У Рэчыцу Саша не паехала. Яна разважыла інакш: недалёка за Дняпром і Сожам яе родная вёска, бацькоўская хата, а таму патрэбы няма ехаць некуды ў белы свет. Дома яна будзе ў поўнай бяспецы, бо калі нават ворагу ўдасца дайсці да Дняпра, то туды, за дзве вялікія ракі, яму ніколі не прарвацца. У гэтым яна была ўпэўнена. Таму толькі тады, калі ў наваколлі з’явіліся вайскоўцы і пачалі будаваць умацаванні, Саша рашылася адправіцца ў дарогу. Ёй цяжка было развітвацца з мясцінай, дзе кожная рэч напамінала пра Пецю і пра іх шчасце.
Гаспадыня Аня ўзяла ў калгасе каня і сама ехала за фурмана. Калі пагружаліся, Саша здзівілася, што ў яе сабралася так многа рэчаў.
Два дні назад, па ўказанні райкама, калгасныя пасевы раздалі калгаснікам і інтэлігенцыі. Сашы таксама далі сотак дваццаць. Гэта ўстрывожыла: дрэнная прымета. Уласна кажучы, не столькі вайскоўцы, колькі падзел пасеваў прымусіў яе хутчэй ехаць адсюль.
Нарэшце і мяшок з жытам пакладзены на воз. У хаце засталося самае дарагое – дачка. Саша пайшла па яе. Палавіна, дзе жыла маладая жанчына, здалася цяпер залішне вялікай, пустой і ад гэтага няўтульнай. Саша спавіла малую, узяла на рукі. Гаспадыня памалілася на абразы. Сашу неяк вельмі ўсхвалявала гэта, захацелася плакаць, але яна стрымалася. Яна не ведала яшчэ, што за ракой ужо немцы, што гэта хаціна стане яе домам на ўсю доўгую вайну.
(219 слоў)
Паводле І. Шамякіна
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Праўда-памяць
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Дарога праз лес
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Алёша-разведчык
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Партызанскі фотаздымак