Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хатыніцкія грыбнікі

   Адгарэла восень залаціста-чырвонымі барвамі. Абляцела жоўта-бурае лісце асін, бяроз, клёнаў. Яшчэ ніжэй схілілася і пабурэла трава прыбяседскай поймы каля Хатынічаў – звону касы яна так і не дачакалася. Вільготны, пругкі норд-вест прынёс свінцова-шэрыя балтыйскія хмары. Некалькі дзён амаль без перадыху сыпаў дробны золкі дождж.
   А потым, на пачатку лістапада, выбліснула зыркае сонца, ласкавае, але не гарачае, быццам позняе каханне. Сонца высвеціла ўсё наваколле: голую дуброву каля Бабінай гары, цёмна-зялёныя густакосыя, бы нявесты перад шлюбам, елкі, пяшчотна-зялёныя непралазныя купчастыя хвойнікі. У маладым хваёвым лесе любяць расці казлякі. Іх там высыпае гэтулькі, што хоць касу закладай, але нічыя рука не збірала бліскуча-карычневыя, знізу жоўта-белыя, як сыр, грыбы: менавіта яны, казлякі-масляты, найбольш назапашваюць радыенукліды. Набіраліся гэтых клятых нуклідаў і іншыя дарункі лесу.
   Пётр Мамута і Юзя добра ведалі пра гэта і ўсё ж выбраліся ў грыбы. Паездка аказалася ўдалай. Нарэзалі два кашы з коптарам маладзенькіх казлячкоў, крамяных жаўтлявых гусак – так у Хатынічах называлі зялёнкі. Трапляліся ў траве на ўзлессі белавата-ружовыя рыжыкі, знайшлі некалькі баравікоў, ужо не цёмна-карычневых, як у жніўні, а светлых, з далікатным загарам, на кароткіх тоўстых ножках: галавы грыбы ўжо надта не задзіралі, бо халадэча прыціскала да зямлі, прымушала хавацца пад мохам, прыкрывацца шыгаллем.
   Пашанцавала натрапіць на апенькі. Пад высачэзнымі елкамі знайшлі некалькі пнёў, абсыпаных грыбамі. Але верхнія пастарэлі, пабурэлі, пакрыліся белым налётам плесені – не дачакаліся, бедалагі, каб хто іх зрэзаў. Затое знізу падпіралі маладзейшыя, іхнія капялюшыкі нагадвалі пятакі, а былі і меншыя з капялюшыкамі-гарошынамі. Вось гэткай малечы і нарэзалі хатыніцкія грыбнікі. Асабліва радавалася нядаўняя гараджанка Юзя: гэтулькі грыбоў не даводзілася збіраць ніколі.
   Парадкуючы грыбы, даглядаючы гаспадарку, Пётр Еўдакімавіч часта пазіраў на неба, прыслухоўваўся да прагнозаў сіноптыкаў: ён чакаў ціхага, пагодлівага дня, каб уцяпліць на зіму пчол. І вось, на пачатку лістапада, неба, мусіць, стамілася плакаць, вецер разагнаў шэрыя, кудзелістыя хмары, выбліснула сонца. Вымытая ад пылу і бруду прырода заззяла нейкай сарамлівай, сцішанай прыгажосцю.
(294 словы)

Паводле Л. Левановіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГрыбныя дажджы

Пераказы, дыктантыВеснавыя грыбы

Іван ШамякінІван Шамякін - Зона павышанай радыяцыі

Пераказы, дыктантыГрыбы ў павер’ях

Пераказы, дыктантыНастасін гай