Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Станаўленне тэатральнага мастацтва на Беларусі
Беларускае нацыянальнае прафесійнае сцэнічнае мастацтва ўзнікла на аснове і ў выніку развіцця і пашырэння на тэрыторыі Беларусі, з аднаго боку, тэатра ў яго фальклорных формах і праяўленнях, а з другога – пад уплывам тагачасных формаў еўрапейскага тэатра, асабліва рускага, украінскага, польскага.
Да народных формаў тэатра ў першую чаргу разам з тэатральнымі абрадамі і гульнямі адносіцца мастацтва скамарохаў. Традыцыі скамарохавых паказаў, што ўзніклі яшчэ ў старажытнасці, працягваліся практычна да рубяжа ХІХ – ХХ стст. З канца ХVІ ст. пачынае сваё жыццё новы від народнага тэатральнага мастацтва – лялечны тэатр батлейка. Пазней шырока распаўсюджваецца народная драма, якая бытавала таксама ў Расіі і на Украіне. Паралельна з гэтымі відамі тэатра з ХVІ ст. існаваў школьны тэатр пры каталіцкіх манастырах і праваслаўных брацтвах. Гледачоў у гэтых тэатрах часта прыцягвалі не столькі шматслоўныя п’есы на рэлігійна-маралізатарскія тэмы, колькі невялікія сцэнкі – інтэрмедыі з народнага жыцця, часта камедыйна-сатырычнага характару, якія паказваліся паміж дзеямі спектакля. Нарэшце, з другой палавіны ХVІІІ і да пачатку ХІХ ст. на Беларусі існаваў прыгонны гарадскі і сядзібны тэатр. Такіх тэатраў было больш за дзесяць. Працавалі яны на рускай і польскай мовах. Тут мы ўжо маем справу, па сутнасці, з прафесійным тэатрам, якому былі даступныя асноўныя сцэнічныя жанры – драма, опера і асабліва балет. Вядома, напрыклад, што балетная трупа прыгоннага тэатра ў Гродне, што ўзнікла ў 60-я гады ХVІІІ ст., была пазней перададзена польскаму каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Гэтая трупа стала асновай "Таварыства танцоўшчыкоў яго Каралеўскай вялікасці". Яна потым прыводзіла ў захапленне сваімі выступленнямі нават варшаўскую публіку, якая бачыла рознага роду відовішчы. Пра маштабы спектакляў некаторых прыгонных тэатраў можна меркаваць па звестках аб адным з паказаў ў прысутнасці Кацярыны ІІ у Шклове, калі дэкарацыі змяняліся семдзесят разоў.
З канца ХVІІІ ст. і асабліва ў другой чвэрці ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі шырока распаўсюджваюцца гарадскія і прыватныя прафесійныя тэатры, якія працавалі на польскай, рускай і ўкраінскай мовах і гастралявалі па розных гарадах. Дзейнасць іх паўплывала на развіццё тэатральнай культуры Беларусі і, што асабліва важна, падрыхтавала глебу для ўзнікнення беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра.
Першую рэальную спробу стварэння такога тэатра зрабіў выдатны пісьменнік, драматург і сцэнічны дзеяч В. І. Дунін-Марцінкевіч. Яму належыць выключная роля ў гісторыі беларускага тэатра. Пісьменнік арганізаваў у Мінску музычна-драматычны гурток, які садзейнічаў яго тэатральным пачынанням. Вакол Дуніна-Марцінкевіча групуюцца прадстаўнікі перадавой разначыннай інтэлігенцыі, у тым ліку драматург А. Вярыга-Дарэўскі, пісьменнік У. Сыракомля, будучы выдатны кампазітар С. Манюшка і інш.
Тэатр В. Дуніна-Марцінкевіча ў бытнасць яго спачатку ў Мінску, а потым Люцынцы з’яўляўся своеасаблівым ачагом беларускай нацыянальнай культуры. Яго дзейнасць хоць і не завяршылася стварэннем пастаяннага прафесійнага тэатра, але тым не менш з’явілася прыкладам, па ўзору якога разбіліся неаднаразовыя спробы арганізацыі тэатральных калектываў у гарадах і вёсках Беларусі. І калі б не перашкоды, што чыніліся царскімі ўладамі развіццю беларускай нацыянальнай культуры, тэатр аформіўся б як прафесійны яшчэ пры жыцці В. Дуніна-Марцінкевіча. Аднак грамадскія і палітычныя ўмовы на Беларусі складаліся так, што нацыянальныя тэатральныя традыцыі, закладзеныя Дуніным-Марцінкевічам, атрымалі далейшае актыўнае развіццё толькі пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг.
(480 слоў)
Паводле У. Няфёда
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Тэатральны этыкет
Алесь Бадак → Алесь Бадак - У тэатры
Пераказы, дыктанты → Вялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі