беларускі даследчык філасофскай паэзіі Я. Гарадніцкі.
   Вобразы акіяна, вады, неба і іншыя прыродныя стыхіі паўстаюць у паэзіі Аркадзя Куляшова ў непарыўным адзінстве з чалавекам, яны — тая першааснова, без якой немагчымы "нязгаснага жыцця працяг". У вершы "Сышлося неба з акіянам блізка..." чалавек паўстае як дзіця акіяна, чыё быццё ўключана ў кругазварот часу і гісторыі. Гэты твор — філасофскае шаснаццацірадкоўе, у якім думка скіравана на пазнанне чалавечага быцця ў часе і прасторы, у непарыўнай сувязі мінулага і цяперашняга. Маштабнае пачуццё аўтара раскрывае чалавека ў глабальнай узаемасувязі з прыродай і вечнасцю:

Я адчуваю, як насустрач сушам
Нясуць мяне ўспаміны, а не сны,
І там мяне перадаюць яны
Другім шляхам, другім вятрам і сцюжам.

Дзіця вады, паўзу я ў глыб лясоў,
Развітваюся з берагам пясчаным,
Каб чалавекам, з глыбіні вякоў,
Устаць і зноў сустрэцца з акіянам.


   Герой Аркадзя Куляшова быццам змяшчае памяць мінулых часоў, канцэнтруе ў сабе гістарычны вопыт чалавецтва, таму і хвалюецца пра яго лёс і жыццёвыя перспектывы.
   Чалавек у Аркадзя Куляшова выступае сувязным эпох, Зямлі і Космасу. Знаходзячыся "на паўмільярдным кіламетры, паміж наступным і былым", ён глыбока ўсведамляе сваю высокую місію, адказнасць за лёс жыцця на Зямлі, будучыню, ён жадае, каб "выток жыцця" вечна пераходзіў у "працяг жыцця" (верш "На паўмільярдным кіламетры"). Герой паэта не ўяўляе трываласці і няспыннасці зямнога быцця без повязі чалавека і прыроды, працягвае "руку гарачую... прыродзе — з дваццатага ў трыццатае стагоддзе" (верш "Завея лісцяў у сняжынак пух...").
   У 60-70-я гг. узрастала рэальная пагроза ўсясветнай тэрмаядзернай катастрофы. Паэт верыць у розум чалавека і няскончанасць быцця на Зямлі. Жыццялюбныя, антываенныя матывы гучаць у вершах "Я хаце абавязаны прапіскаю...", "Сама Зямля не вечна...", "Ты згасіш, сонца, час...", "Сасна і бяроза" і інш. Неспакой, хваляванні сэрца — гэта глыбінны гуманізм светапогляду паэта. У пейзажна-медытатыўным вершы "Глыбокі лістапад у Белавежы...", напісаным у канцы 60-х гг., гучыць філасофская тэма жыцця і смерці. Паэт так выказвае свой душэўны стан:

 

А я маўчу, як дрэва
Асенняе,
згубіўшае свой дах.
Вакол мяне —
направа і налева —
Лісты, лісты, лісты
заслалі шлях.


   Мы адчуваем унутраны дыскамфорт паэта "сярод завей, бесчалавечных душ", яго шчырую трывогу за лёс кожнага з нас: "Хіба памром, // Гвалтоўнай смерці // трапіўшы пад кола? // Няўжо мы станем // снегам, пылам, тлом?" У наш паслячарнобыльскі час гэтыя радкі ўспрымаюцца яшчэ больш абвострана і драматычна. Паэт выявіў глыбінную паяднанасць інтымнага і грамадскага, элегічнага і светлага.
   Аркадзь Куляшоў, нягледзячы на абвостраны драматызм светаўспрымання, па-філасофску ўзважана ставіўся да смерці і зямнога чалавечага лёсу, сцвярджаў няспыннасць жыцця. Ён верыў у вялікія магчымасці чалавецтва, яго інтэлект і духоўныя каштоўнасці. Наш беларускі паэт гэтак, як і А. Эйнштэйн, У. Вярнадскі і іншыя вучоныя, верыў у чалавечы розум, яго стваральны пачатак. Аўтарскі аптымізм і развагі пра вечны рух часу знайшлі глыбокае выяўленне ў вершы "На паўмільярдным кіламетры". Разам з паэтам мы ўслухоўваемся ў кукаванне зязюлі, якая калісьці паклікала яго ў вандраванне "на многа тысяч дзён". Афарыстычна гучаць заключныя радкі твора:

 

Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне — ў новае спатканне,
Напеў жалейкі — ў труб гучанне,
Выток жыцця — ў жыцця працяг.


   Аркадзь Куляшоў імкнуўся асэнсаваць свой час і эпоху з пазіцый сучаснасці і мінулага, у агульначалавечым вымярэнні.
   У сярэдзіне 60-х гг. Аркадзь Куляшоў напісаў цыкл лірычных вершаў "Маналог" (1964-1965), які прысвяціў памяці сваіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенкі. Іх вобразы вяртаюцца ў памяць вярэдлівым болем. Юлій Таўбін "памёр... за кратамі, сярод муроў сырых. // Без стужак, без вянкоў, без некралога, // З кляймом абвінавачвання цяжкога...", другі сябра без весткі загінуў на фронце. "Маналог" паэта — гэта выяўленне шчырай, адданай вернасці сяброўству, памяць сэрца пра людзей, з якімі пачынаўся шлях у літаратуру. Паэт разважае пра сутнасць чалавечага жыцця: "Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам...".
   Аркадзь Куляшоў у 60-70-я гг. паказаў сябе выдатным майстрам паэтычнага эпасу. Ён стварыў паэмы "Цунамі", "Далёка да акіяна", "Варшаўскі шлях", "Хамуціус".
   Аркадзь Куляшоў выявіў сябе як таленавіты, глыбокі перакладчык. За дзейнасць у галіне мастацкага перакладу ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1970). Куляшоў тонка адчуваў індывідуальную адметнасць кожнага з тых аўтараў, што цудоўна загучалі на беларускай мове. Ён пераклаў "Энеіду" ўкраінскага паэта Івана Катлярэўскага, славуты "Спеў аб Гаяваце" Генры Лангфэла, паэму "Цыганы" і раман у вершах "Яўгеній Анегін" Аляксандра Пушкіна. Паэтам пераствораны па-беларуску многія творы Міхаіла Лермантава, Тараса Шаўчэнкі, Сяргея Ясеніна, Расула Гамзатава і інш.
   Аркадзь Куляшоў надаў высокі філасофскі ўзровень беларускай паэзіі. Ён выявіў раскаваную асацыятыўнасць думкі, шырокаахопнасць паэтычнага мыслення, яго суб’ектыўную інтэлектуальную заглыбленасць. Паэт не ўсведамляў сябе па-за агульназначнымі праблемамі чалавечага быцця, раскрываў агульначалавечае праз глыбока асабістае ўспрыманне рэчаіснасці і свету наогул. Ён узбагаціў традыцыі беларускага верша, пашырыў яго вобразна-выяўленчыя і стылёвыя магчымасці.

Похожие статьи:

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна