Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хіязм

   Хіязм [ад грэч. chiasmos – размяшчэнне чаго-небудзь у выглядзе грэчаскай літары X (хі)] – від сінтаксічнага паралелізму , пры якім члены другой часткі складанага сказа (у паэзіі – другой часткі фразы, звычайна ў 2-м паэтычным радку) стаяць у адваротным парадку; адна са стылістычных фігур. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення выразнасці мастацкага апісання: «...служыла салдатам сасна – для труны, // для крыжа – бяроза» (Аркадзь Куляшоў); «Па нівах тваіх, па тваіх гаях //сынава сэрца рыдае» ( Пімен Панчанка).
   Спецыфічным выразным сродкам з’яўляецца хіязм, дзе адно са слоў паўтараецца ў абедзвюх частках фразы: «... страціў спадчыннае слова – // штосьці страціў у душы абавязкова» (Ніл Гілевіч); «Мы жывем і любім так Радзіму, // каб Радзіма палюбіла нас» (Сяргей Грахоўскі).
   Амаль пастаянным прыёмам з’яўляецца хіязм у адмоўным паралелізме, у яго складзе ўжываюцца словы з процілеглым (антанімічным) значэннем: «Я не буду доўга, //зараз жа вярнуся...» (Якуб Колас).

Л. А. Антанюк.

Крыніца: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы – Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 512 с.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.