Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Радавыя

   Веданне сцэны, яе законаў, спецыфікі і ўмоўнасці, майстэрства стварэння сцэнічнай ілюзіі дапамаглі Аляксею Дудараву надаць п'есе высокую ступень жыццёвай верагоднасці.
   Значнае месца ў творы займае перадгісторыя кожнага персанажа. Яны распавядаюць пра паваротны, драматычны момант уласнага жыцця, і выяўляецца, што паміж дзеючымі асобамі няма ніводнага, хто б меў хаця б адносна шчаслівы лёс. Кожнага абяздоліла вайна.
Вайна паўстае ў п'есе як сусветная, агульналюдская бяда. Найбольш уражваюць не вонкавыя прыкметы трагізму (гібель большасці персанажаў), а "ўнутраныя" - тыя, што выяўляюцца праз дыялогі, праз споведзі "радавых". Пры гэтым з рэалістычнай адкрытасцю даводзіцца наступная думка: трагізм вайны для яе ўдзельнікаў заключаецца не толькі ў небяспецы быць параненым, забітым, страціць родных, сяброў, каханых, але і ў жорсткім вайсковым абавязку, які прымушае забіваць іншых.
   Пачынаючы ад эпохі "Слова пра паход Ігаравы", пісьменнікі параўноўвалі дзеянні чалавека на вайне з працай; нашаму часу належыць метафара "пралетарый вайны". Ёсць рэчы, да якіх чалавек з нармальнай псіхікай ніколі не зможа прызвычаіцца: напрыклад, забойства, хай сабе і ў экстрэмальных варунках вайны. Псіхіка гэтага чалавека пачынае неўпрыкмет дэфармавацца.
   Страшней за трагічнасць стратаў выглядае для кожнага з "радавых" небяспека ўласнай духоўнай смерці, што нябачна вісіць над кожным, хто пастаўлены ў жорсткія ўмовы вайны. Без згладжвання вострых вуглоў, без прыхарошвання раскрываюцца раны чалавечай душы. "Пуста ў маім сэрцы", -- прызнаецца перад сваім сумленнем Дзерваед.
   Радавы Бушцец адвык ад звычайных чалавечых пачуццяў:
   "С а л я н і к. Ужо і плакаць не можаш?..
   Б у ш ц е ц. Чым плакаць?! Калі б па адной слязінцы на кожную смерць, на ўсё, што бачыў, ды я б па кропельцы распляскаўся ад Ржэва да Германіі...
   С а л я н і к. Цяжка табе будзе... Калі ўсё высахла..."
   Не можа Бушцец і шкадаваць, праяўляць літасць. "Ва ўсіх нас душы выхаладзіла... Не хутка сагрэемся", - дадае старшына Дугін. І гэта не проста рытарычная фігура, не квяцістая метафара.
   У п'есе Дударава перад намі паўстаюць людзі з жывымі душамі і людзі са спаленымі душамі - тыя, хто, навучыўшыся ваяваць, развучыліся жыць. Бушцец быў, якім быў, і драматург хоча, каб боль гэтага скалечанага вайной лёсу адгукнуўся ў нашых сэрцах.
   Аляксей Дудараў гаворыць пра подзвіг іншага кшталту -здольнасць застацца чалавекам нават у крывавых абставінах вайны. "Людзі з жывымі душамі" - гэта тыя, хто можа насуперак абставінам захаваць у сабе здольнасць да літасці, шкадавання.
   "Ты мне блізкі чалавек... Брат. Але азвярэць, стаць такімі, як яны (ворагі) я табе не дам! Чуеш? Яшчэ што-небудзь... я цябе без трыбунала... Сам... Усёк?" - звяртаецца Дугін да Бушцеца, які блізкі да страты элементарнай чалавечнасці. Для яго забойства стала як бы звычайнай ваеннай справай.
   Рысы чалавечнасці захавалі ў сабе Дугін, Адуванчык. Адметнай выглядае пазіцыя Саляніка, шчырага верніка, які хадзіў на небяспечныя аперацыі разам з астатнімі, рызыкаваў уласным жыццём, але ні разу не стрэліў па ворагу. Ён кіруецца хрысціянскім запаветам "Не забі". Але ў яго таварышаў гэта выклікае рэзка адмоўную, варожую рэакцыю. Яны лічаць, што Салянік перакладае брудную справу вайны на плечы іншых.

   "Радавыя" жывуць па жорсткіх правілах вайны, адзін Салянік - па адвечных законах дабра і міласэрнасці. І гэта адна з супярэчнасцей, складаных этычных сітуацый, спароджаных вайной, якую немагчыма вырашыць адназначна. Ці вінаваты Салянік? Калі і так, дык ён спаўна выкупіў віну перад саслужыўцамі сваёй гібеллю.
   Вайна аддаляе, а часам і цалкам адбірае ў чалавека магчымасць спраўдзіць сваё прызначэнне, памнажае духоўную пустэчу - хваробу чалавечага "я". "Радавыя" ў Аляксея Дударава - адначасова і пераможцы, якія прынеслі сваёй зямлі мір, але і вінаватыя перад сваім чалавечым прызначэннем.
   Востра ставіцца пытанне пра цану перамогі. У споведзі "радавых" ёсць моманты пакаяння. Драматург строга судзіць сваіх персанажаў. Але ў дачыненні да жаночых вобразаў ён больш памяркоўны. Жанчына ў творах, прысвечаных ваеннай тэме паўстае як сімвалічны вобраз, звязаны з маральнай ацэнкай паводзін людзей на вайне. У п'есе "Радавыя" ўчынкі жанчын не заўсёды бездакорныя. Жонка Дугіна, медсястра Ліда, жонка Бушцеца - кожная з іх дзеліцца балючым успамінам, сваёй бядой, якая можа падацца віной. Аднак ні аўтар, ні персанажы не асуджаюць іх. Суд творыцца над мужчынамі; удзел жанчын у вайне - цяжкі груз на мужчынскім сумленні.
   Жаночыя вобразы ўвасабляюць у п'есе драму няспраўджанага мацярынства. Гіне медсястра Ліда; не здзяйсняецца яе мара - злучыць свой лёс з Адуванчыкам, стаць маці. Мужчыны яшчэ не ўсвядомілі як след чалавечую віну за войны і кровапраліцце. Яны ўжо адчуваюць трагедыю ўдзелу жанчын у вайне іадпаведна сваю віну менавіта перад імі.
   Аляксей Дудараў не адкрывае ў ваенных рэаліях штосьці невядомае ў літаратуры або гісторыі. Ён спрабуе падысці да падзей другой сусветнай вайны з пазіцыі агульналюдскіх, хрысціянскіх каштоўнасцей; высвечвае этычную неадназначнасць, складанасць нават у тых рэчах, якія нядаўна ўспрымаліся як неаспрэчныя. Простыя ісціны дабра, гуманізму не губляюць сваёй значнасці ў заблытаных абставінах XX стагоддзя, хаця шлях да іх аднаўлення надзвычай пакручасты. Да гэтай высновы прыходзіць і крытык Галіна Сачанка ў каментарыі да п'есы: "Можна развянчаць чужыя ідалы, выкрываючы злачынствы тых, хто ўзводзіў іх на п'едэстал. Значна цяжэй узрасціць і высакародна сцвердзіць гуманістычны ідэал. Разбураць лягчэй, чым ствараць".

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

БиографииАляксей Дудараў

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Вечар

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог