Вельмі хораша нашы продкі калісьці сказалі пра моцны дождж: лье як з вядра. Стаіш пад такім незвычайным дажджом і табе на самай справе здаецца, што нехта перакуліў на цябе вялікае і бяздоннае вядро з вадою. Імклівы вадаспад (а можа, гэта ўсяго толькі тваё намоклае адзенне) прыгінае цябе да зямлі, і табе да смешнага верыцца ў тое, што такі лівень можа нават паваліць на зямлю.
Звычайна кожны дождж пахне своеасабліва, па-свойму. І гэты пах абавязкова залежыць ад пары года і ад таго, у якім месцы ён цябе застаў. Калі гэта было ў самую квецень садоў і ты стаяў, хаваючыся ад яго, пад яблыняй, грушай ці вішняй у садзе, а буйныя кроплі, збіваючы цудоўныя пялёсткі, абтрасалі з кволых тычынак на цябе, мокрага, жоўты кветкавы пылок, які прыліпаў да твару і валасоў, да адзення і абутку, – такі дождж, зразумела, пах садам у квецені.
Калі ж увосень ён заставаў цябе на полі, каля задумлівага агню, дзе ў прысаку ўжо даходзіла печаная бульба, тады дождж абавязкова пах прыемным, цеплаватым дымком, а таксама той духмянай лёгкай парай, якая выбухае з-пад жоўтай і хрумсткай бульбяной скарынкі, калі яе раптам хутка разломіш.
У жніво дождж пахне свежаю саломаю і даспелым коласам, у пару сенавання – прывялай травой, восенню – пераспелымі слівамі, яблыкамі, бульбоўнікам.
Сённяшні дождж, здаецца, нічым не пах. Проста ён маладзіў, асвяжаў зямлю, якая даўнавата ўжо чакала такой добрай ласкі. І, можа, яшчэ крышачку пах свежасцю – менавіта так пахнуць ранняй вясною пралескі, калі іх раптам унясе нехта ў хату.
(243 словы)
Паводле Я. Сіпакова
Похожие статьи:
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Сонечны дождж
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Дождж
Пераказы → Грыбныя дажджы
Пераказы → Цана дажджавой кроплі
Вера Вярба → Вера Вярба - Дожджык