Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шлях да адкрыцця
Мусіць, ніхто не ведае дакладна, калі чалавек упершыню заспяваў. Але кожны разумее, што адбылося гэта вельмі даўно. Можа, чалавек тады яшчэ і гаварыць не ўмеў.
Давайце ўявім сабе першабытны лес. І нашага далёкага продка ў гэтым лесе. Сёння ў яго было дужа ўдалае паляванне.
Ён ляжыць на высокім лясным узгорку і шырока раскрытымі вачыма глядзіць на гэты дзівосны свет. Здаецца, ён толькі вось цяпер убачыў яго прыгажосць і спрабуе разабрацца ва ўсім, звесці ў адно гэты разнаколерны цуд.
Раніца. Шалёнасць колераў. Ласка сонца. Перазвоньванне ручаёў. Мяккі туман над дальняй ракой. І ранішняя шматгалосая малітва птушак. А небяспечных звяроў (розных там дыназаўраў) паблізу няма. Ну як тут не заспяваць!
І ён заспяваў. Няўмела, баязліва, ціха. Заспяваў сабе. Але мне здаецца, што ўся прырода на гэты час змоўкла: свет здзівіўся і ўзрадаваўся новаму, не знаёмаму да гэтага, голасу, які па часе адшліфуецца, пасмялее і з якім пасля нялёгка будзе цягацца нават самым галасістым птушкам.
Можа, у такую ж самую раніцу, убачыўшы пад самым носам дзіўны карэньчык, які невыразна нагадваў маленькага дыназаўрыка, чалавек зубамі паспешна пачаў абгрызаць усё лішняе. А калі фігурка стала зусім падобная да сапраўднага маленькага звера, ён, узрадаваны, пабег да сваіх суродзічаў. Майстра не крычаў «эўрыка!» Ён не ведаў яшчэ, што адкрыў скульптуру. Але суродзічы радасна глядзелі на дыназаўрыка. І тут было не толькі мастацтва: цяпер ужо людзі не так палохаліся дыназаўраў. І сапраўды, чаго ж іх баяцца, калі іх можна выгрызаць зубамі са звычайнага кораня...
Потым былі пошукі. Захацелася паспрабаваць свае здольнасці ў новым матэрыяле – у камені, але зубы камень не бралі. Новы матэрыял патрабаваў новага інструмента...
Пакінем яго, дарагія чытачы, аднаго. Хай падумае. Не хвалюйцеся, ён знойдзе адпаведны інструмент. Ён яшчэ створыць сваіх маўклівых каменных ідалаў, якімі будзеце захапляцца, здзіўляцца і вы, многа да чаго раўнадушныя ў сваім XXІ стагоддзі.
Яшчэ ў сваім першабытным дзяцінстве дзікун пазайздросціў птушцы ў палёце. З таго часу ён мысліцель. З таго часу яго думка настойліва працуе над тым, каб абавязкова навучыцца лятаць. Навучыць свае рукі быць крыламі. Што толькі не рабіў дзеля гэтага: і прывязваў крылы да рук, і ўзвіваўся ў неба на паветраным змеі, і падаў са званіц, і разбіваўся насмерць. І ўсё ж дамогся свайго, перамог птушку – сёння ён лётае лепш за яе.
Наогул, мне здаецца, чалавек у сваіх адкрыццях часта ішоў ад казак. Спачатку ў іх ён выдумляў нешта нерэальнае, але вельмі патрэбнае яму, а потым настойліва шукаў, каб спраўдзіць свае мары, ажыццявіць падсвядомыя прароцтвы: асядлаць вецер, падпаліць ваду, замарозіць полымя...
(402 словы)
Паводле Я. Сіпакова
Похожие статьи:
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Пераказы, дыктанты → Чалавек і прырода
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Чалавек
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі пра ўваскрэсенне душы і перамогу чалавека над злом