Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Чалавек паганскай веры

   Чэрвень. Горача. Бязвоблачна. Якуб Колас падоўгу сядзіць на ганку каралішчавіцкага дома. Цярпліва адганяе свежавыламанай галінкай камароў, якія ў тое лета літаральна заядалі тутэйшае насельніцтва.
   Перад змрокам гукае Міхася Лынькова:
   – На работу, Міхале!
   Лынькоў паліў касцёр. Паліў яго са смакам, умела, то даводзячы да вялікага полымя, то абкурваючы ўсіх сінім дымком ад знарок накіданых сырых яловых лапак.
   Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Тады Канстанцін Міхайлавіч паўтараў вострае слоўца, якое пусціў у абыходак Кандрат Крапіва: усе, хто едзе ў Каралішчавічы на адпачынак, павінны атрымліваць у Літфондзе ў дадатак да пуцёўкі хвост – абмахвацца ад камароў.
   На лаўцы пад высокай разлапістай ялінаю ён размаўляе з маладым, па-маладому ружовенькім паэтам. Дрэва – на паўдарозе ад дома творчасці, дзе ўсе мы жывём, да сталоўкі. Дарогі ўсяе тут метраў трыста, але Канстанцін Міхайлавіч, ідучы туды і назад, абавязкова робіць прывал. Не заўсёды ад зморы. Проста яму прыемна пасядзець на лясной сцежцы, паслухаць птушак, перакінуцца словам з сябрамі. І яшчэ. Тут ён штодня падпякае калючым слоўцам не так густы падлесак, што не дапускае ветру пад наш дом, як нядбалых гаспадароў лесу. Асабліва хвалюе Канстанціна Міхайлавіча, што асіннік, вербалоз і іншая лясная дробязь глушаць мілыя сэрцу дубкі…
   Некалькі разоў прабіраў ён леснікоў і лясніцтва. Потым недзе пажаліўся. Лес працерабілі, пачалі гэта рабіць рэгулярна, і тоненькія хлысцікі дубоў паразрасталіся ў дужыя высокія дрэвы.
   Ноччу ішоў дождж. Каля лаўкі стаяць лужыны вады. Яшчэ зусім рана, але ў паветры парыць. Усё паказвае на навальніцу.
   Канстанцін Міхайлавіч скінуў лёгкія хадакі і сядзіць босы. Час ад часу акунае пальцы ў цёплую лужынку. Ногі ў яго, нечакана для магутнага леснікоўскага заводу, вельмі малыя, як дзіцячыя. На ўсе ўгаворы абуцца толькі махае рукою.
   – От вы, дзівакі-людзі! Трэба ж мне босаю нагою зямлі дакрануцца! Хоць раз на год. Сілы набрацца, паспрабаваць, ці моцна стаю на ёй. А можа і яна падалася, пачала гойдацца на восі.
   Канстанцін Міхайлавіч увесь час усміхаецца. Добры настрой падмацоўвае начная навальніца і тое, што дождж збіраецца зноў. Ён добра спаў, толькі што гладка пагаліўся і выглядае зусім маладым.
   – Я, браток, – кажа ён паэту, – чалавек паганскай веры. Дарэмна яе так зняважліва празвалі хрысціяне. Ці можа наша слова "паганец" грубейшае за рускае "язычнік"? Паганцы верылі толькі зямлі. У гэтым сэнсе я ім родны брат. Зямля – мая родная маці. Гэта, вядома, рэшткі сялянскай псіхалогіі…
   Канстанцін Міхайлавіч, жмурачыся ад сонца, глядзіць на свайго суразмоўніка.
   – Ты ж таксама мужыцкай косткі. Павінен разумець. Зямля карміла і корміць селяніна. А ён ёй пакланяецца за гэта… І наогул зямля, і наша – Беларусь…
   Паэт успамінае радкі Коласа… Пра тое, што зямля аснова ўсяго… Але Канстанцін Міхайлавіч яшчэ не скончыў, не выказаў свае думкі.
   Я ў вайну столькі гаварыў пра Беларусь. Пісаў артыкулы, вершы друкаваў, выступаў на сходах у Маскве, у Ташкенце. Расказваў аб горы нашай зямлі ўсім знаёмым і незнаёмым. І што ты думаеш? Пасля вайны сюды вярнулася многа людзей, што былі ўжо адышлі ад Беларусі. І гавораць мне: гэта ты дапамог нам вярнуцца, бо шмат гаварыў аб харастве і болі нашай зямлі.
   Канстанцін Міхайлавіч крыху нагінаецца і пазірае ў вочы паэту:
   – Як бы ты сказаў? Гэта многа ці мала?
 
Паводле М. Лужаніна

 

Похожие статьи:

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»