Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак - Таблетку пад язык

   Складаныя пытанні адносінаў чалавека да прыроды, зямлі, праблема лёсу вясковай моладзі ў эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу адбіліся ў камедыі Андрэя Макаёнка "Таблетку пад язык" (1973). Гэта быў ужо новы ўзровень драматургіі з больш шырокім праблемным поглядам на чалавека працы. У творы драматург сінтэзаваў мноства мастацкіх прыёмаў: і псіхалагічны спосаб раскрыцця характару, і адкрыта публіцыстычныя спрэчкі, і востры сатырычны напал, і паэтычны пафас фіналу.
   П’еса мае арыгінальны падзагаловак, у ім дэкларуецца публіцыстычная прырода твора, – «камедыя-рэпартаж».
   «Рэпартажнасць» камедыі «Таблетку пад язык» праяўляецца і ў асаблівасцях драматургічнага часу: амаль усё дзеянне твора адбываецца ў кабінеце старшыні калгаса Каравая (хлебнае прозвішча) на працягу яго працоўнага дня. За гэты дзень у жыцці гаспадаркі здараецца столькі падзей, што старшыні і сапраўды ёсць ад чаго класці таблетку пад язык. Галоўны ж яго боль – масавыя ўцёкі моладзі з вёскі ў горад. Інакш кажучы, праблема міграцыі вясковага насельніцтва ў горад.
   Адпускаючы свайго шафёра Юрку, які быў для Каравая правай рукой, саветнікам і ад'ютантам, але ўсё ж хоча пайсці з калгаса, бо ў пошуках найбольш плённых шляхоў да рэалізацыі сябе, сваіх магчымасцей імкнецца ў шырокі свет, старшыня дае хлопцу такі наказ: «Шукай. Шукай сваё месца ў жыцці, пакуль малады... Толькі... Дзе б ты ні быў, куды б ты ні паехаў, у якое крэсла ні сеў бы, не забывай нас, помні наша сяло... не адрывайся. А пра мяне ты верна падмеціў – прызванне сваё я знайшоў тут. Усе радасці мае і нягоды, усе пачаткі і канцы мае тут». Так вуснамі Каравая гавораць і павага да чалавечага права на свабодны выбар сваёй долі, і сапраўдная, глыбінная любоў да вёскі і земляробчай працы.
   Гэтую любоў падтрымлівае, паэтызуе і сам драматург, якога столькі папракалі за нібыта зняважлівае стаўленне да зямлі. П'еса канчаецца радкамі з вядомай песні (словы К. Буйло) «Люблю наш край, старонку гэту». Гэтай песняй твор і пачаты. Трэба сказаць, трохі нязвыкла, у складзе уверцюры, што больш звычайна для оперы. Асноўная задача макаёнкаўскай уверцюры – зноў жа падкрэсліць любасць да вёскі, да родных мясцін. Пра гэта пераканальна сведчаць прачулыя лірычныя ноты ў непасрэдна аўтарскім тэксце, які тут не ўкладваецца ў вусны персанажаў: «Кожны раз, калі я пачую гэтую песню, перада мною ўзнікае, як дзівосны міраж, як дзіцячая казка, вобраз майго роднага сяла, і сэрца пачынае шчымець радасцю жаданай сустрэчы... I няважна – даўно я там быў ці толькі ўчора адтуль.
   Не, не забыць мне яго ніколі. Там – радзіма. У душы яна. У памяці. У снах неспакойных».
   У 1960-1970-я гады праблема міграцыі вясковага насельніцтва ў горад ўсур'ёз занепакоіла пісьменнікаў. Неўзабаве стала літаратурнай модай паказваць у творах «неперспектыўныя» вёскі, бабулек і дзядоў, якія дажываюць у іх свой век, пакінутыя бессардэчнымі дзецьмі, што з'ехалі ў горад...
   На гэтым фоне «камедыя-рэпартаж» Андрэя Макаёнка выглядала не зусім традыцыйна і нечакана. Драматург не спяшаўся асуджаць моладзь, што пацягнулася ў горад па веды, па працу, па шырокую жыццёвую перспектыву. Не спяшаецца гэтага рабіць і Каравай, які слушна адказвае на закіды мясцовага дэмагога, палітычна «бдзіцельнага» Крандзялёва:

«Каравай. Што такое, таварыш Крандзялёў? Што здарылася? Зноў які-небудзь промах у мяне ці скрыўленне?
Крандзялёў. Не промах, а лінія! На якой падставе вы разбазарваеце кадры? Вы распускаеце людзей «направа і налева! Па гарадах! Разбрыліся! Гэта як назваць? Што гэта? Палітычная блізарукасць? Ці падрыў калгаснай эканомікі? Я ў вас пытаю!
Каравай. ...Дык і якую такую лінію ты заўважыў? Што я скрывіў?
Крандзялёў. Уцечка кадраў назіраецца. На нашых вачах калгас бяднее на рабочую сілу. А ты палец аб палец не ўдарыў. Тут жа плаціну трэба, дамбу трэба, але затрымаць тых, што ў горад бягуць.
Каравай. Плаціну? На людзей?
Крандзялёў. Так, плаціну! Так, на людзей!
Каравай. Гэта як? Па ўзору кітайскай сцяны?
Крандзялёў. Не жартуй!
Каравай. Не, ужо лепей сеці раскінуць... па ўсіх дарогах і сцежках. Сеці дзешавей. Сілкі! Во!».

   Крандзялёў, гэты пільны грамадскі кантралёр сталага веку, відавочна, сумуе па тых часах, калі супроць людзей узводзіліся і «дамбы», і «плаціны», калі вяскоўцаў імкнуліся затрымаць у калгасах спосабамі, якія нагадвалі прыгон. Але ў яго не знаходзіцца аднадумцаў.
   Не прымае такіх метадаў «дэмаграфічнай палітыкі» персанаж камедыі дзед Цыбулька, або, як яго яшчэ называе драматург, «састарэлы вундэркінд». У беларускай літаратуры ёсць некалькі тыпажаў дамарослых вясковых філосафаў-дзівакоў. Напрыклад, Руды з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Дзед Цыбулька вылучаецца не толькі сваёй дзівакаватасцю, але нейкім абсалютна нечаканым парадаксалізмам меркаванняў, якіх не знойдзем у беларускіх літаратурных «дзядоў».
   У спрэчцы з дэмагогам Крандзялёвым пра сучасную моладзь дзед Цыбулька падбірае такія аргументы, якія могуць прывесці ў шок нават прывучанага да «правільных» думак гледача:

«Крандзялёў. А цяпер што? Чы-кі-бры-кі-вы-каб-лу-кі. ( Перадражнівае нечы дзікі гартанны крык.) Э-э-э-а-а-а – у-у-у-і-і-і! Цьфу. Падзічэлі! Ад рук адбіліся. Няма на іх цвёрдай рукі! Вот! Зямлю не любяць – тут корань зла! Не любяць яны зямлю!
Дзед Цыбулька (спакойна пакуль што). А навошта яе любіць? Зямля, яна і ёсць зямля. Вот ты яе любіш, а не носіш за пазухай ці ў кішэні, у партманеціку. Вот калі капейчыну любіш, дык і дрыжыш над ёй, у цяплейшае месцейка яе, у кішэньку, што каля сэрцайка. Рублёўку любіш – і відаць усім. А зямля... Чаму ж ты яе, ідучы ў хату, абмятаеш венічкам абскрабаеш трэсачкай са сваіх ботаў? А? Аты б яе, любую, узяў ды ў хату, ды на пачэснае месца – ды на стол яе, дарагую залатую. А? Што? Не? Дык жа не! Да парога твая любоў. I правільна! Падзол, суглінак любіць ці пясок? Смешна, канечне. Можа, загадаеш яшчэ барану нам палюбіць, капаніцу ці другія сродкі вытворчасці?».

   Дзед Цыбулька – супраць паказнога, «сусальнага», а па сутнасці, няшчырага пачуцця, калі слова «зямля» ўжываецца ў пераносным сэнсе. Ён цудоўна ведае розніцу паміж двума значэннямі слова: «зямля» – глеба і « зямля » – Бацькаўшчына. Свае веды стары хітрун чэрпае не толькі з падручнікаў па палітэканоміі і гістарычным матэрыялізме, па якіх вучыцца ўнук-студэнт. I ў яго меркаваннях, відавочна-парадаксальных, хаваецца тое рацыянальнае зерне, якога шукаў камедыёграф.
   Прывязаць моладзь да вёскі можна толькі праз дабрабыт, праз зацікаўленасць: матэрыяльную і духоўную. Да гэтай высновы прыходзіць Каравай і іншыя персанажы твора.
   Сама завостраная пастаноўка пытання пра свабодную міграцыю насельніцтва ў краіне тады здавалася нязвыклай і выклікала шмат нараканняў з боку ўплывовых чыноўнікаў, якія дамагаліся забароны твора (не выпадкова п’еса была спачатку пастаўлена ў Маскве, а толькі потым на Беларусі).  Выратавала падтрымка П.М. Машэрава, які ўвогуле па-сяброўску ставіўся да пісьменніка, уважліва чытаў яго п'есы і часам дапамагаў ім прабівацца на сцэну.
   Незадавальненне новай камедыяй было і ў многіх літаратараў, якія ўбачылі ў падтэксце палеміку са сваімі творамі і загаварылі пра вялікую небяспеку для вёскі, нібыта затоеную ў разважаннях макаёнкаўскага дзеда Цыбулькі пра зямлю. Гэты «састарэлы вундэркінд» рашуча прамаўляе, што зямля за сялянскую любоў да яе вельмі часта плаціла няўдзячнасцю. Яна «мяне, бацьку майго, дзеда і прадзеда векавечна, стагоддзямі, тысячагоддзямі без жалю гарбаціла, гнула дадолу, цягнула за каршэнь у гразь, у багну, у балота! Гэтая зямля за тысячы гадоў наскрозь прапахла людскім потам, набракла горкімі мужычымі слязьмі. Ступі на яе, і яна чвякае. Векавечна я стаяў перад ёй на каленях, па крупінцы перацёр яе ўсю пальцамі, біў зямныя паклоны, рыдаючы, чытаў перад ёй малітву, прасіў яе і ласкаю і ў гневе, каб пракарміла, каб пашкадавала дзяцей». А яна карміла дрэнна, бо селянін і «сам аставаўся галодным», і ягоныя «дзеткі пухлі з галадухі ад бясхлебіцы». Такім чынам, галоўны сэнс палемічна завостраных слоў Цыбулькі – гэта крыўда на тое, што сялянская праца на зямлі не знаходзіла належнай аплаты пры самых розных рэжымах. I вінавата ў гэтым, вядома ж, не сама зямля, вінаваты тыя палітыкі, што ўстанаўлівалі нявыгадныя для сялянства парадкі.
   Праўда, Цыбулька яўна перагінаў, заяўляючы, што любы калгаснік адмовіцца нават задарма ўзяць «дзесяць, пятнаццаць дзесяцін» зямлі ва ўласнасць. Час паказаў, што многія людзі разумеюць сапраўдную каштоўнасць зямлі, якою самі могуць распараджацца, і гатовы ўкладваць у працу на ёй усю душу. Ды ніхто не спяшаецца ні даваць ім тыя дзесяціны, ні тым больш ствараць умовы для нармальнага самастойнага гаспадарання на іх талковых людзей.
   Андрэй Макаёнак, як у свой час Бернард Шоў, імкнуўся «ажывіць» дзеянне гумарыстычнымі сцэнкамі з вясковага жыцця. I гэта ў значнай ступені яму ўдалося, дзякуючы добраму веданню вясковых нораваў і майстэрству смехатворчасці.

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора