Назаўтра атрымаў Лабановіч пакет, у якім паведамлялася, калі і дзе будуць праводзіцца экзамены. Экзамены прызначаліся на панядзелак, а ехаць трэба было па чыгунцы вёрст за пяцьдзясят. У той жа самы дзень, калі было атрымана паведамленне, прыйшлі і вучні. Яны дамовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам.
У нядзелю рана, на ўсходзе сонца, настаўнік са сваімі вучнямі садзіўся ў вагон. Поезд крануўся з месца.
Лабановіч стаяў каля расчыненага акна. Штосьці прыемнае і радаснае западала яму ў душу ад тых новых малюнкаў і ад гэтага размашыстага бегу машыны. Хутка адыходзіла назад станцыя з высокай вадакачкай, закрываючыся свежай зеленню раслін. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Хутка з’яўляліся і знікалі ўсё новыя і новыя малюнкі гэтага зачараванага краю. Балоты канчаліся, каля дарогі ўставалі высокія сцены бору, які перасякаўся вясёлымі палянкамі. Там-сям віднеліся на іх людскія будынкі, а бярвенні гэтых будынкаў, асветленыя сонцам, здаваліся маршчынамі на разумным твары чалавека, які многа думае і разважае. Вясёлыя палянкі акружалі пышна-зялёныя хвойнікі на жоўценькім пясочку. А як прыгожа вілялі і беглі ў хвойніку каляінкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх так рэдка праязджаў сялянскі воз! Вельмі родным, мілым, даўно знаёмым веяла ад аксамітных абрысаў маладога жыта і ад кволых бледна-вясёлых усходаў ранніх аўсоў.
Лабановіч стаяў каля акна, як зачараваны, і не адводзіў вачэй ад простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця. Стаяў да таго часу, пакуль поезд не стаў набліжацца да той станцыі, дзе трэба было выходзіць.
Выйшлі з вагона і пайшлі шукаць школу. Школа была не вельмі далёка ад станцыі, і шукаць яе прыйшлося нядоўга.
Школа была зачынена. Лабановіч пастукаў, крыху пачакаў, але ніхто адтуль не адклікаўся. Нарэшце Лабановіч убачыў званок. Пазваніў.
Тут жа адчыніліся дзверы і пачуліся рашучыя крокі, з-за дзвярэй хтосьці строга запытаўся:
– Хто?
– Целыпынская школа.
(294 словы)
Паводле Я. Коласа