Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У родным доме

   Трэба наш родны дом зрабіць утульным. Каб душы чалавечай было ў ім хораша, цёпла, светла. Толькі і ўсяго. Але наш дом адно тады стане гэтакім, калі ў ім будзе ўсё тое, што ў родным доме павінна быць, менавіта:
   калі ў ім будзе свабодна і натуральна, з ранку і да ночы, з вуснаў і старых і малых гучаць роднае слова;
   калі ў ім будуць чуцца пяшчотныя матчыны песні і мілагучныя бацькавы цымбалы, мудрыя дзедавы казкі і прыказкі, легенды і паданні;
   калі ў ім будзе чуцён незаменны водар страў, які ты ўдыхаў ад калыскі, – водар найлепшых дароў нашай любай, самаахвярнай і мнагацерпнай зямлі-карміцелькі;
   калі ў ім будзе вабіць твой зрок, і зачароўваць, і глядзець у душу табе – з пакрывалаў і посцілак, з паясоў і сурвэтак – «цвяток радзімы васілька»;
   калі ў ім на стале, на белым абрусе, побач з боханам хлеба надзённага будуць ляжаць кнігі Бібліі Францыска Скарыны, кнігі Кастуся Каліноўскага і Францыска Багушэвіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага і многія іншыя кнігі свяшчэннага пісання нашага;
   калі ў ім на самым пачэсным месцы, на покуце, пад ручнікамі, будуць абразы найвялікшых, найслынных сыноў і дачок Бацькаўшчыны – абразы святых і прасвятых зямлі Беларускай.
   А будзе ўсё гэта ў нашым родным доме толькі тады, калі мы захочам, каб было.
(208 слоў)

Н. Гілевіч