Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Гарун - Мае коляды

Быў калісьціка час
I ў мяне, як і ў вас,
Што я быў маладым
Ды так ў меру – дурным...
Дык да школы хадзіў;
Між панамі і жыў
У вялікім у месце;
Спосаб панскі і есці
I адзетку узяў, –
Словам, панам я стаў...
Хаця пуста ў галове,
А у панскае мове
Я пачаў стараваці,
Забывацца аб хаце,
Аб звычаях вясковых.
Бо – прывык да мястовых...

Па такім уступленні
Раскажу вам здарэнне!

Ужо восеню цэлу
Школа намі грымела,
I пачатак зімы
Правучыліся мы, –
Прыйшлі святы, Каляды...
Я быў вельмі ім рады:
Будзе час аддыхнуць,
Кніжкі ў кут шпурлянуць.
Да таго – мой кампан
Казюк – з прадзедаў пан,
Хлапец вельмі багаты, –
Запрасіў вось на святы
I мяне ў бацькаў двор...
Я на гэнае скор –
Зараз даў сваю згоду...
Як бач панскай падводай –
Пара коні, хвурман –
Еду я ды кампан!

Было пекна ў двары:
Гасцей шмат ўвечары,
Ёсць што есці ды піць,
А музыка грыміць
Ад змуроку да рання –
Шло усцяж баляванне!..
Я быў добра прыняты,
Быццам нейкі багаты
Хлапец, роўны Казюку;
Падаваў усім руку:
Паном, паннам ды паням
Ды займаўся скаканнем!..
Ды была жа ахвота:
Танцаваў я да потаў
Вальцы, полькі, кадрылі
Са сваёю Марыляй,
Казюковай сястрою, –
Хто з кім, а я з ёю...
Бо ўжо вельмі ў спадобе
Была грыўка на лобе,
Вочкі мела анёла.
Ох, было мне вясёла!..
Не агледзеўся я
Як сталася бяда
Ці вялікая ўцеха...
Цяпер смех... Не да смеху
Там было мне тагды.
Як сардэчнай жуды
Пачуў першыя сціскі...
Да каго? – да Марыські!
Як то кажуць: па вушы
Ўсёй хлапчынаю душай
Закахаўся ў дзяўчыне –
Ў яе вочках, грывіне,
Ў яе смеху звінячым...
Нат начамі маячыў
Ды аб ёй мармытаў
Так Казюк мне казаў!
Дык прызнаўся яму
(Толькі! – больш - нікаму!),
Што кахаю Марылю,
Больш чым польку, кадрылю,
Больш чым нават яго,
Казюка сваяго!..
За адно яе слова
Ўсё зрабіць я гатовы:
Купіць стрэльбаў, нажоў
Ды пайсці на звяроў
Індыянскае дзічы –
Стацца там паляўнічым...
Сярод стэпу пажараў
Увіхацца з Эмарам...
Дык за ўсю нагароду
Хацеў б мець яе згоду:
Што мяне не забудзе,
Што скакаці не будзе
Ўжо ніколі з баронам
(Нейкім там нарачоным!)
Ды аддасць мне з галовы
Сваю ўстужку ружову,
Як знак вечны ўспаміну...
Так кахаў я дзяўчыну!..

Усё чысценька гэта,
Пад вялікім сакрэтам,
Казюкові на вуха
Расказаў, а ён слухаў...
Ён спрыяў мне душою...
Абяцаўся з сястрою
Аба ўсім гаварыць
Ды аб ўстужцы прасіць...
Бо я сам, далібог,
Стараваць з ёй не мог –
Толькі ў вочкі глядзеў
Ды, як рак, чырванеў!..

Цэлу ноч мы шапталі,
Розны планы ўкладалі,
Ўрэшце стала на тым
(Мусім мець на сваім!),
Калі ўстужкі не дасць,
То патрапімо ўкрасць!

Ужо вокны світалі,
Як мы змову канчалі,
Разоў колькі зяўнулі,
Затым скора паснулі!..

Я ўва сне не прысніў.
Чым дзянёк мне гразіў,
Што ужо наступаў...
Я спакойненька спаў.
Раптам чую: «Паніч!
А, паніч!» – нехта кліча,
Ды за коўдру тармосіць,
Ды ўставаць мяне просіць...
Глянуў я – так, з-пад вока –
Аж то дворнавы лёкай
Нахінуўся ды кажа
(Прападзі сіла ўража!),
Што ось з вёскі за мною,
Каб забраці з сабою,
«Хтось» санямі прыехаў
(А сам скерыцца смехам).
А бадай це напасці!
Зразумеў я няшчасце:
Будуць ведаць паны,
Каго маюць яны –
Што я ім нераўня!
Што я – так – мужычня!
Што ўжо, пэўна, ніколі
Быць не прыйдзецца болей
На Калядах – на святах –
Ў такіх дворах багатых
Між паноў між вялікіх
На іх скоках, музыках!..
Бо мне стыдна й самому,
Што я з простага дому!..
(Вось якога паняцця
Быў калісь – хлапчаняцем.)
Ды ўсё гэна нічога...
Мукі пекла самога
Я вялікі цярпеў –
Калі йшчэ зразумеў,
Што ніколі з Марыляй
Не пайду у кадрылі.
Ў яе вочкі не гляну
Ды ўстужкі не дастану!..
Пацямнела ў вачах.
Зашумела ў вушах,
Я быў блізкі распачы, –
Чуць стрымаўся ад плачу...
Ды сказаўшы: «Устану!»,
Коўдрай вочы апрануў,
Бо, жадаючы схову,
Я закрыўся з галовай!..
Дык паганы лякай
Далей кліча «Уставай!»
Ды за коўдру бярэцца...
Аж Казюк адазвецца
(Разбуджаны са сну):
«Дай спакой ты яму,
Ужо ўстанем мы самі –
Йдзі скажы гэна маме!»

Лякай выйшаў. Казюк
Дай рабіці стук-грук.
На маё ложка ўскочыў,
Развясёлы – хахоча,
Ўспамінае Марылю,
Што аб ёй гаварылі...
Я маўчлівы... Ледзь слова
Магу мовіць... «Галова, –
Кажу, – надта баліць...»
Што рабіць? Што рабіць?
Ўсцяж пытанне вінецца:
Што рабіць? Куды дзецца?
Ці, адзеўшыся мо,
Уцячы праз вакно?!.
Кабы толькі з панамі
Не сустрэцца вачамі...
Ды прад любай дзяўчынай
Мне дарэшты не згінуць!..

Зноў лякай дакладае,
Што з гарбатай чакаюць;
Дык далей адцягаці
Нельга было – ўставаці
Трэ ужо нам, канешна...
Мы ускочылі спешна
Ды адзеты, памыты
Ідземо... моў прыбіты
За Казюкам цягнуся
Так сарому баюся!..

А ў сталоўцы гасцей –
Хмара ўсякіх людзей:
I старых, і малых,
I сваіх, і чужых,
Я не помню нічога:
Ці казаў што да кога,
Ці каму пакланіўся...
Помню толькі: абліўся
Я гарбатай гарачай,
Як Марылю убачыў,
Што з баронам сядзела
Ды так дзіўна глядзела
На мяне, небарака...
Сколькі спёк я там ракаў
Каб хацеў, не злічыў бы –
Ды і вас умарыў бы!..
Дык як ўсенька на свеце
Свой канец мае прэце –
Так і мука-гарбата
Мела ўрэшце канчатак:
Паны ўсталі і пані –
Ды з падзякай снядання
К Казюковай матулі
Грамадой пацягнулі...
Скарыстаў я з замехі
Ды з вялікім паспехам –
Міжы іншых паноў –
Падышоў да бацькоў
Кампана: за гарбату,
За гасціну, за свята
Я падзяку злажыў –
Але як? каб я жыў!
Сам я не разумеў,
Што казаці хацеў!
Дык і выйшаў мармыт
Адзін – проста, ну, стыд!
Потым йшчэ камусь руку
Я падаў ды з Казюкам
Наўцёкі пусціўся,
Ажно аж апыніўся
У сваім я пакоі...
Казюк сёе ды тое –
Усцяж трэле-гавора,
Ўспамінае, што ўчора
Мы гак лоўка на балі
Ўдвох гулялі-скакалі;
Што ён вельмі шкадуе,
Чаму з бацькам еду я
(Гэны «хтось» быў мой татка
З сваёй простай апраткай!), –
Бо яму без мяне
Ўжо так весела не –
Час не будзе мінацца!
Ах, каб мог я астацца!..
Мне яго ўспамінанне
Ды па мне бедаванне –
Ўсенькі гэныя жалі
Косцяй ў губе стаялі:
Каму ўцеха, забава,
А мне выйшла няслава!..
Хаця ён – маладой
З панскай добрай душой
Майго гора не ведаў...
Я б ж? хацеў толькі з едаў
Усіх гэных звярнуцца,
Найдалей апынуцца,
Каб злажыці манаткі
Ды ўцячы без аглядкі!
Вось і кошык гатовы.
Шапку ўздзеў на галову
Ды пальточка на плечы
Я гатоў да уцечы!..
«Ну, дык будзь жа здароў!»
I без лішніх там слоў
З Казюком абняліся
Ды з сабой рассталіся!..

Я стаю ужо на ганку
Ды бацькаву хвурманку
Паглядаю скрозь вокам
На дзядзінцы шырокім...
Шмат бо была канёў
Ды з званкамі санёў,
Што паноў тых і паняў
Прывязлі на сняданне...
Ды ні бацькі, ні санак
Міжы панскіх хвурманак
Не чуваць ані духу...
Аж ў тым шэпча над вухам
Дворны лёкай паганы,
Што вун там, ля паркану,
Да хлявоў дзе дарога,
Каля санак «з убога»
Бацька здаўна чакае...
Пракляў ў душы лякая
За ягоны парады!..
Ды хоць вельмі нярады,
Мушу йсці пехатой
Праз хвурманак пастой
Прад палацу вакнамі!.
Чуць не плачу слязамі
Над нядоляй сваёй;
Пэўна, шмат хто з гасцей
Будзе ў вокны ўзірацца.
Нада мною смяяцца –
I барон, і Марыля,
I ўся панска хэўрыля!.
Стала мне гарачэ...
Хоць мароз аж пячэ
Ветрынёй студзяной,
Снег скрыпіць пад нагой,
Я не йду, а ляту –
Кабы скончыць бяду!

Вось ўжо сані ды татка...
I не знаю: парадкам
Якім сталася гэна
Толькі нейкая змена
У маёным паняцці
Пачала наступаці...
Стала стыдна мне стыду,
Паказаўся я брыдай
Для сябе нат самога...
Застыдаўся я – кога?
Свайго роднага таты!
Сваёй роднае хаты!
Сваёй роднай сярмягі!
Сваёй роднай павагі!
Сваёй роднае мовы –
Беларускай – вясковай!
Бяды свае з мусу!
Ды што я – з беларусаў!..

Памаленьку, памалу
Праясняцца мне стала
Ўсіх адносін загадка,
Палажэння, парадкаў,
Што пануюць на свеце –
Мы ж сям’і аднэй дзеці!..
А жыццёвы варункі
Ды ўсялякі рахункі
Раздзялілі народ
На вярхі ды на спод –
На багатых паноў,
На бяду – беднякоў...
Адны ў пекным адзеты
I зімою і летам –
Добра маюцца ўсёгды...
Так праходзяць ім годы:
Быць у нейкім у сне,
Быць у вечнай вясне!..
А другія – ў бядзе,
Што ўвакол іх гудзе
Ды к няшчасцю вядзе,
Па жыццёвай грудэе
Валакуць свае лямкі...
Не чапаюць нат клямкі
Тых да шчасцейка дзвераў
Ды жывуць жыццём звераў,
Жыццём гора-нядолі
Ды ўсялякай няволі!..
Стала ясна мне ясна:
Што да гэных няшчасных,
Усё жыццё працавітых,
Ўсім і ўсімі прыбітых, –
Я павінен схінацца
Ды ім сэрцам аддацца!
Усягды быці з імі,
З бедакамі сваімі:
З іх я целам-крывёю –
З імі быць трэ душою!..
Трэба мне літавацца
(А не то што стыдацца!),
Напрагчы свае сілы
Для карысці для мілых
Братоў шэрых вясковых...
Вучыць поступкам, словам, –
Як змагацца з нядоляй,
Каб багатшымі болей
Былі ў розум і сэрца.
Не былі ў паняверцы!
Каб іх хата бальшэла,
Цяпла, свету больш мела!
Кабы бедныя нівы
Былі больш урадлівы!
Ды каб быў больш здаровы
Ўвесь народ мой вясковы!..

Думкі гэны –другія,
Хаця сілай цяжкія,
Скрой-маланкай бліснулі
I – душу закранулі!
Гэны міг быў мне векам.
I я стаў чалавекам!
Другім-іншым – і новым –
З другім чуццём, галовай!..
Ўсю жыцця шумавіну
Розум прыткі мой скінуў!..
Ды убачылі вочы,
Што было у змурочы
Пад плашчом дзецінады...
I быў вельмі я рады
Праўдзе болю святога!
Ўжо не стыдна нікога:
Ні барона й Марылі.
Ні жыцця камарылі!..
Падбег борзда к татулю
Ды як добры сынулек
Ўцалаваў яго рукі –
Быццам з доўгай разлукі!..
З ім гаворку пачаў,
Памагаці тож стаў
(Не стыдаўся нізвання!)
Папраўляць упраж, сані...

З мінай пэўнай мы селі
Ды на «двор» паглядзелі...
I адважна і смела.
(Ніякога мне дзела
Не было – ці ўзіраўся,
Ці хто плакаў, смяяўся...
Я сядзеў з татам мілым
I пачуў ў сабе сілы...
Быў на ўсенька гатовы!)
Дык з двара па жыццёвы
Я паехаў дарогі –
Кінуў панскі парогі!..

Вось якое здарэнне
Апісаць замярэннем
Было – з дзецінады!..
Ці патрапіў? даў рады?
Гэта меншая рэч:
Скінуў працу я з плеч!

Вёска Капанікі, 13 студзеня 1905 г.



Крыніца: Гарун А. Выбраныя творы. Уклад., прадм., камент. У. Казберука. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. – 448 с.

 

Похожие статьи:

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Калядная вячэра

Пераказы, дыктантыБатлейка – калядны лялечны тэатр

ККалядка

Пераказы, дыктантыКаляды

Артур ВольскіАртур Вольскі - Калядкі