Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цішыня і прастора

   Пад абрывам, бліжэй да ракі, высяцца старыя, дзябёлыя алешыны, шырока і нізка аплываюць косамі вербы, страката бялеюць тры смялейшыя бярозы, цямнеецца, пабліскваючы шышкамі, адна яліна. Далей, вышэй ад вады, бяроз больш, пракідваюцца нават сухапутныя красуні-сосны. Пад дрэвамі густа, пякуча тоіцца крапіва, буяе чырванню гронак каліна, стаяць сабе па-малечы пацешныя рабінка з нясмелымі ягадамі і стромкі кусцік ядлоўцу. На самым краі высокага абрыву соснаў больш. Гаспадаром рассеўся сталы дуб. Зялёным воблакам узвышаюцца пад блакітам ліпы, звесіўшы голле, ужо без цвету, над гладкай сцежкай у траве.
   Там, наверсе, – платы, садочкі з вуллямі, светлыя вокны, грады, лагодная прастора яшчэ зусім зялёнага бульбяніку, за якім дарога, у спёку пыльная, а за дарогай – лес.
   Стаўшы на сцежцы плячыма да лесу, добра глядзіцца зверху, паміж дрэў, на Нёман, які, хоць недарма завецца быстрым, люструецца вельмі спакойна, нібы зусім не плыве. За ракой – лугі, за якімі, на даляглядзе, пушча. Лугі пакошаны ў пару, месяц таму назад, і ўжо добра падмалёваны атавай, на якой застылі ў спакойным чаканні стагі, што будуць перавезены адтуль на фермы зімой. Сям-там відаць цёмна-зялёныя астраўкі яшчэ нярослага дубняку і дубы-адзінцы. Каля стагоў і дрэў рака, то ў лазняку, то голая, пятляе нібы знарок так гулліва, каб зверху гэта выглядала весела.
   Росна і сонечна. Над найкруцейшай, найбольш капрызнай пятлёй ракі ўздымаецца варухлівы туманец – пара не пара, дымок не дымок, – як быццам недзе там ціхенька варыцца ранняе снеданне.
   Дрэвы з абрыву і бліжэйшыя дрэвы на лузе заціхлі ў заспакоена ўрачыстым сузіранні, глядзяць адны на адных і маўчаць. Моўчкі стаяць багатыя стагі. А на адным з іх, бліжэй да Нёмана, чорна-чырвона значыцца сціплы бывалец бусел. Яшчэ два стаяць на атавіста светла-зялёнай пакошы, кожны сабе. Проста стаяць ды глядзяць. Той, што на стозе, дык і крылы склаў неяк наперакос, апусціўшы іх, расслабіўшыся ў поўным адпачыне. Пасля ён не вытрымаў такой раскошы моўчкі, задзёр працавітую дзюбу і радасна заклекатаў. І тут жа яму адказалі сябры на траве – бліжэйшы, а за ім і той, што далей.
   Ах, колькі радасці!..
   Прыгадалася, ярка з’явіліся ў памяці, амаль праз паўвека, тыя дні, калі я толькі-толькі ўваходзіў у юнацтва.
   Гэты самы Нёман, але не сонечным жнівеньскім ранкам, а насцярожана і ўрачыста белым, марозным досвіткам. Рака пад лёдам, на лёдзе тоўста снегу, дарога добра ўезджана. Коні дружна бягуць адзін за адным. Я мякка сяджу на мяху з сенам. Белае рэчышча віляе паміж кустамі, не зусім схаванымі пад снегам, дрэвы, што знізу, ад снегу, цёмна лезуць ажно пад неба над табой. Першы знак новага дня – агнявая палоска нясмелай яшчэ зары над далёкім грэбенем лесу. Так і здаецца: вось, вось яно прыйдзе – штосьці даўно чаканае, добрае! Нават і капыты так выстукваюць: вось, вось, вось!..
   Коні спакваля перайшлі на ступу: спачатку першы ці першая (чый там конь ці кабыла чыя?), а потым і ўсе, увесь маўклівы парожні абоз.
   І тут за мною, ззаду і збоку, мякка і хутка пачулася рыпенне снегу пад хадакамі. Дзядзька Міхаль, сусед, які ехаў следам, дагнаў мае сані і гупнуў-сеў перада мною ў нагах. Чалавек ён маўклівы, калі не пануры, а тут яму закарцела чагосьці, як блазну да блазна, – прыбег. Пагаварыць пра што пільнае? Не, ён сядзіць і маўчыць.
   Маўчаў нядоўга. Але, памаўчаўшы, не гаварыць пачаў, а раптам заспяваў. Глуха, прыцішана, можна сказаць, безгалоса. І не песня была гэта, а толькі ўрывачак яе, адзін узлёт...
   Што за дзіва, чаму?
   А потым зноў урачыстая цішыня і прастора. І ў вышыню, і навокал…
(550 слоў)

(Паводле Я. Брыля)

 

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая