Пра ваўкоў расказваюць рознае. Звычайна ў такіх расказах усе яны дурні. Ачэпяць паляўнічыя чырвонымі сцяжкамі месца аблавы – ваўкі мітусяцца ў аблозе як апантаныя, пакуль не трапяць пад кулі. Здагадацца, што шпагаціна са сцяжком нават для мышы не перашкода, яны не могуць.
Але, відаць, не ўсе ваўкі – дурні. Ёсць і разумныя. Аднаго такога я бачыў на свае вочы.
Давялося мне аднойчы пасвіць авечак. Дзень быў цёплы, сонечны, авечкі пасвіліся спакойна, а я плёў кош з лазы. Усё ішло як мае быць.
Адвячоркам чарада падышла да лесу. Раптам бачу: авечкі шуганулі ад лесу, збіліся ў кучу. Гляджу: аж там воўк. Я так і самлеў ад страху.
Тым часам воўк павярнуўся і паскакаў, як авечка, у бок лесу. Скокне разы два-тры, азірнецца і зноў пайшоў далей. Авечкі асмялелі, адна замэкала прызыўна і пабегла да лесу, за ёю другая, трэцяя. А воўк усё скача, падахвочваючы авечак. Калі ж авечкі падбеглі бліжэй да лесу, ён сігануў да чарады і схапіў самую першую авечку. Чарада зноў шарахнулася назад. Цяпер, відаць, авечкі разабраліся, хто іх вабіў бліжэй да лесу.
Увечары бацька спачатку насварыўся на мяне: як гэта я, разявака, загледзеўся на воўчыя хітрыкі і не прагнаў яго з поля! А потым, як адышла злосць, расказаў, што такімі хітрыкамі ваўкі не раз спрабавалі ашукаць авечак і раней. Ваўкі ведаюць, што авечкі не баяцца таго звера, які ўцякае ад іх. Калі ж яшчэ гэты воўк танцуе перад імі, як свая родная сястра, дык уцякаць ад яго тым больш няма патрэбы. А можа, яны проста бягуць за ваўком, каб лепш разгледзець, хто іх напужаў.
Даўно гэта было, а я і цяпер часта ўспамінаю той выпадак, калі чытаю або слухаю апавяданні і казкі пра ваўкоў-дурняў.
(276 слоў)
(Паводле А. Якімовіча)
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аўтамат
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Байка пра казла
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Хітры воўк
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аладкі