Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цар звяроў ледавіковай эпохі

   Мамант. Жывёліна вагою больш за пяць тон і вышынёю каля трох з паловай метраў, з тоўстай скураю і густой бурай поўсцю. Падобны да слана. Але большы і на спіне мае горб, у які назапашвае тлушч на зімовую бяскорміцу.
   Мамант – цар звяроў. Дужэйшага за яго няма. Але чалавек хітрэйшы і таму перамагае маманта. Выкопвае лоўчыя ямы на мамантавых сцежках, падсцерагае каля правалаў у вечнай мерзлаце.
   Сапраўднае свята пачынаецца, калі ўпаляваны мамант. Гэта на шмат месяцаў смачнай ежы, косткі для паліва і будаўніцтва жылля, шкуры для стрэх на хацінах, тлушч для асвятлення памяшканняў. А біўні! З гэтага цвёрдага і адначасова падатлівага крамянёваму інструменту матэрыялу можна вырабляць столькі неабходнага першабытнаму чалавеку: наканечнікі дзідаў, кінжалы, іголкі, шылы, пацеркі, бранзалеты і, нарэшце, фігуркі звяроў і людзей.
   На большасці стаянак археолагі знаходзяць косткі мамантаў, часам ад соцень асобін. Магчыма, дзякуючы паляванню на іх наш продак і выжыў у незвычайна суровым клімаце ледавіковай эпохі.
(147 слоў)

Паводле М. Чарняўскага